Кароткім радком. Навіны 12.01.10, № 2
2010 год — Год якасці. Адпаведны Указ падпісаны Кіраўніком дзяржавы ў мэтах далейшага павышэння якасці жыцця беларускага народа 31 снежня.
Краіна — ветэранам. Прыемны сюрпрыз чакае ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны да 65-годдзя Перамогі над фашысцкімі захопнікамі: напярэдадні святочных урачыстасцей кожны з іх — а гэта амаль 90 тысяч чалавек — атрымае аднаразовую адрасную выплату. На гэтыя мэты будзе накіравана 17,3 млрд. руб.
Пенсія. Сярэднямесячны памер пенсіі па ўзросту сёлета павялічыцца на 18-22% і складзе 492-507,6 тыс. руб. Пенсіённы ўзрост павышаць не плануецца, змяненні адносна працуючых пенсіянераў таксама не намячаюцца.
Мінімальная зарплата. З 1 студзеня яна павышаецца ў краіне да 258,6 тыс. рублёў — у мінулым годзе адпавядала BR229,7 тыс. “Мінімалка” за гадзіну цяпер устаноўлена ў памеры 1.530 рублёў.
Раўняемся на лепшых. Абласное ўпраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму вызначыла дзесятку лепшых спартсменаў Магілёўшчыны па выніках спаборніцтваў 2009 года. У іх ліку і нашы браты Аляксандр і Андрэй Багдановічы (веславанне на байдарках і каноэ) — залатыя прызёры Пекінскай Алімпіяды, Ганаровыя грамадзяне Асіповіцкага раёна.
Давер’е. Міжнародная федэрацыя футбола зацвердзіла 11 беларускіх арбітраў для абслугоўвання міжнародных матчаў у 2010 годзе. У ліку рэферы і асіпаўчанін Сяргей Цынкевіч. Прыемна і адказна!
