Бягучая восень для рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” у пэўным сэнсе стала знакавай: аматарская суполка адзначыла сваё 90-годдзе і падвяла вынікі работы за пяцігодку.
На мінулым тыдні адбыўся XVI з’езд таварыства, у якім прыняў удзел і старшыня ўстановы «Асіповіцкая раённая арганізацыйная структура РДГА «БТПР” Генадзь Сядоў. Які і падзяліўся сваімі разважаннямі аб зробленым за апошнія пяць гадоў, акрэсліў некаторыя планы на будучыню.
— Наколькі адпавядаюць паказчыкі дзейнасці асіповіцкай суполкі БТПР агульным тэндэнцыям развіцця аматарскага палявання і рыбалоўства ў нашай краіне?
— Лідзіруючыя пазіцыі ў павелічэнні даходнасці паляўніча-рыбалоўнай дзейнасці, развіцці замежнага турызму, некаторых іншых важных накірунках работы займае Ма-гілёўшчына, і, скажам так, нашы паказчыкі агульнаабласную статыстыку не псуюць.
Яскравае сведчанне таму — удзячнасць міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ула-дзіміра Цалко за поспехі ў захаванні біяразнастайнасці і забеспячэнні ўстойлівага карыстання дзікіх жывёл. Што азначае гэтая фармуліроўка, растлумачу на канкрэтных прыкладах. У 2006 годзе мы мелі магчымасць здабываць 55 дзікоў, а ў 2010 — 240. Летась папуляцыя лася, якога раней у нашых угоддзях было вельмі мала, павялічылася да ўзроўню, на якім ужо можна штогод паляваць як мінімум на 2-4 асобіны.
— Якім чынам забяспечваецца ўстойлівасць росту папуляцый дзікіх жывёл?
— На ўсіх паляўнічых дачах арганізацыі існуюць «ціхія зоны” агульнай плошчай 10.000 гектараў, дзе здабыча дзічыны забаронена круглы год. Да таго ж тэрыторыі ўгоддзяў падзелены на ўчасткі, дзе можна весці толькі асобныя віды палявання: на капытных, птушак і г.д.
Пасля пераўтварэння БТПР у дзяржаўна-грамад-скае аб’яднанне, якое адбылося якраз пяць гадоў назад, стала адчувальна лепшым матэрыяльнае забеспячэнне рэгіянальных суполак. Мы атрымалі неабходную тэхніку, з дапамогай якой можам нарыхтоўваць больш кармоў, эфектыўней змагацца з непажаданымі відамі фаўны, выкараняць браканьерства.
Аднак колькасць дзічыны павінна быць збалансаванай: чым больш асобін аднаго віду, тым вышэй верагоднасць уз-нікнення эпідэміі, нанясення шкоды сельгасугоддзям і іншых непажаданых наступстваў лясной «перанаселенасці”. Таму паралельна са стымуляцыяй росту рэсурсаў фаўны трэба імкнуцца да павелічэння колькасці аматараў палявання. Поспехі ў гэтым накірунку пакуль больш сціплыя, але яны ёсць таксама. Так, за студзень-кастрычнік колькасць аматараў палявання сярод асі-паўчан узрасла на 13 чалавек.
Паступова набывае папулярнасць здабыча мясцовай трафейнай дзічыны і ў замежных паляўнічых. Пакуль штомесяц наша суполка абслу-гоўвае 1-2 такія заказы, але, спадзяюся, што гэтая лічба ў хуткім часе ўзрасце. Вясной гэтага года быў зняты фільм аб паляванні на капытных для папулярнага тэлеканала «Охота и рыбалка”. Ён выйшаў у эфір літаральна некалькі дзён назад і, безумоўна, зробіць добрую рэкламу паляўнічым угоддзям Асіповіччыны па ўсіх краінах СНД.
— А ці патрэбна, Генадзь Аляксеевіч, рэклама рыбалоўным угоддзям БТПР?
— Лепш казаць, што з рыбакамі трэба пастаянна весці тлумачальную і выхаваўчую работу. Сёння ў аматараў гэтага занятку ёсць дакладна ўстаноўленыя правы і абавязкі, якія кожны павінен ведаць.
Дарэчы, што тычыцца праў, то іх у асіпаўчан крыху болей, чым у суседзяў. Кіраўніцтва нашага раёна яшчэ ў 2007 годзе прыняло рашэнне аб дазволе вядзення рыбалоўства інтэнсіўнымі спосабамі на Асіповіцкім вада-сховішчы, рэках Пціч, Свіслач, Бярэзіна — за вы-ключэннем участка паміж вёскамі Прыцерпа і Свіслач.
Ну а што да абавязкаў, то, бадай, самы праблемны з іх — засмечванне водаахоўных зон. Тое ж узбярэжжа вадасховішча ў Осаве, якое ўзята ў арэнду асіповіцкай суполкай БТПР, улетку рэгулярна даводзіцца ачышчаць ад смецця, пераважную частку якога складаюць бутэлькі, пластыкавыя пакеты з рэшткамі ежы. Прынамсі, апошнімі нярэдка давяцца гусі мясцовых жыхароў…