Добраўпарадкаванне: рабіць прыгожым месца, дзе жывеш
“Быць сапраўдным гаспадаром сваёй сядзібы — рэч
складаная, але і надзвычай цікавая”, — да такой высновы прыйшла пасля
двухдзённай паездкі па населеных пунктах Асіповіччыны ў складзе камісіі па
вызначэнні вынікаў конкурсу добраўпарадкавання. Парадавала, што ўзорных сядзіб
у раёне нямала. Фармат газетнага артыкула, на жаль, дазваляе сустрэцца толькі з
некаторымі гаспадарамі, тым не менш хацелася б, каб кожны, хто прачытае
публікацыю, узяў для сябе штосьці карыснае.
У агульным спісе ялізаўскіх падворкаў было два. І
абодва заслугоўваюць увагі. Не ведаем, каго можна лічыць пачынальнікам новага
напрамку, які ўмоўна назавём “коркавая мазаіка” — ці Васіля Бурака, ці Галіну
Койпіш, але факт, што аздабленне з такога матэрыялу атрымліваецца прыцягальным
для вока. Прыемна і тое, што цікавая справа мае ўласцівасць распаўсюджвацца па
сельскай мясцовасці, стымулючы да дзеяння простым пытаннем: “У Васі (Пеці,
Колі…) атрымліваецца — а чаму ж і я не магу стварыць падобнае?” Зрабіць выяву з
мазаікі і сапраўды можа кожны. Гэтая справа не патрабуе матэрыяльных затрат
(хіба што на цвікі?), спрыяе навядзенню парадку і, думаецца, нават карысная для
здароўя — работа з дробным матэрыялам супакойвае. Выдатак толькі адзін — час.
Вось яго якраз не кожнаму і ўдаецца выкраіць у плыні паўсядзённасці. Але Галіна
Койпіш свабодныя хвіліны знаходзіць.
Многа цікавага ўбачылі ў Каўгарах. Напрыклад, Бельчыны
для малых зрабілі з машыннай шыны, разрэзаўшы яе напалову і пафарбаваўшы,
пясочніцу: і выглядае як арт-аб’ект, і пясок не разносіцца. Утульна на сядзібе
і каля яе ў Пухоўскіх. Вельмі сімпатычна глядзіцца масток, перакінуты праз роў:
і карысна, і прыгожа. Радуе вока і чысціня вакол падворка. У Святланы
Міха-дзюк, якая жыве тут жа, таксама можна запазычыць нямала крэатыўных ідэй.
Прыгожая ў яе альтанка, абвітая вінаграднай лазой, побач ёсць “квітнеючы”
рознакаляровымі пластыкавымі кветкамі пянёк. Сёлета ў палісадніку “вырасла”
пальма. Хоць гэтае “трапічнае дрэва” сустракалася камісіі шмат разоў, аднак у
Міхадзюкоў яно асаблівае. Можа, таму што на ім пасялілася гарэзлівая малпачка?
— Шкада, што вы прыехалі днём, а не ў вечары, —
сустрэў “дэлегацыю” Юрый Ахрэмчык з Карытнага, — тут у нас ілюмінацыя, у цёмны
час глядзіцца вельмі эфектна.
Ахвотна паверылася гэтаму гаспадару, ды і наогул
Карытнае пакінула станоўчае ўражанне. Так, сям’ю Сураўцоў, якая жыве па вуліцы
Камсамольскай, можна без перабольшвання назваць сапраўднымі альтруістамі:
Віктар Антонавіч і Галіна Сцяпанаўна насупраць сваёй сядзібы зрабілі вясковы
міні-парк. Па-першае, скасілі траву на ўчаст-ку, абгарадзілі яго стылі-заванай
агароджай. А ў парку тым — і карова з бочкі і вядра, і драўляны конь з возам і
фурманам, і млын, і сажалка. З упаўшага спіленага дрэва атрымаўся стол, з
пянькоў — крэслы. У гэты ўтульны куточак нярэдка забягаюць пагуляць дзеці. Адно
толькі засмучае вясковых ландшафтных дызайнераў: знаходзяцца людзі, якія
разбураюць прыгажосць. Тады і рукі апускаюцца…
Не толькі крэатыўны парк уразіў у Сураўцоў. Каля дома
таксама ідыліс-тычны малюнак: мноства зеляніны і розных “малых архітэктурных
форм”. Кветкі яркімі клумбамі “павылазілі” і за тэрыторыю сядзібы, упрыгожваючы
абочыну дарогі.
Многаму можна
павучыцца ў нашых землякоў. Напрыклад, ва Уладзіміра Чэпіка з Татаркі —
акуратнасці ва ўтрыманні падворка: нават ля лавачкі, што побач з сядзібай,
устаноўлена скрынка для смецця. Іна і Пятро Шынкевічы са Слабады зрабілі на
аўтобусным прыпынку лебядзяў — хай не сумуюць вяскоўцы, чакаючы транспарт! А ў
Таццяны Бяляевай і Алены Казаковай, гаспадынь дома 6а па вуліцы Савецкай у
Дрычыне, можна ўзяць урок, як надаць індывідуальнасці калгаснаму дому і з
вытанчаным гаспадарскім падыходам утрымліваць яго.