Бывае, мы шукаем меркаванні цікавых асоб ці парады на ўсякія жыццёвыя тэмы-праблемы на старонках глянцавых часопісаў або ў інтэрнэце. А тым часам кампетэнтныя ў розных пытаннях людзі жывуць побач. Сёння наша гасціная запрасіла дзвюх такіх субяседніц.
Не кожны сельсавет можа пахваліцца наяўнасцю свайго асабістага паэта. А вось Пратасевіцкаму пашанцавала: у вёсцы Дзераўцы жыве Марыя ЦIмIнская. А яшчэ больш пашчасціла самім Дзераўцам: многія творы аўтара звязаны непасрэдна з гэтым населеным пунктам, які нават мае свой “гімн” — “Мая вёска”. Марыя Паўлаўна лічыць сябе не столькі паэткай, колькі проста чалавекам з паэтычным светаўспрыманнем. Быць паэтам — вялікая адказнасць і свайго роду прафесія. У яе ж вершы пішуцца толькі пры асаблівым лірычным настроі. Выдадзены ў 2005 годзе зборнік так і называецца — “На струнах маёй душы” (вельмі раю — аўт.). Пісаць творы на заказ яна не можа і не жадае. Музе нельга загадаць прыходзіць у пэўны час. Вось меркаванне Марыі Цімінскай наконт таго, як зрабіць жыццё гарманічным:
— У першую чаргу важна ўмець разумець людзей. Вялікі педагагічны вопыт зрабіў мяне псіхолагам. Мабыць, паўплывала яшчэ і тое, што расла і выхоўвалася ў дзіцячым доме, які быў тады ў Свіслачы. Навучылася тонка адчуваць людзей, бачыць іх станоўчыя бакі і недахопы. Дык вось, раю ўсім звяртаць увагу менавіта на дадатнае ў чалавеку, якое ёсць у кожным. Тады гэтае добрае яшчэ больш падкрэсліваецца, а чалавек становіцца лепшым.
Трэба годна пражываць той лёс, які табе дадзены. Можа, менавіта таму ніколі мне не быў у цяжар сельскі побыт, наадварот, ціхае вясковае жыццё заўсёды давала натхненне. Рана навучылася заўважаць прыгажосць акаляючага свету. I, дзякуй Богу, не страціла гэтую якасць і з гадамі. Iснаваць у згодзе з сабою, людзьмі і прыродай — гэта і ёсць гармонія жыцця.
* * *
А вось якія парады, як будаваць узаемаадносіны з тымі, хто жыве побач, дае член сельскага камітэта, жыхарка ваеннага гарадка Цэль Людміла Крупень:
— Будзьце простымі, і людзі да вас пацягнуцца. Што гэта значыць? З пэўнай доляй павагі трэба адносіцца да любога чалавека любога ўзросту, умець разгледзець у чалавеку талент, дапамагчы яму раскрыцца.
Вучыцеся не толькі слухаць, але і чуць. Пры магчымасці дапамагайце не толькі парадай, але і справай.
Нясіце людзям добры настрой, падтрымлівайце іх у цяжкую хвіліну.
Шчырасць — галоўны прынцып, на якім павінны будавацца стасункі.
Не будзьце карыслівым. Жыццё пабудавана так, што заўсёды дабро адгукаецца дабром, а зло — злом.
Як гэтыя прынцыпы рэалізоўвае ў сваім жыцці педагог з 39-гадовым стажам Людміла Крупень? Праз актыўнае ўзаемадзеянне з людзьмі. Назаўсёды застанецца ўсё тое добрае, што яна за гады працы дала сваім вучням. Зараз, ужо на заслужаным адпачынку, Людміла Мікалаеўна ўзначальвае на добраахвотных пачатках клуб “Радасць зносін”. Яна ладзіць для цэльскіх жыхароў пенсійнага ўзросту сустрэчы, вечарыны, вясёлыя святы. Удзельнікі клуба ва ўсім дапамагаюць адзін аднаму. Хіба не здорава, што ў насельнікаў Цэлі ёсць дадатковая магчымасць цікава і з карысцю бавіць час? Ведаюць гэтую неабыякавую жанчыну і як змагара за чыстую ваду, адрамантаваныя дарогі ды іншае, што патрэбна не толькі ёй, а ўсім.