Куды расце беларускі лес? 23.02.10, № 14
Працягласць вытворчага працэсу ў лесакарыстанні не
дазваляе ацэньваць шэраг прынцыпова важных для ўстойлівага развіцця лясной
гаспадаркі падзей за кароткія адрэзкі часу. Тым не менш існуючая
справаздачнасць лесагаспадарчых прадпрыемстваў не праду-гледжвае аналіз
паказчыкаў за працяглыя перыяды — 10-20 і болей гадоў. Наяўнасць такой
“аналітычнай белай плямы” не дазваляе спецыялістам-лесаводам сачыць за
дынамікай шэрага параметраў, прынцыпова важных для разумення накірунку развіцця
сучасных лясных фармацый, і своечасова ўносіць у іх неабходную карэкцыю.
У якасці яскравага прыкладу да ўзгаданага вышэй
тэзіса можна прывесці змяненні долі галоўных і культываваных парод дрэў у
скла-дзе лясных насаджэнняў, якія адбыліся за перыяд 1978-2008 гадоў. У цэлым
па краіне колькасць сасны зменшылася на 9% (з 59,2% да 50,2%), колькасць яліны
засталася стабільнай (9,8%), дубу стала меней на 0,9% (3% — у 2008 годзе).
Па дадзеных Мінлясгасу ў складзе лясоў галоўнага
лесакарыстальніка нашага раёна — ДДЛГУ “Асіповіцкі доследны лясгас” у 2009 г.
сасна складала 43%, яліна — 9%, дуб — 4,5%, што ў цэлым адпавядае агульнай
тэндэнцыі.
Аналіз публікацый на ўзгаданую тэму сведчыць, што да
пачатку 80-х гадоў існаваў устойлівы рост плошчаў галоўных парод і беларускі
лес набліжаўся да аптымальных суадносін пародавага складу, аднак ужо ў
сярэдзі-не 90-х акрэслілася ўстойлівая тэндэнцыя скарачэння долі сасны і дубу.
Найбольш значныя змяненні ў пародавым складзе лясоў адбыліся на працягу апошніх
10 гадоў, і сёння доля найбольш каштоўных парод у насаджэннях нават ніжэй, чым
у пасляваенным 1946 годзе.
Зразумела, у бліжэйшы час павольнае змяншэнне
каштоўнасці айчынных лясоў не дасягне крытычнага значэння, аднак напрыканцы
стагоддзя яно абавязкова стане фактарам, які пачне адчувальна ўплываць як на
эканамічную эфектыўнасць эксплуатацыі беларускіх лясных угоддзяў, так і на
ўстойлівасць лясных біялагічных супольнасцей.
Выпраўляць жа
наступствы дапушчаных у наш час пралікаў лесакарыстання давядзецца не аднаму
пакаленню будучых лесаводаў. Лес, як вядома, расце вельмі марудна…
Уладзімір ГУЛІК, кандыдат сельскагаспадарчых навук, асацыяваны
ўдзельнік Беларускага аддзялення міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі.