Менавіта так можна назваць баршчэўнік Сасноўскага — інвазійную расліну, якая апошнім часам квітнее ў лясах і нават гарадах нашай краіны. Не вытрымала націску зялёнага агрэсара нават сталіца: у паўночна-ўсходняй частцы Мінска сёння можна ўбачыць сапраўдныя зараснікі баршчэўніка…
Калі паспрабаваць пазнаёміцца з гэтым прадстаўніком сямейства парасонавых бліжэй, можна лёгка атрымаць сапраўдны апёк: усе органы і тканкі расліны насычаны хімічнымі злучэннямі, якія дзейнічаюць на скуру чалавека нібы сапраўднае баявое атрутнае рэчыва. У месцах кантакту скура ў хуткім часе чырванее, пакрываецца вадзяністымі пухрамі, а пры дастаткова працяглым уздзеянні атруты нават чарнее і адмірае.
Натуральна, супраць небяспечнай расліны вядзецца барацьба, аднак яе цяжка лічыць паспяховай: баршчэўнік атрымаў сваю трапную мянушку «трава Геракла” не столькі за высокі рост, колькі дзякуючы фенаменальнай жыццёвай моцы. Баршчэўнік Сасноўскага спакойна пераносіць ударныя дозы гербіцыдаў, размнажаецца літаральна з хуткасцю ланцуговай рэакцыі (адна расліна можа даць за раз да 100.000 «патомкаў”) і можа ў самых неспрыяльных умовах імкліва захопліваць новыя тэрыторыі.
Вядома, што баршчэўнік ужо замацаваўся ў Пухавіцкім раёне, а апошнім часам яго зараснікі, пакуль невялікія, выяўлены і на Асіповіччыне.
Паважаныя землякі! Калі вы ўбачыце на беразе вадаёма, узбочыне дарогі альбо ўскраіне лесу расліну, падобную да прыведзенай на здымку, ні ў якім разе не датыкайцеся да яе і не спрабуйце знішчыць самастойна. З-за асаблівасцей сваёй фізіялогіі, «недабіты” баршчэўнік перад смерцю робіць залпавы выкід насення!
Лепш за ўсё як можна хутчэй паведаміць пра месца атакі батанічнага монстра ў раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (тэлефон 24-8-53) — няхай з ім ваююць спецыялісты.