Дзік супраць сабакі

На ўскрайку лесу каля вёскі Амінавічы знаходзіцца
загароджаны масіўным плотам вальер, які належыць раённай суполцы РДГА
«Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”. Ён дастаткова вялікі — мае
плошчу каля 4 га — і прызначаны для правядзення своеасаблівых экзаменаў —
«іспытаў лаек па падсадным дзіку”.

У прысутнасці прыдзірлівых экспертаў сабакі
павінны за пэўны час знайсці дзіка, падаць голасам сігнал аб месцы, дзе ён
знаходзіцца, пазбавіць магутную і агрэсіўную жывёліну магчымасці ўцякаць да
моманту, калі паляўнічы падыдзе на дыстанцыю трапнага стрэлу, і, нарэшце, па
камандзе гаспадара спыніць праследаванне.

Удзельнічаць у «тэсціраванні” не абавязкова,
аднак пераважная колькасць заводчыкаў ад такой магчымасці не ўхіляецца.
Паспяховае выкананне нарматываў дае паляўнічаму сабаку дыплом (трэцяй, другой
альбо першай ступені), які ў сваю чаргу павышае і статус самога чатырохногага
следапыта і, што, бадай, галоўнае, кошт яго нашчадкаў.

17 сакавіка пацвердзіць кандыцыі сваіх лаек сюды
сабралася каля 40 паляўнічых: сяброў БТПР з Асіповіцкага раёна, Ганцавіч,
Светлагорска, Мінска, Бабруйска, Клічава.

Падчас выпрабаванняў сабакі ў вальеры павінны
знаходзіцца толькі эксперты і гаспадар, прычым перасоўвацца яны павінны па
пэўных правілах, каб не падказваць «экзаменуемаму” і, зразумела, не парушаючы
тэхнікі бяспекі. Дзікоў, хоць і жывуць яны ў вальеры ўжо даўно, ручнымі назваць
нельга.

З-за гэтых абмежаванняў за паядынкамі дзіка і
сабак гледачы маглі сачыць толькі ўрыўкамі — калі тыя набліжаліся да іх
дастаткова блізка. Карэспандэнт «раёнкі” ў гэтым плане меў пэўныя перавагі, бо
атрымаў дазвол знаходзіцца ў эпіцэнтры падзей. І вось што ён убачыў.

 Усяго ў
вальеры жывуць дзве самкі і самец. Свінні ў суботніх тэставых загонах не
ўдзельнічалі — адна была сур’ёзна паранена падчас папярэдніх спаборніцтваў,
другая павінна днямі прынесці пры-плод і знаходзілася ў «дэкрэтным адпачынку”.
Таму супрацьстаяць сабачаму напору давялося аднаму 3-гадоваму вепруку. Дзеля
справядлівасці трэба адзначыць, што прыблізна трэць лаек дзіка так і не
знайшла, а пераважная колькасць астатніх не праяўляла жадання на яго нападаць
усур’ёз. Як падалося, дзік выдатна разумеў, што мітусня вакол яго асобы — гэта
ўсяго толькі «матч па боксе”, у якім яму трэба проста ўстаяць на нагах да
апошняга раўнда.

Пераважна дзік трымаўся каля агароджы, якая
абмяжоўвала свабоду манеўру сабакі. Аднак рана ці позна апошні знаходзіў
шчыліну ў дзічынай «абароне”, і тады пачыналася пагоня, спыніць якую можна было
толькі схапіўшы раззадораную паляўнічым азартам лайку за карак. Дзік бегае з
хуткасцю да 40 кіламетраў у гадзіну і, нягледзячы на грувасткасць і знешнюю
няўклюднасць, можа за-кладваць хвацкія віражы і ўмее жорстка контратакаваць.

Толькі дзве сабакі здолелі ўтрымаць дзіка, з
разгону ўчапіўшыся ў балявую кропку на яго сцягне. Як толькі гэта ўдавалася,
вяпрук імгненна прыпыняў бег, некалькі разоў круціўся на месцы, спрабуючы
адарваць лайку, а потым рэзка садзіўся, каб уціснуць яе морду ў зямлю. Адзін
сабака сапраўды адскочыў, другі ж працягваў упарта сціскаць зубы і здабычу не
выпусціў. Дзік, відаць, ад болю, пачаў гучна ляскаць зубамі…

Але асаблівай шкоды ўдалыя сабачыя атакі яму не
нанеслі — гэтых жывёл заслужана называюць «жывымі танкамі”.

Пасля кожнай пагоні ў дзіка быў перапынак, які
доўжыўся як мінімум 10 хвілін — столькі даецца сабаку на пошук здабычы. Увесь
гэты час ён адпачываў — ляжаў у бліжэйшай лужыне. Халодная вада, напэўна,
дазваляла хутчэй узбадзёрыцца і да таго ж перашкаджала шматлікім паразітам
смактаць кроў з адносна тонкай скуры на грудзях і жываце. Падыходзіць да жывёлы
падчас прыняцця «водных працэдур” можна было зусім блізка — дзік не праяўляў
ніякай агрэсіўнасці.

 Адны
лайкі шукаюць звера па слядах, другія — па паху, які разносіць паветра. У
вальеры, дзе свежых слядоў было вельмі многа, пэўныя перавагі мелі апошнія.
Тыя, што метадычна сачылі толькі за пахам слядоў, часам прабягалі ў некалькіх
метрах ад замаскіраванага ў кустоўі дзіка і не звярталі на яго ніякай увагі.

Па выніках іспытаў дыпломы атрымалі 23 сабакі. З
іх дзве — 1-й ступені і чатыры — 2-й ступені. Ацэньвалі ж лайкавыя кандыцыі
эксперты Уладзімір Сініца (міжнародная катэгорыя), Уладзімір Церахаў
(рэспубліканская катэгорыя) і Канстанцін Макарэвіч (стажор).

Последние новости

Общество

Як супрацьстаяць хатняму гвалту?

25 апреля 2026
Читать новость
Спорт и туризм

Международный Осиповичский марафон прошел 18 апреля

25 апреля 2026
Читать новость
Общество

Зачем спилили деревья

25 апреля 2026
Читать новость
Общество

Пра вопыт, давер, дапамогу

25 апреля 2026
Читать новость
Общество

Куда деть строительный мусор

25 апреля 2026
Читать новость
Общество

46 гадоў працуе ў ПМК № 95 “Вадбуд” Сяргей Русачкоў

25 апреля 2026
Читать новость