Уласным конкурсам жаночай прыгажосці можа пахваліцца не кожны райцэнтр, у Асіповічах жа гэтае мерапрыемства ўжо «прыжылося” добра. Сёлета культурнае жыццё нашага рэгіёна разнастаіў яшчэ і конкурс «Містар-2011” — 18 лютага на сцэне РЦК за ганаровы тытул змагаліся пяць юнакоў з Асіповіч і адзін з Лапіч.
Кожны з іх падрыхтаваў даволі арыгінальную візітную картку. Хлопцы рабілі стаўку на свой талент — чытанне рэпа, спевы, харэаграфію, уменне іграць на гітары і г.д., пачуццё гумару і нестандартнае выкарыстанне слайдаў.
Дэфіле ў дзелавых і спартыўных касцюмах вельмі ўразіла суддзяў. Iрына Раманчук нават адзначыла: «Калі б у нашым горадзе было мадэльнае агенцтва, канкурсанты без праблем маглі б туды ўладкавацца!”
Акрамя таго, удзельнікаў чакалі разнастайныя выпрабаванні: як мага больш часу пракруціць на таліі абруч, хутка адказаць на каверзныя пытанні, правільна завязаць гальштук за адну хвіліну. Самым эфектным і прыгожым атрымаўся танцавальны конкурс. Разам з хлопцамі мінуэт выконвалі дзяўчаты, якія прымалі ўдзел у леташнім конкурсе «Міс-Асіповічы”.
Журы прысудзіла ўдзельнікам наступныя намінацыі: Валерыю Бесарабаву — «Містар-Стыль”, Iгару Iванову — «Містар-Элегантнасць”, Дзмітрыю Тарвініну — «Містар-Знаходлівасць”, Уладзіславу Раманоўскаму — «Містар-Абаяльнасць”, Паўлу Дзеўгуцю — «Віцэ-Містар”. А «Містарам-2011” стаў Максім Малейка з СШ № 1.