НацIск на ўсход 8.12.09, № 101
НацIск на ўсход
25-27 лістапада ў Ашхабадзе (Туркменістан) адбыўся сельскагаспадарчы Форум краін — удзельніц СНД.
ААТ “Асіповіцкі малочны камбінат”, які зараз актыўна шукае новыя рынкі збыту, прыняў ва ўзгаданай сустрэчы самы актыўны ўдзел і прапанаваў спажыўцам з Сярэдняй Азіі сваю — прыдатную да далёкай транспарціроўкі, зразумела — прадукцыю.
Як высветлілася ў ходзе зносін з прадстаўнікамі харчовай прамысловасці Казахстана, Туркменіі, Iрана, Iрака і шэрага іншых краін, прапанова супрацоўніцтва з АМК прыйшлася ім даспадобы: якасці прадстаўленых асіпаўчанамі вырабаў яны далі найвышэйшую адзнаку і, што галоўнае, усур’ёз зацікавіліся перспектывамі набыцця вялікіх аб’ёмаў нашага масла і сухога абястлушчанага малака (САМ). Iнтарэс менавіта да гэтых прадуктаў тлумачыцца тым, што з-за спецыфічных кліматычных умоў і ежавых традыцый у гэтым рэгіёне існуе стабільна высокі попыт на марожанае і згушчанае малако з цукрам, а ў склад гэтай прадукцыі ўваходзяць і масла, і САМ.
Плённымі былі і перамовы з Міністэрствам гандлю і знешнеэканамічных сувязей Туркменістана, падчас якіх Асіповіцкі малочны камбінат атрымаў усю неабходную інфармацыю для распрацоўкі дзейснага плану прасоўвання сваёй прадукцыі на сярэднеазіяцкі рынак.
