Добраўпарадкаванне СядзIба — гэта маленькая планета, ці Нататкі аб рукатворным харастве №74

Ужо стала традыцыяй штогод праводзіць агляд
санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных
пунктаў. Гэта стымулюе не толькі навядзенне чысціні ды парадку, але і
садзейнічае ўвасабленню новых ідэй, сваіх ці запазычаных у кагосьці. Удала
выбраны месяц правядзення дадзенага мерапрыемства: у жніўні ўся расліннасць
буяе квеценню, нібы дзякуючы гаспадарам за клопаты і любоў і радуючы
вока гасцей.

Агляд праходзіў на працягу двух дзён. У першы —
наша “экспедыцыя” накіравалася па вясковых вуліцах. Наведаліся да жыхара
пасёлка Татарка Уладзіміра Чэпіка, які самастойна вядзе гаспадарку. Парадак на
падворку, мноства кветак уражваюць і ўнушаюць павагу. Вось так, гаспадыні,
павучыцеся! У Ясеньскай сядзібе Людмілы Савінай інтэгрыруюцца беларускія фальклорныя
матывы (фігуры дзецюка і кабеты, што сустрэліся ля мастка праз рачулку, у якой
плаваюць гусі-лебедзі) з экзатычнымі (пальмы, леў). Непадалёк фантан, мабыць,
для рэлаксу гаспадыні. Дом жыхара Чучча Валянціна Голава літаральна патанае ў
жоўта-аранжавых кветках. Здаецца, трапляеш у сонечнае мора: усе кветкі маюць
жоўта-аранжавую гаму. Яны ўладараць усюды: на двары, за брамкай, ля праезнай
часткі дарогі, ствараючы ўсім вадзіцелям і пасажырам цёплы настрой. Васіль
Бурак пражывае ў Ялізаве ля чыгуначнай веткі, а ў двары стварыў казку сваімі
рукамі. Разнастайныя штучныя кветкі і дрэвы, роспіс сцен, божыя кароўкі, жабка,
буслы, грыбы — выкананыя з розных матэрыялаў — гарманічна спалучаюцца з жывымі
кветкамі і кустамі. Вікторыі Багданавай са Свіслачы можна было б працаваць
ландшафтным дызайнерам. Многа цікавых задумак яна рэалізавала. Бетонная дарожка
да хаты, напрыклад, упрыгожана каляровымі слядочкамі, у двары з густам
скампанаваныя групы раслін. Размаляваныя пянёчкі, сплеценыя з лазы кветнікі,
утульная альтанка. Нават лімоннае дрэва дае ўраджай у такім двары (на зіму яго
клапатліва пераносяць у памяшканне).

Падчас паездкі на дарогу, што струменілася перад
машынай, цікаўна выходзілі то буслы, то вожыкі, у адным месцы нават чаплю
сустрэлі, не кажучы ўжо пра кошак ды сабак. Было такое ўражанне, што
прадстаўнікі фаўны адчуваюць экалагічную накіраванасць візіту, а, можа, хацелі
трапіць у аб’ектыў.

“Дом, пабудаваны сваімі рукамі, і
добраўпарадкаваць прыемна”, — лічыць Інга Астраух з Ліпеня. І яе словы пацверджаны
справамі. Акрамя кветак, у аздабленні сядзібы выкарыстаны камяні, прысутнічаюць
элементы фальклору (кола, жорны), шыкоўная альтанка нібы запрашае ўвайсці і
адпачыць пасля напружанага дня. Па-дамашняму ўтульна тут. Да кветніка
прытулілася блакітная ялінка, ганак абстаўлены пакаёвымі раслінамі, якія выйшлі
“падыхаць свежым паветрам”.

Цудоўна, што ў аглядзе прымалі ўдзел не толькі
вопытныя гаспадары, але і маладыя сем’і. Міхаіл і Вікторыя Шлыкавы з Ліпеня
ведаюць кошт заработанаму рублю. Сумленна працуюць і абжываюць уласны дом.
Паказальна, што ў двары ўжо з’явіліся лебедзі і буслы. Гэтыя птушкі, хай і
штучныя, спрыяюць папаўненню ў сям’і і дабрабыту. Хай так і будзе! Багата
маладымі гаспадарлівымі сем’ямі тэрыторыя Дараганаўскага сельсавета. Сем’і
Драздоў, Дубовікаў, Бельчыных ствараюць прыгажосць і гармонію не толькі ва
ўласных дамах, але і на сядзібах, разумеючы, што агульныя справы, інтарэсы
заўсёды аб’ядноўваюць. Прываблівае да сябе і сядзіба Кляновых, што ў Забалацці.
Кветкі ў ёй растуць паўсюдна. Цікава абыгралі гаспадары каналізацыйны люк, каб
ён не псаваў агульную карціну. Зверху размясцілі сімпатычных парсючкоў,
вырабленых са звычайных пластыкавых бутэлек, у якія насыпалі зямлі і пасадзілі
кветкі. Проста і прыгожа!

У сядзібе Тамары Пятровіч з Вяззя нават дыхаецца
неяк па-асабліваму лёгка, а душа пачынае спяваць у лад з птушкамі, якія тут
адчуваюць сябе як дома. Кветкі правяць баль, падпарадкоўваючыся “дырыжорскай
палачцы” гаспадыні. Мноства дзівосных раслін з невымаўляльнымі назвамі і клопат
— вось вам і прыгажосць.

Трэба зазначыць, што многа цудоўных сядзіб не
прынялі ўдзел у аглядзе. Відаць, гаспадары з-за уласцівай ім сціпласці,
вырашылі застацца ўбаку. Так што патэнцыял раённага конкурсу яшчэ ёсць.
Засмуціла залішняя пасіўнасць гарадскіх жыхароў. Таму вялікі дзякуй Галіне
Гоцінай, якая не пабаялася стаць адзінай удзельніцай дадзенага мерапрыемства з
ліку гараджан і парадавала багаццем відаў і сартоў дэкаратыўных раслін. Пра
кожную кветку — з любоўю, толькі так можна дасягнуць узаемнасці, лічыць
кветкавод.

З задавальненнем наведалі пад’езды, якія
падтрымліваюцца ў чысціні. Аздоблены вырабамі з саломкі, макрамэ, рэпрадукцыямі
карцін, разнастайнымі пано. На вокнах — фіранкі, навокал — кветкі. У пятым
пад’ездзе дома № 2 па вуліцы Камсамольскай, напрыклад, своечасова віншуюць
імяніннікаў, паведамляюць радасныя навіны, якія адбыліся: вяселле, нарадзіны…
Кватэру ў такім утульным пад’ездзе прыемна мець кожнаму.

Аб’езд лепшых домаўладанняў падыходзіў да канца,
пакідаючы добрыя ўражанні, фотаздымкі на памяць і лёгкі смутак ад развітання з
харас-твом. Вынікі агляду будуць падведзены ў верасні, тады ж і названы
пераможцы. Але ў такіх мерапрыемствах, хоць яны і маюць конкурсны характар,
пераможцамі з’яўляюцца ўсе ўдзельнікі. Яны перамаглі ўласную ляноту, жаданне
адпачыць, апатыю. А можа і не былі з імі знаёмыя ніколі? Немагчыма пералічыць
усіх удзельнікаў агляду, хай даруюць, каго не назвалі. Усе яны цікавыя суразмоўцы,
захопленыя асобы, неабыякавыя грамадзяне. Устаючы раніцой, клапоцяцца не толькі
аб тым, каб прывесці ў парадак сябе, але, як казаў вядомы персанаж Экзюперы, і
сваю планету, няхай яна і ўвасоблена для іх пакуль у адной невялікай ся-дзібе.

Разам з камісіяй па вызначэнні
вынікаў конкурсу добраўпарадкавання населеных
пунктаў працавала Іна Заскевіч.

 

Последние новости

80 лет Великой Победе

Он освобождал Осиповичи. 28 июня — День освобождения района от немецко-фашистских захватчиков

28 июня 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 28 июня для каждого знака зодиака

28 июня 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко сказал, что делать, чтобы ЕАЭС был эффективной структурой, а не площадкой теоретических дискуссий

27 июня 2025
Читать новость
Общество

В этом месяце перестало биться сердце Зинаиды Константиновны Пацкевич — бессменного председателя совета ветеранов Осиповичской ЦРБ “Серебристый ландыш”

27 июня 2025
Читать новость
Общество

В сельхозпредприятиях Осиповичского района в разгаре сезон кормозаготовки. Качество заготавливаемого сенажа контролируется в ветеринарной лаборатории ВСУ “Осиповичская райветстанция”

27 июня 2025
Читать новость
Власть

ЕАЭС 2.0. Лукашенко обозначил контуры обновленной версии экономического союза

27 июня 2025
Читать новость

Рекомендуем