Саветы за работай Дэпутатам быць адказна 9.02.10, № 10
Той, хто хаця б раз у жыцці ўжываўся
ў роль дэпутата, адназначна заўважыць, што гэта вялікая адказнасць перад
выбаршчыкамі, якія даверылі менавіта табе вырашаць свае набалелыя пытанні. Што
тычыцца дэпутата Асіповіцкага райсавета Віктара Ціхановіча, то за гэты час
паміж ім і яго электаратам склаліся якраз даверлівыя адносіны. Пацвярджаецца
гэта тым, што ў Бабруйскай выбарчай акрузе № 11 ён “выбраннікам” ужо два
скліканні. Натуральна, за гэты час добра вывучыў праблемы,
З якімі прыходзяць да яго людзі? У асноўным
яны звязаны з аказаннем паслуг насельніцтву такімі прадпрыемствамі, як
“Райсервіс”, “Водаканал” і УКП ЖКГ.
— Пытанні гэтыя агучыце?
— Яны, на першы погляд, банальныя.
Хтосьці не змог самастойна справіцца з вывазам смецця, камусьці спатрэбілася
дапамога ў асвятленні вуліцы. Шмат выбаршчыкаў звяртаецца з просьбай
абследаваць жылое памяшканне, каб паменшыць грашовыя сумы па аплаце камунальных
паслуг. Здаецца, дробязь, а для чалавека — важны жыццёвы момант, звязаны з
эканоміяй сродкаў.
— Якія-небудзь маштабныя дэпутацкія
запыты паступалі?
— Дапамагаў з абсталяваннем
пешаходнага тратуара па вуліцах Ленінскай і Інтэрнацыянальнай.
— Якую ролю, на Вашу думку,
адыгрывае дэпутацкі корпус у рабоце райсавета?
— Ён служыць перадатчыкам
інфармацыі, якая была ўзята ад выбаршчыка і пададзена на разгляд для вырашэння
на ўзроўні раёна. Не заўсёды дэпутат-начальнік мясцовага значэння ў стане
расставіць усе кропкі над “і” ў вырашэнні праблемы без сур’ёзнай дапамогі з
боку раённай улады. Асабліва, калі гэта звязана з фінансавымі ўкладаннямі.
Наогул жа работа народнага выбранніка — справа адказная і патрэбная.
Грамадскія абавязкі, звязаныя з
дэпутацкай дзейнасцю, Віктар Вячаслававіч умела спалучае з паўнамоцтвамі
кіраўніка. Адно аднаму, як кажуць, не перашкаджае. Мяркуйце самі. Станцыя
Асіповічы транспартнага РУП “Магілёўскае аддзяленне Беларускай чыгункі”, якую
ён узначальвае, па выніках 2008 года заняла першае месца ў рэспубліканскіх
спаборніцтвах за дасягненне найлепшых паказчыкаў сярод усіх рашаючых станцый на
Беларускай чыгунцы.
— Мінулы год выдаўся далёка не
лёгкім, — разважае пра цяперашняе становішча начальнік станцыі, — наступствы
сусветнага эканамічнага крызісу паўплывалі і на нашу галіну. Паколькі асноўны
кліент чыгуначнікаў “Беларуськалій”, які летась спрацаваў усяго толькі на 51%,
то і наш вагонаабарот значна знізіўся да ўзроўню 2008 года і склаў 77,7%.
Аб’ёмныя ж паказчыкі па перавозцы грузаў выкананы з аперажэннем плана. Пачатак
гэтага года парадаваў, ізноў жа дзякуючы таму, што беларускі калійны магнат
запрацаваў на поўную моц. Акрамя гэтага заключаны кантракты на перавозку грузаў
з краінамі Садружнасці і некаторымі еўрапейскімі дзяржавамі.
— Як жыве калектыў станцыі?
— Паказчыкі, якія закранаюць
жыццядзейнасць калектыву, таксама нядрэнныя. Пытанні бяспекі руху і недапушчэнне
траўматычных выпадкаў ставім на першае месца. Сярэднямесячная зарплата складае
1.102 тыс. рублёў — у параўнанні з 2008 годам павялічылася на 118%. Вытворчасць
працы — 119%. Захворванне з часовай стратай праца-здольнасці на 100 работнікаў
паменшылася на 5,2%. Як і на іншых прадпрыемствах, ладзяцца
культурна-спартыўныя мерапрыемствы.
— Якія планы на будучыню ў дэпутата,
начальніка і проста чалавека?
— Як карэнны жыхар Асі-повіч мару,
каб наш горад нічым не ўступаў па ўтульнасці і дабрабыту лепшым еўрапейскім.
Калі вельмі пастарацца, то агульнымі намаганнямі можна дасягнуць пэўных
вышыняў, у тым ліку — стаць і сталіцай “Дажынак”, патэнцыял для гэтага ёсць. Як
начальнік — каб усё атрымалася ў намерах з рэканструкцыяй станцыі.
— Сям’і вольнага часу крыху
застаецца?
— Клопат пра дамачадцаў — адзін з
асноўных абавязкаў мужчыны. Як бы ні быў загружаны на працы, а сям’я павінна адчуваць
не толькі прысутнасць у хаце гаспадара, але і спадзявацца на яго ў любой
сітуацыі. Быць добрым сынам, справядлівым бацькам, а ў будучым і мудрым дзедам
— ніхто ніколі не адменіць гэтую беларускую традыцыю.
Гутарыла Ніна ВІКТОРЧЫК.