Падарожжа па Індыі разам з Аленай Толкач 24.11.09, № 97
Падарожжа па Індыі разам з Аленай Толкач
Што нам вядома пра такую далёкую і загадкавую краіну, як Індыя? Адны скажуць, што ведаем пра яе ў межах школьнага падручніка. Другія прыгадаюць былыя савецкія часы, калі ў кінатэатрах дэманстраваліся індыйскія фільмы, на якія іншы раз дастаць білеты было проста немагчыма. Незвычайнае адзенне, чуллівыя танцавальныя мелодыі і рухі, каларытнасць вобразаў, трагізм сюжэту — усё гэта брала гледача на некалькі гадзін у сапраўдны палон. Бывалі выпадкі, што ад убачанага на экране зала плакала. Зараз пры жаданні таксама можна паглядзець індыйскую кінапрадукцыю на спецыяльным тэлеканале. Трэція маглі даведацца пра Індыю з навукова-папулярных праграм. А вось тых, каму пашчасціла пабываць на “зямлі мрояў і рамантыкі”, як яе калісьці вобразна назваў Марк Твен, сярод нас знойдзецца няшмат. І вельмі добра, што некаторыя не проста падарожнічаюць, а яшчэ маюць жаданне і магчымасць свае ўражанні пераўтвараць у застылую форму.
“Спыніся, імгненне, ты чароўнае”, — не адзін раз вымаўляла гэтую трывіяльную фразу падчас сваіх неаднаразовых падарожжаў па прыгожай і разнастайнай Індыі мінчанка Алена Толкач. І каб тыя непаўторныя вобразы, што паўставалі перад яе вачыма і верным спадарожнікам вандровак — фотакамерай, змаглі ўбачыць іншыя, паклонніца спадчыны Рэрыха стварыла цэлую калекцыю здымкаў, якія ахвотна дэманструе ў выставачных залах і галерэях рэспублікі.
Наш горад таксама з задавальненнем прыняў фотавыставу. Яна падарожнічае па краіне з 2002 года. 75 фотаработ змаглі ўжо ўбачыць і ацаніць многія жыхары Мінска, Брэста, Бабруйска і іншых райцэнтраў. Да нас, напры-клад, выстава прыехала з Лепеля, што на Віцебшчыне. Асі-повічы — васемнаццаты горад, які з дапамогай фотамастацтва адкрывае для сябе культуру самабытнай краіны.
Адкрыццё выставы адбылося днямі ў раённым края-знаўчым музеі, які ўтульна размясціў у сваіх чатырох залах унікальную калекцыю.
— Трэба адзначыць цёплы прыём маіх работ адміністрацыяй музея, — такімі словамі пачалося знаёмства з аўтарам фотаздымкаў перад самым пачаткам урачыстага адкрыцця выставы. — З дапамогай яго дырэктара Юрыя Гарбачова фотавыстава змагла пакінуць сцены лепельскай галерэі і ўдала ўпісалася ў тутэйшыя экспазіцыйныя пакоі. Супрацоўнікам музея Таццяне Баронінай і Алене Любінай вельмі граматна ўдалося скампанаваць прадстаўлены матэрыял не толькі па форме і змесце, але і па колернай гаме. Ваш музей выгадна адрозніваецца ад іншых тым, што мае зручную падвесную сістэму і вый-грышнае святло. Хочацца, каб прагляд экспазіцыі прынёс наведвальнікам сапраўднае задавальненне…
Праз некаторы час Алена Толкач з замілаваннем у голасе расказвала ўсім прысутным аб ідэі стварэння выставы, аб тым, якой прыгожай і непадобнай на іншыя краіны з’яўляецца Індыя, чыя зямля данесла да нашых дзён спрадвечнасць прыроды. Яе насельніцтва захавала свае вераванні, мудрасць, сваю вытанчаную культуру. Усё гэта можна ўбачыць на фотаздымках. А каб больш глыбока пранікнуць у атма-сферу краіны, беларускія дзяўчаты з вялікім прафесіяна-лізмам выканалі некалькі традыцыйных індыйскіх танцаў.
Словы падзякі за прадстаўленую магчымасць зазірнуць у свет мудрасці выказаў ёй старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Пузік.
Падчас агляду экспазіцыі можна было задаць пытанні аўтару, якая ахвотна тлумачыла некаторыя сюжэтныя моманты, адлюстраваныя ў работах.
Як заўважыла начальнік аддзела культуры Ірына Раманчук, цёплая, па-сапраўднаму сяброўская атмасфера адкрыцця фотавыставы паглынула настолькі, што развітвацца са светам прыгожага зусім не хочацца. Хутчэй — наадварот, ёсць жаданне прыйсці сюды яшчэ не адзін раз.
Алена Толкач падарыла музею відэакасету з матэрыялам, які адлюстроўвае самыя яркія моманты яе падарожжа па Індыі, і цяпер у супрацоўнікаў музея будзе магчымасць на яе аснове праводзіць відэаўрокі па культуры гэтай краіны. І яшчэ адзін падарунак з яе рук атрымалі бібліятэкары горада — некалькі томікаў выбранага беларускай пісьменніцы Таісіі Бондар.
Ніна ВІКТОРЧЫК.
