Мары існуюць, каб ажыццяўляцца
Ведаеце,
без чаго не бывае “мы”? Канечне, без шматлікіх і самых розных асобна
ўзятых “я”. Сёння ў гасцінай “Асіповіцкага
краю” людзі, чыё “Я” можна смела пісаць з вялікай літары — лідары цяперашнія і ўчарашнія раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання
“Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.
Ларыса Волкава,
начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама.
— Ларыса
Іванаўна,
Вы некалі ўзначалілі новую маладзёжную арганізацыю, імя якой
— БРСМ. Узгадаеце, як гэта было?
— 6 верасня
споўнілася
10 гадоў з таго моманту, калі больш за 700 дэлегатаў з’езда
грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі патрыятычны саюз моладзі” і “Беларускі
саюз моладзі” прынялі рашэнне аб стварэнні “Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі”. Гэтая арганізацыя і стала правапераемнікам камсамола Беларусі. Што датычна Асіповіччыны, то лёсавызначальная ўстаноўчая канферэнцыя адбылася 8 кастрычніка 2002 года. З таго часу і ідзём па жыцці з
БРСМ.
— Што асабліва Вам імпануе ў дзейнасці аб’яднання ў
апошні час?
— Актыўная
работа са студэнцкай моладдзю. Гэтым летам раён прыняў 12 будаўнічых атрадаў — такога не было за ўсе 10 гадоў! Падабаецца, што ў арганізацыю прыйшлі тыя маладыя людзі, якія некалі былі школьнікамі–актывістамі. Значыць, БРСМ выхоўвае ініцыятыўнасць і пазітыўны погляд на жыццё. Укараняюцца новыя формы работы, напрыклад, флэшмобы. Усё большую папулярнасць заваёўваюць групы ў сацыяльных сетках. У “Аднакласніках” гэта “Асіповіцкая моладзь”, “Вконтакте” — “БРСМ у Асіповічах”. Інтэрнэт пашырае магчымасці адваротнай сувязі і спрыяе якасці
інфармацыйнай работы.
Ірына Бабкова,
начальнік Асіповіцкага філіяла
ААТ “Магілёў-саюздрук”.
— Вы кіравалі маладзёжным аб’яднаннем у 2007-2010 гадах.
Што часцей за ўсё ўспамінаецца?
— Шмат
працавалі
над стварэннем станоўчага іміджу арганізацыі, і гэта ўдавалася. Праводзілі
яркія брэндавыя мерапрыемствы — напрыклад, не кожны
мог пахваліцца міжнароднымі “Дэбатамі”. Актывізавалі работу па прафілактыцы правапарушэнняў, узаемадзеянне з пракуратурай і РАУС. Актыўна супрацоўнічалі са СМІ — пра нашы справы пісалі не толькі раённая, але абласныя і рэспубліканскія
газеты.
— Што для Вас асабіста значыць БРСМ?
— Гэта
адзін з яркіх, насычаных цікавымі падзеямі перыядаў у маёй біяграфіі. Заўсёды з задавальненнем яго ўспамінаю. Зараз райкам БРСМ значна памаладзеў, і жадаю, каб энергіі хапіла на многія гады і многія
вяршыні.
Алена Надзеявец, першы сакратар раённага камітэта
БРСМ.
— “Ні
дня без добрай справы” — гэта пра юнакоў і дзяўчат, якія ўваходзяць ва
ўзначальваемую Вамі маладзёжную суполку?
— Менавіта!
Калі ўлічыць тое, што райарганізацыя налічвае 90 “пярвічак“, у якіх больш за 2.100 чалавек, то не здзіўляе, што кожны дзень адбываюцца якія–небудзь карысныя справы. Пачынаючы ад гульні на перапынку з малодшымі школьнікамі і завяршаючы маштабнымі акцыямі.
— А без якіх людзей цяжка ўявіць асіповіцкі БРСМ?
— Усіх не пералічыш! Крыніцай ідэй валодае Яўгенія
Мацкевіч, якая
была сакратаром “пярвічкі” ў першай школе, зараз вучыцца ў Магі–лёве, але ніколі не адмаўляецца паўдзельнічаць у розных мерапрыемствах. Сапраўдны актывіст Аляксандр Рачыцкі, які цяпер працуе на малочным камбінаце. Заўсёды ў першых радах настаўніца пачатковых класаў Анастасія Пінчук. Асаблівы дзякуй педагогам–арганізатарам гімназіі і СШ № 4 Ларысе Чысцяковай і Кацярыне Шалупенка, якія ў лічаныя хвіліны могуць мабілізаваць старшакласнікаў,
жывуць іх праблемамі.
— Аб чым марыць першы сакратар раённага камітэта БРСМ?
— Каб
моладзь, якая прыходзіць у арганізацыю, адчувала, што ў жыцці з’явілася штосьці важнае, адказнае, сапраўднае. Хацелася б узняць прэстыж арганізацыі да такога ўзроўню, каб кожны член БРСМ мог не проста расказваць аб ёй, але і адчуваць пры гэтым гонар. Каб кіраўніцтва прадпрыемстваў з разуменнем адносілася да маладзёжнай ініцыятывы…
Будзем імкнуцца да ажыццяўлення сваіх мар!