Днямі Магілёўскае абласное ўпраўленне Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва падвяло вынікі работы за 2011 год. Першае месца прысуджана Асіповіцкаму раённаму аддзелу Фонду, калектыў адзначаны Ганаровай граматай.
Аб поспехах, праблемах і людзях, якія працуюць, і ідзе гутарка з яго кіраўніком Марыяй ШУКАЛОВІЧ.
— Марыя Іванаўна, ваш Фонд уяўляецца скарбонкай, куды паступаюць і адкуль бяруць грошы на розныя сацыяльныя выплаты. Так?
— Уяўленне, увогуле, правільнае, але гэта частка абавязкаў, якія ўскладзены на нас. Мы не толькі збіраем сродкі на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне — на выплаты па бальнічных лістках, дапамогу на дзяцей, пенсіі і г.д., а яшчэ вядзём індывідуальны ўлік звестак пра застрахаваных асоб, у тым ліку для прафесійнага пенсійнага страхавання.
— Праз рахунак аддзела праходзяць, пэўна, мільярды?
— Так, летась паступіла 116,4 мільярда страхавых узносаў. Гэтых сродкаў на выплату пенсій у раёне не хапае, збіраем каля 90%, астатнія паступаюць з рэспубліканскага Фонду.
Расходы таксама вымяраюцца мільярдамі і мільёнамі рублёў. Да прыкладу, летась выплачана дапамог па часовай непрацаздольнасці на 9,7 мільярда рублёў. Жанчыны атрымалі дапамогі па цяжарнасці і родах на 1,8 мільярда рублёў, на нара-джэнне дзяцей выплачана 1,3 мільярда, на дзіцячыя дапамогі — 6,3…
— І колькі ж чалавек спраўляюцца з такім аб’ёмам работы?
— Поруч працуюць мой намеснік Ала Ліхадзіеўская, галоўныя інспектары Таццяна Даніленка, Алена Сувалава, Вячаслаў Козел, Наталля Кніга, а таксама вадзіцель Алег Вікторчык.
— Як вядома, аддзел Фонду існуе з 1991 года. Непасрэдна Вы тут працуеце колькі часу?
— 8 гадоў, а ўзначальваю службу адносна нядаўна. Дасталася добрая спадчына, а па пракладзенаму шляху рухацца лягчэй. Каля самых вытокаў стаялі Яўген Урублеўскі і мая папярэдніца Зоя Ліпатава. Добрым словам успамінаем у калектыве і пен-сіянераў Валянціну Санковіч, Ядвігу Чыгілейчык, Святлану Яшчук. Запрашаем іх на святы, рады, калі яны прыхо-дзяць у госці.
— З чаго ўсё пачыналася?
— З рэгістрацыі страхавальнікаў раёна. Гадоў 10 таму іх колькасць складала прыблізна 600, сёння зарэгістравана 589 арганізацый і каля 700 індывідуальных прадпрымальнікаў. Працаваць даводзіцца з самымі рознымі катэгорыямі насельніцтва — і маладымі, і пажылымі, таму ўсе павінны ўмець кантактаваць з людзьмі, быць прафесіяналамі. Для нас важна знайсці агульную мову, наладзіць добрыя стасункі са страхавальнікамі. Гэта дасягаецца не за адзін дзень…
— А даводзіцца прымяняць крайнія меры — судзіцца з неплацельшчыкамі?
— Калі ўсе сродкі вычарпаны і іншага выйсця няма, то звяртаемся ў Гаспадарчы суд. Летась судзіліся з 4 суб’ектамі гаспадарання.
— Самае злабадзённае, над чым працавалі ў мінулым годзе?
— Стараліся не дапусціць затрымак па выплаце дапамог сем’ям, у якіх выхоўваюцца дзеці, вырашылі праблему з выплатай грошай на дзяцей работнікаў камерцыйных арганізацый, у якіх працуе да 15 чалавек. Займаліся пытаннямі налічэння дадатковых прафесійных пенсій, сума якіх склала 20,4 мільёна рублёў. Стварылі і перадалі страхавальнікам адно з праграмных забеспячэнняў. На 8 семінарах абучылі каля 250 чалавек, выдалі 1.000 выпісак застрахаваным асобам, правялі 47 праверак у сувязі з ліквідацыяй суб’ектаў.
— Лічбы, лічбы, лічбы… А што акрамя?
— Любім жывыя кветкі. Яны ствараюць утульнасць, падымаюць настрой. Многія, хто бывае ў нас, адзначаюць, што абстаноўка не казённая.
— А чаго пажадаеце калегам?
— Не толькі калегам, а і страхавальнікам, усім, хто дапамагае дасягаць добрых вынікаў — здароўя і дабрабыту. Будзьце з добрымі заробкамі і прыбыткам!