Колькі разоў у час наведвання музеяў школьнікі чулі грознае папярэджанне: “Рукамі не чапаць!”. А дзецям так хочацца самім “дакрануцца да мінуўшчыны”: памацаць ці прымераць штосьці з экспанатаў — тады ў наведвальнікаў хутчэй узнікне цікаўнасць да гісторыі. Для вырашэння гэтай праблемы ў свеце і прыдумалі жывыя музеі, дзе ўсе пабудовы і рэчы даступныя ў штодзённым ужытку і кожны чалавек можа адчуць атмасферу пэўнай эпохі. На жаль, устаноў падобнага тыпу ў Беларусі зусім мала: музейныя комплексы ў Дудутках і Строчыцах, таму можна сказаць, што ролю жывых музеяў сёння выконваюць археалагічныя раскопкі. Тут трэба — ! — дакранацца да ўсяго рукамі, а яшчэ можна пабыць у ролі сапраўднага даследчыка. Той, хто хаця б аднойчы паўдзельнічаў у раскопках, наўрад застанецца абыякавым да гісторыі. А ў некаторых захапленне гэтым прадметам наогул перарастае ў прафесію — праверана на асіповіцкай моладзі!
“Дзеці раскопаў” вяртаюцца
З 2005 г. у нашым краі ладзіцца ўнікальны праект — археалагічны аздараўленчы лагер працы і адпачынку для школьнікаў. У старажытную вёску Свіслач накіроўваецца навуковы супрацоўнік Акадэміі навук Вадзім Кошман, пад кіраўніцтвам якога падлеткі займаюцца раскопкамі.
Начальнік лагера Святлана Хацкевіч заўжды з цеплынёй узгадвае сваіх ранейшых гадаванцаў:
— Праблем з першым наборам, колькасць якога складала 20 чалавек, не было. Дзеці да нас прыехалі добрыя, адразу загарэліся справай, дужа стараліся, пасябравалі. Так сфарміраваўся моцны касцяк, які прыязджаў наступныя 3 гады. 3 чалавекі нават паступілі на гістарычны факультэт, а дзяўчына з той кампаніі цяпер працуе ў нас выхавальніцай. Я сёлетнім дзецям гавару, што Юлія Iгараўна “вырасла” на раскопе.
Асіпаўчанцы Юліі Мінчэні прапанавала паехаць у лагер бабуля, якая таксама была ў ім выхавальніцай. Уражанні ад удзелу ў археалагічных працах былі настолькі моцныя, што цэлы месяц маці называла дачку “зачараванай”. А тая з нецярпеннем чакала новага лета, каб зноў паехаць у Свіслач. На гістфак МДУ імя Куляшова Юлія ўжо паступала з досведам, які звычайна маюць студэнты-старшакурснікі: ажно 4 разы ўдзельнічала ў раскопках!
Са “старога” пакалення свіслацкіх капальнікаў і Яўген Грышановіч, які працуе ў асіповіцкім “Белтэлекаме”, а ў час водпуску па ўласным жаданні дапамагае “зялёнай” моладзі.
— Ён так і сказаў мне: “Ведаю, што новыя хлопцы будуць няправільна трымаць рыдлёўку!” — з усмешкай расказала Святлана Хацкевіч.
Сам Жэня прызнаўся, што думкі пра гістфак былі, але паступаць так і не рашыўся:
— Усё ж паспрабаваць варта было… Цяпер на рабоце таксама капаюся ў зямлі, але заўжды наперад ведаю, што там знайду толькі кабель (смяецца — аўт.). На раскопках жа часта патрапляецца нешта нечаканае…
Гэта вам не бульбу капаць!
У археалагічны лагер на базе Свіслацкай школы прыехала 40 падлеткаў з усіх устаноў адукацыі горада, Лапіч, Ясеня, Вязаўніцы, Ліпеня і Карытнага. Iх падзялілі на 4 атрады, якія працавалі папарна ў дзве змены. Зранку дзявочы і хлапечы атрады адпраўляліся на замчышча, астатнія заставаліся мыць і сушыць знаходкі. Пасля абеду моладзь “мянялася” абавязкамі.
Як адзначыў Вадзім Кошман, мужчынскіх рук сёлета не хапала, бо хлопчыкаў набралася ўсяго 17. А менавіта яны выконваюць самыя цяжкія работы на ўчастку, які раскопваецца. Сёлета яго плошча была роўнай 40 квадратным метрам. Каб дабрацца да культурнага слоя, выхаванцам лагера прыйшлося прыкласці шмат намаганняў: спачатку ломам разбівалі грунт, а пад ім выявілі яшчэ фундамент будынка ХIХ ст.
Працуюць на раскопе па пэўнай тэхналогіі. Яго паверхня дзеліцца на квадраты (2х2 м). Зямля адтуль здымаецца паквадратна 20-сантыметровымі пластамі. I меў, меў рацыю вопытны Жэня, калі сказаў, што варта будзе вучыць навічкоў правільна трымаць інструменты! Спачатку большасць хлопцаў спрабавалі капаць культурны слой, як бульбу. Але здымаць яго трэба вельмі акуратна, трымаючы рыдлёўку гарызантальна, каб нічога не парушыць…
Падчас майго візіту ў Свіслач глыбіня раскопа ўжо дасягнула 1,6 метра, і моладзь спускалася туды па лесвіцы. Але гэта далёка не мяжа. Жэню Грышановічу прыходзілася капаць і на глыбіні 3,2 м. Тады з ямі-ны на паверхню высоў-ваўся толькі самы кончык рыдлёўкі. А здаралася і такое, што пасля моцных дажджоў у акопе стаяла вада, якую вычэрпвалі вёдрамі.
“Да якіх часін будзеце капаць?” — такое пытанне часта задавалі выпадковыя госці, што завітвалі на замчышча. Звычайна работы працягваюцца, пакуль капальнікі не дойдуць да мацерыка — напластавання пад культурным слоем, дзе няма рэшткаў чалавечай дзейнасці.
Мары аб знаходках: чарапы, залатыя манеты і… сметнік
На ўласным прыкладзе пераканалася, што дзяўчатам на раскопках таксама нялёгка. На працягу 3 гадзін трэба перабіраць рукамі ўсю зямлю, якую хлопцы выкідваюць з раскопа. Занятак сам па сабе даволі манатонны, дзесьці праз гадзіну пачынаюць пабольваць пальцы. А яшчэ дабаўце спякотнае сонца, надакучлівых аваднёў…
З-за таго, што ўсе знаходкі зямлістага колеру, мне спачатку цяжкавата было адрозніць іх ад камення і цэглы. Але “калегі па начоўках” Таня і Ангелі-на былі больш спрытнымі і ў нечым адукавалі дылетантку:
— Чалавечых астанкаў тут няма. Мы адразу ў Вадзіма Iванавіча спыталі, ці можам сутыкнуцца з пахаваннямі. Ён сказаў, што могілкі ў старажытнай Свіслачы знахо-дзіліся ў іншым месцы. Так што ўсе косткі ды зубы — жывёльныя. Час ад часу трапляюцца прыгожыя пазалочаныя камяні, але гэта не каштоўнасці. Насамрэч яны проста жоўтыя, бо пазалота лёгка змываецца.
У кожнага ўдзельніка раскопак ёсць свая мара-знаходка. Адна дзяўчынка з першай змены казала сяброўцы, што жадае знайсці цэлы чэрап. Мая суседка Таня прызналася, што да апошняга дня бу-дзе спадзявацца на залатую манету. У асноўным жа трапляліся косткі жывёл ды кавалкі керамікі. Дарэчы, па іх асаблівасцях можна амаль дакладна вызначыць узрост культурнага слоя.
Але нават самая прос-тая знаходка падавалася сапраўднай каштоўнасцю, калі пра яе пачынаў распавядаць Вадзім Iванавіч. Яго ў літаральным сэнсе слухалі, разявіўшы роты, як дзеці, так і дарослыя. Па словах навукоўца, для археолагаў скарбамі з’яўляюцца нават старажытныя сметнікі! Там зберагаецца каштоўны матэрыял, які можа багата расказаць пра жыццё продкаў.
За адну змену моладзь “праходзіла” каля 6 квадратаў. Усё знойдзенае пашпартызавалася, фасавалася па цэлафанавых пакетах, якія хлопцы зносілі ў двор дома насупраць замчышча. Адтуль знаходкі ўжо “забіраў” аўтамабіль.
Пасля заканчэння працы юныя археолагі яшчэ мусілі прайсці да школы пешшу некалькі кіламетраў. Самых працавітых Жэня Грышановіч падвозіў на сваім “таксі”-скутары. Але пасля смачнай вячэры стомленасці ў падлеткаў быццам і не было. “Энэрджайзеры” з радасцю хапаліся за ракеткі-мячы, а потым беглі на дыскатэку.
* * *
Вадзім Кошман распавёў, што даследаванні Свіслачы сталі праводзіцца з 1960-х гадоў. За апошнія дзесяцігоддзі значная работа ў гэтым накірунку была праведзена асіповіцкім краязнаўцам Юрыем Клеванцом. Але грунтоўнага выдання, у якім былі б сістэматызаваны ўсе матэрыялы, няма і зараз. Асобныя звесткі па гісторыі старажытнай вёскі можна знайсці толькі ў кнізе “Памяць” ды яшчэ ў дзясятку артыкулаў, на-друкаваных у розных навуковых часопісах.
— Вынікам нашых археалагічных раскопак можа стаць кніга па гісторыі свіслацкай зямлі ХII-ХVIII cтагоддзяў, — ад-значыў Вадзім Iванавіч. — Усе сёлетнія знаходкі — гліняны посуд, наканечнікі стрэл, косткі асятра, накладка на кашалёк, прасліца для верацяна, манеты, крыжык, шкляны бранзалет — будуць адпраўлены на далейшае вывучэнне. Калі ўсё будзе добра, і на наступны год працягнем супрацоўніцтва з мясцовай моладдзю.
P.S. Святлана Хацкевіч гаварыла, што па-сталеўшыя гадаванцы лагера вельмі сумуюць па раскопках, прыязджаюць у госці. Ад сябе хочацца параіць ім наступнае: гэтым летам на тэрыторыі краіны будзе праходзіць нямала археалагічных і рэстаўрацыйных работ. I ўсюды патрабуюцца валанцёры: у Смаргоншчыне, Ашмяншчыне, Полаччыне, Навагрудчыне, Нясвіжы, Белавежскай пушчы! Вы можаце пажыць у самых цудоўных кутках Беларусі і зрабіць свой уклад у адраджэнне нашай культуры. Падрабязней інфармацыю аб гэтым можна даведацца ў інтэрнэце, увёўшы ў пошук “Белорусская ассоциация клубов ЮНЕСКО приглашает”.
У ролі “юнага археолага” выступіла Вольга ЖАРНАСЕК.
Филиал “Осиповичский завод железобетонных конструкций” ОАО “Дорстроймонтажтрест” отмечен Дипломом I степени XXII республиканского конкурса “Лидеры в строительстве Беларуси-2025”
5 июля 2025
Общество
Коллектив РУП “Могилёвоблгаз” завоевал Гран-при IX молодежного фестиваля “Мы едины — мы молодежь”.
5 июля 2025
Общество
“Аўталаўка — гэта свята!” — так лічаць жыхары малых населеных пунктаў Асіповіцкага раёна
4 июля 2025
Общество
Международный молодежный патриотический проект “Дорогами Памяти и Славы” в Осиповичах