“Osipovichy-open-2010” (№ 19)
На апошнія дні лютага прыпала адразу 3 міжнародныя турніры па дэбатах*: у Манчэстэры, Бялградзе і Асіповічах. На ўдзел у беларускіх інтэлектуальных гульнях было пададзена больш за 60 заявак. Моладзь ехала сюды з ахвотай. Адзін масквіч, каб патрапіць у час, нават даганяў свой цягнік на таксі. А ў якасці эксперта на наш турнір завітаў вядомы ўкраінска-расійскі эрудыт і аналітык Анатоль Васерман…
«Osipovichy-open” праходзіў ужо другі год запар. Прычым, мерапрыемствы такога ўзроўню ў краіне больш нідзе не ладзяцца! Падрыхтоўкай гэтага спаборніцтва займаліся вопытныя дэбатчыкі Андрэй Халецкі і Ксенія Цыганок сумесна з райкамітэтам ГА «БРСМ”. Іх ініцыятыву падтрымалі Асіповіцкі райвыканкам, ПГУП «Панатрэйд”, ПГВП «Валерий Климов”, ТДА «Кастонер” і інш.
Сёлета турнір праводзіўся ў незвычайным фармаце. Як правіла, дэбатчыкі спрачаюцца на тэмы, прывязаныя да сённяшняга дня. Арганізатары ж вырашылі паэксперыментаваць і прапанавалі ўдзельнікам «за-зірнуць” у мінулае. Агульная тэма «Еўропа ў міжваенны перыяд: 1933-1936 гады” была прысвечана 65-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
На «Osipovichy-open” з’ехаліся 24 каманды — з Расіі, Украіны і Беларусі. Нашу краіну на спаборніцтве прадстаўлялі 8 каманд — з Мінска і Магілёва. Пераможцамі сталі студэнты Маскоўскай дзяржаўнай юрыдычнай акадэміі Хрысціна Цімчук і Сяргей Савоська. Сярод беларусаў лепшы рэзультат паказала мінская каманда «Tanix”: Аляксандр Павядзёнак і Ігар Гарлатаў занялі 4-ю пазіцыю.
* — інтэлектуальная гульня, «спрэчкі” па правілах на зададзеную тэму.
Вольга ЖАРНАСЕК.
