У сакавіцкім выпуску “Вытокаў” (матэрыял “Ці ёсць платная рыбалка на Асіповіцкім вадасховішчы?” — “АК” № ад 29.03.2011) была агучана адмова арандатара вадаёма — раённай структуры РДГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” — ад усіх правоў на вадасховішча і пачатак пошукаў новага гаспадара, якім, па папярэдніх прагнозах, павінна было стаць ААТ “Рыбгас “Свіслач”. 19 мая акцыянернае таварыства сапраўды атрымала статус галоўнага прэтэндэнта на права арэнды ўзгаданай акваторыі, але каб юрыдычна замацаваць за рыбгасам гэтыя водныя ўгоддзі, спатрэбіцца яшчэ нямала часу.
Што ж адбываецца на вадасховішчы ў перыяд, калі яно афіцыйна знаходзіцца ў дзяржаўным фондзе запасу і фактычна нікім не кантралюецца? Адказ просты: яго ўзбярэжжа імкліва пераўтвараецца ў сметнік…
Асабліва востра гэтая праблема адчуваецца ў двух населеных пунктах Вяззеў-скага сельсавета — у самім Вяззі і вёсцы Зборск. Прычым, калі ў Вяззі асноўнымі носьбітамі смецця з’яўляюцца рыбакі-турысты, то ў Зборску — самі жыхары. Вінаваціць у неахайнасці ўсіх разам несправядліва, аднак праяўляецца гэтая выява “калектыўнага-несвядомага” ў вёсцы даволі масава. Такая выснова напрошваецца, калі бачыш, што прылягаючы да населенага пункта ўчастак берагавой лініі больш-менш раўнамерна засыпаны бытавымі адыходамі, а на супрацьлеглым ад вадасховішча баку вёскі існуе некалькі даволі буйных несанкцыяніраваных сметнікаў. І ўсё гэта махровае парушэнне водаахоўнага заканадаўства мірна суіснуе з размешчаным у вёсцы міні-палігонам для захавання ЦБА!
Каменціруе сітуацыю старшыня Вяззеўскага сельвыканкама Іван Вярыга:
— Зразумець, чаму лю-дзям падабаецца бачыць вакол сябе смецце, увогуле нескладана, гэта — адна з найбольш відавочных выяў звычайнай чалавечай абыякавасці і эгаізму. Трэба шчыра прызнацца, што органы мясцовага самакіравання ачыс-ціць берагавую лінію не здолеюць — на такія выдаткі іх бюджэты не разлічаны. Ну а паколькі злавіць мясцовых жыхароў альбо рыбакоў падчас “папаўнення” імі несанкцыяніраваных сметнікаў, разбурэння пабудаваных у зонах адпачынку альтанак амаль немагчыма, “разграбаць” прыбярэжныя нагрувашчванні разнастайнай упакоўкі, пластыку і іншых адыходаў быту і рэкрэацыі прыйдзецца новаму арандатару вадаёма.
У сваю чаргу сельвыканкам мае намер у бліжэйшы час дабівацца ад зборскіх жыхароў заключэння дамовы з ДУКВП “Райсэрвіс” аб вывазцы смецця непасрэдна з іх сядзіб. Але папярэдне тую ж працэдуру трэба скончыць у яшчэ адным “царстве” бруду — вёсцы Малая Гарожа…