Магчыма, гэта гісторыя будзе мець працяг. Ва ўсякім разе асобы, узгаданыя ў матэрыяле, выказалі намер таму садзейнічаць. Усе, акрамя адной, затое самай галоўнай — таго самага няўлоўнага глушца. Так што пакуль давядзецца расказаць не аб сустрэчы з прыгожай птушкай, а аб абставінах безвыніковай пагоні за ёй.
— На маёй дачы аднекуль узяўся глушэц. Ён зусім не баіцца чалавека, ахвотна дзяўбе выкапаны тапінамбур, маладое лісце маліны. Птушка знешне здаровая, і таму анамальныя паводзіны выклікаюць яшчэ большае здзіўленне, — з такімі словамі ў рэдакцыю “раёнкі” звярнуўся Анатоль Арцёменка, былы старшыня раённага савета ветэранаў.
Інтрыгуючае паведамленне выклікала вялікі журналісцкі інтарэс, аднак запланаваная на наступны дзень фотасесія птушкі не адбылася. У апошні момант Анатоль Свірыдавіч паведаміў, што раптам да яго з’явіўся прадстаўнік нейкай прыродаахоўнай арганізацыі і забраў глушца. Злавілі яго, між іншым, проста: паклалі корму, а калі той наблізіўся, кінулі зверху лоўчую сетку…
Ліхаманкавы абзвон зацікаўленых арганізацый плёну не даў, аднак сталі зразумелыя прычыны дзіўных паводзін глушца. Як высветлілася, птушку прывучыў хтосьці з дачнікаў садова-агароднага таварыства “Разліў”.
Звязацца са старшынёй “Разліва” Міхаілам Лагуціным аказалася справай зусім ня-простай: САТ знаходзіцца па-за межамі ўпэўненага прыёму мабільнай сувязі, і наш тэлефонны дыялог перарываўся няведама колькі разоў. Але ж калі суразмоўца зразумеў сэнс пытання, ён не проста пацвердзіў існаванне ручнога глушца, але і адзначыў, што гаспадар птушкі — яго бліжэйшы сусед! Аднак і Анатоль Грышыла, пра якога ішла гаворка, у пошуках глушца дапамагчы не здолеў: прыблізна ён ведаў, дзе павінна знахо-дзіцца птушка, але навідавоку яе не было, а шукаць у кустоўі глушца, які не жадае быць знойдзеным — справа бессэнсоўная. Затое гаспадар расказаў пра свайго выхаванца са-праўды незвычайную гісторыю:
— Тры гады назад узнікла жаданне завесці дамашніх глушцоў. Набыў на Брэстчыне, у спецыялізаванай птушкаферме, двух птушанят — самца і самку, выгадаваў іх. Прынамсі, утрыманне гэтых пераборлівых у ежы істот у дамашніх умовах аказалася заняткам клапотным. Глушцовы рацыён значна адрозніваецца ад таго ж курынага, прычым у бок натуральных прадуктаў. Напрыклад, хлеб з камбікормам глушцы практычна не ядуць, а вось свежых галін патрабуюць рэгулярна і многа.
Сёлета дарослыя глушцы сабраліся выводзіць патом-ства. Самка знесла 12 яек і ўзялася іх выседжваць. А далей усё пайшло вельмі дрэнна. Раптам па невядомай прычыне памёр самец, а самка ад адзіноты пачала моцна нервавацца, раздушыла яйкі. Што рабіць з упаўшай у дэпрэсію глушачыхай не прыдумаў, вось і вырашыў выпусціць яе на волю. Аднак у лесе той не спадабалася, птушка хутка вярнулася да чалавека і зараз вольна гуляе па дачных сядзібах. Тутэйшыя дачнікі рэагуюць на такое дзіва нармальна, хоць многія і не разумеюць, што завітаў да іх менавіта глушэц — большасць жа бачыла гэтых асцярожных і даволі рэдкіх птушак толькі на малюнках ці па тэлевізары.
У рукі глушачыха не даецца, але крыху непакоюся, каб хто не нанёс ёй шкоды. Таму вельмі спадзяюся, што інстынкт возьме сваё, і птушка да надыходу зімы прыстасуецца да жыцця ў натуральным асяроддзі.
Сам жа часам думаю: ну іх, гэтых далікатных глушцоў! Лепш займуся развядзеннем страусаў.