Прэзідэнт краіны ў нас ужо не ўпершыню, толькі нагоду наведвання яго ў ходзе рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць СЗАТ “Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод” святочнай ніяк не назавеш: рэалізацыя буйнога інвестыцыйнага праекта з удзелам расійскага капіталу моцна зацягнулася. Таму ён і сабраў у Асіповічах нараду з удзелам інвестараў з расійскай кампаніі “Гранд экспрэс” і шэрагу высокапастаўленых чыноўнікаў на чале з Прэм’ер-міністрам, каб разабрацца, у чым праблема і як яе рашыць. Але напачатку сур’ёзнай размовы наконт вагонных праблем стаў разгляд ходу ўборачнай кампаніі ў краіне, у прыватнасці — на Магілёўшчыне.
Хлеб — усяму галава
“Якасць — гэта пытанне нумар адзін. Ніякай спешкі быць не павінна, тэхнікі хапае. Пры нармальнай арганізацыі хлеб убраць можна, — адзначыў у пятніцу Аляксандр Лукашэнка. — Хлеб ёсць, і яго абавязкова трэба ўбраць. У арсенале для гэтага ў нас ёсць усё”.
Як праінфармаваў Кіраўніка дзяржавы губернатар вобласці Пётр Руднік, плошча ўборкі збожжавых і зернебабовых культур у рэгіёне складае 335,2 тысячы гектараў. На 29 ліпеня збожжавыя ўбраны на плошчы больш за 22%. Валавы збор перавысіў 255 тысяч тон пры сярэдняй ураджайнасці 34,2 цэнтнера з гектара. Выніковы валавы збор чакаецца на ўзроўні 1 мільёна 350 тысяч тон пры сярэдняй ураджайнасці 40 ц/га. Пры гэтым якасць сёлетняга ўраджаю, паводле ацэнак вучоных, значна вышэйшая, чым у мінулыя гады. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка даручыў Прэм’ер-міністру Міхаілу Мясніковічу абнавіць дзяржрэзерв збожжа.
Асобна Прэзідэнт краіны закрануў пытанне будаўніцтва сельгасаб’ектаў, прычым зрабіў акцэнт на неабходнасці эканомнага расходавання сродкаў на гэтыя мэты без скарачэння аб’ёмаў будаўніцтва. “Будоўлю спыняць нельга, фермы трэба будаваць, і не толькі малочнатаварныя”, — адзначыў ён.
Вагонныя праблемы
Сумеснае закрытае акцыянернае таварыства “Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод” створана, як вядома, на базе нашага вагоннага дэпо ў 2008 годзе ў адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта. Яго заснавальнікі — расійскае ЗАТ “Гранд экспрэс”, доля якога ў статутным фондзе складае 74%, і Беларуская чыгунка, якой належыць 26% акцый.
Асноўныя накірункі вытворчай дзейнасці СЗАТ — выпуск танк-кантэйнераў і аказанне паслуг па рамонту сухагрузных кантэйнераў, а таксама вытворчасць таварнага бетону розных марак. Тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці за студзень-чэрвень да аналагічнага перыяду 2010 года склаў 106,3% пры даведзеным заданні 173,45%. Асноўная прычына невыканання запланаваных аб’ёмаў — дэфіцыт буйнагабарытнага чыгуначнага ліцця на рынках краін СНД, як вынік — нерытмічнае забеспячэнне вытворчасці адпаведнымі камплектуючымі. Але, як высветлілася пры дэталёвым аналізе спраў, хапае і іншых.
Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў тэмпы рэалізацыі інвестпраекта па будаўніцтве завода, хаця кожны разумее, што развіццё вагонабудавання ў Беларусі — вельмі важны напрамак для эканомікі краіны ў цэлым. Ён нагадаў, што раней ім было прынята рашэнне аб стварэнні сучасных магутных прадпрыемстваў па вытворчасці грузавых і спецыяльных вагонаў. “Гэтым здымаліся не толькі вострыя транспартныя праблемы, але і адкрываўся перспектыўны напрамак развіцця прамысловасці, нарошч-вання экспартнага патэнцыялу за кошт як продажу выпускаемых вагонаў, так і пашырэння паслуг па перавозцы грузаў”.
Паводле слоў Прэзідэнта, першы этап ужо пройдзены: створаны і набірае размах сучасны завод па вытворчасці вагонаў у Магілёве. “На працягу 1,5-2 гадоў гэты завод павінен вырабляць увесь спектр камплектуючых для вытворчасці таго класа вагонаў, якія мы будзем вырабляць у Магілёве. У бліжэйшы час мы паглядзім і гэта прадпрыемства”, — адзначыў Аляксандр Рыгоравіч.
Другі пункт росту, працягнуў ён, — прадпрыемства ў Асіповічах. У свой час было прынята рашэнне стварыць тут на базе дэпо яшчэ адзін магутны цэнтр айчыннага вагонабудавання. Былі вызначаны ўмовы рэалізацыі гэтага інвестыцыйнага праекта, крыніцы фінансавання, агавораны тэрміны ўводу ў строй магутнасцей, намечаны меры па развіцці сацыяльнай сферы для прыцягнення і замацавання кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў.
Што атрымалася ў выніку? “На самой справе — даўгабуд. І што здзіўляе, аўтары гэтага даўгабуду — родная дзяржава ў асобе ўрада, родны манапаліст у асобе Беларускай чыгункі і прыватнае прадпрыемства, якое так палка хацела тут разгарнуць вы-творчасць, прасіла час, ільготы, гарантыі і г.д. Усё атрымалі. У выніку — даўгабуд, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Тэмпы работ — нікуды не вартыя. Пастаянна ўзнікаюць праблемы, нестыкоўкі, узаемныя прэтэнзіі акцыянераў. Тэрміны завяршэння будаўніцтва неаднаразова пераносіліся, прытым у асноўным з-за недастатковага фінансавання. Я дадаў бы — з-за непаваротлівасці, разгільдзяйства”.
Як адзначыў Прэзідэнт, урад у гэтым пытанні замест прыняцця энергічных мер заняў іншую пазіцыю, пусціўшы ўсё на самацёк. У выніку пад пагрозай зрыву апынуўся ўвод у эксплуатацыю завода, што зусім недапушчальна.
“У чым справа? Чаму не будуем? Чаму зрываем важны інвестыцыйны праект?”, — такія пытанні паставіў перад удзельнікамі нарады Кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым папярэдзіў: “Ніякіх пераносаў тэрмінаў больш не будзе. Дамовіліся — трэба выконваць узятыя на сябе абавязацельствы”.
Жалезныя дамоўленасці
Аляксандр Лукашэнка адзначыў пэўную абсурднасць у існуючай сітуацыі: Кіраўніку дзяржавы даводзіцца фактычна падштурхоўваць прыватнае прадпрыемства да таго, каб яно больш і хутчэй зарабляла грошы.
Першая чарга завода запушчана, сёлета зроблена 130 танккантэйнераў. Але запланаваная гадавая вы-творчасць — 700, а другая чарга яшчэ ў працэсе будаўніцтва… Вагонаў робіцца недастаткова, будоўля адстае па тэрмінах, рэнтабельнасць вытворчасці — мінус 50 працэнтаў. Свае абавязацельствы, зафіксаваныя дакументальна, цалкам інвестар не выканаў…
“Не будзеце рабіць вы, не зробіце да канца года, мы ад вашых паслуг адмовімся і будзем займацца гэтым самі. Вагонабудаўнічая вытворчасць у краіне будзе. Пытанне ў тым, з вамі або з кімсьці іншым”, — падкрэсліў Прэзідэнт. І запатрабаваў далажыць яму, чаму не выконваюцца даручэнні па будаўніцтве завода, а таксама што неабходна зрабіць для безумоўнага ўводу ў строй ва ўстаноўленыя тэрміны ўзводзімых аб’ектаў.
Дарэчы, у апошні час пазітыўныя зрухі намеціліся, і ёсць усе падставы меркаваць, што ніякія радыкальныя меры не спатрэбяцца. Агульны настрой удзельнікаў нарады быў пазітыўны, хаця ўсе прызналі, што працаваць у бліжэйшы час прыйдзецца закасаўшы рукавы.
“Мы павінны зрабіць свой вагон, гэта будзе прарыў у прамысловасці”, — пад-крэсліў Аляксандр Рыгоравіч. І адзначыў, што попыт на гэту прадукцыю ў далейшым бу-дзе толькі ўзрастаць.
Размова ў тым ліку вядзецца аб вытворчасці ў краіне вагонных цялежак, або, папросту кажучы, хадавой часткі вагонаў, а таксама іншых камплектуючых, якія пакуль закупляюцца за мяжой.
Агледзелі ўсе і будаўнічую пляцоўку асноўнага вагонабудаўнічага корпуса. Як далажыў Кіраўніку дзяржавы Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, сёлета ўвесь гэты корпус павінен быць уведзены ў эксплуатацыю. Тут плануецца вырабляць вагоны і танк-кантэйнеры.
“Ніякіх больш адтэрміновак быць не павінна і не будзе”, — падкрэсліў Прэзідэнт. Адзначыўшы, што за зацягванне тэрмінаў здачы аб’екта вінаватыя ў гэтым будуць пакараны.
Прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч расказаў, што дзяржава забяспечыла вельмі спрыяльныя ўмовы для асіповіцкага інвестпраекта, што гэта рэальны пры-клад дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Урад Беларусі нават выдаў гарантыю на банкаўскі крэдыт на 63,5 мільёна долараў, тады як агульная цана праекта — 130 мільёнаў. Уласна кажучы, гэты крэдыт і дазваляе спа-дзявацца, што напрыканцы ў Беларусі з’явіцца менавіта такое прадпрыемства, як меркавалася.
Але Міхаіл Мясніковіч узгадаў і тое, што напачатку дамаўляліся рэалізаваць праект за кошт інвестараў. Аднак тыя ў працэсе работы сур’ёзна скарэкціравалі стратэгію: грошы заводу “Гранд экспрэсам” былі выдзелены пад вялікія працэнты…
Канкрэтная прапанова Урада зараз — увесці ў назіральны савет спецпрадстаўніка дзяржавы, каб была ўпэўненасць, што ўсё вызначанае будзе выканана да канца года. Плюс, Урад падстрахаваўся: цэлая краіна не можа залежаць ад аднаго інвестара — і ўжо створаны і набірае моц вагонабудаўнічы завод у Магілёве…
Карацей, без вагонаў Беларусь не застанецца. Але ўнікальнасць асіповіцкага прадпрыемства ў тым, каб адысці ад старых савецкіх тэхналогій і вырабляць прадукт, які будзе канкурэнтаздольным не толькі на постсавецкай прасторы, а і ў Еўрасаюзе.
І вынікам сур’ёзнай размовы стала абавязацельства кіраўніцтва завода да канца года запусціць яго на поўную магутнасць.