Канец жніўня для беларускіх эколагаў — асаблівы час. Ужо дзесяцігоддзе як у айчынным прыродаахоўным календары з’явілася паняцце Рэспубліканскага экалагічнага форуму — своеасаблівага сінтэзу спаборніцтваў у распрацоўцы і ўкараненні прыродазберагаючых інавацый з мэтанакіраванай работай па выхаванні ў грамадстве “зялёнага” светапогляду. Апафеозам кожнага экафоруму з’яўляецца яго фінал — свята, на якім падводзяцца вынікі па кожным з накірункаў прыродаахоўнай дзейнасці. За ўвесь перыяд існавання экафорумнага руху гэтыя ўрачыстасці ладзіліся ў Оршы, Горках, Полацку, Браславе, Мядзелі, Рэчыцы, Белавежскай пушчы, Гродне, Брэсце. Юбілейны — дзясяты — фінал прайшоў 24-26 жніўня ў Маладзечне.
Асіповіцкі раён там прадстаўлялі галоўны спецыяліст інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Валянціна Волкава і наш карэспандэнт Дзмітрый Саўрыцкі, які сёння дзеліцца з чытачамі думкамі аб убачаным ды пачутым.
Як справы, Беразіно?
— Для нас з Валянцінай Міхайлаўнай удзел у экафоруме пачаўся з паездкі ў горад Беразіно. Менавіта там мы павінны былі далучыцца да дэлегацыі Магілёўскай вобласці, якая рушыла ў Маладзечна на аўтобусе. Шчыра кажучы, даўно хацелася бліжэй пазнаё-міцца з гэтым горадам, але час для экскурсіі выдаўся не лепшым. Праз Беразіно праходзіць шаша Мінск-Магілёў, на якой зараз вядзецца рэканструкцыя. Прынамсі, шаша падзяляе горад на дзве прыблізна роўныя часткі — чым не аналогія з Асіповічамі, што ляжаць паабапал чыгункі?
Адзін з галоўных аб’ектаў гэтай рэканструкцыі — мост праз раку Бярэзіна, таксама знаходзіцца ў межах горада. На перыяд правядзення мантажных работ яго прапускная здольнасць сур’ёзна абмежаваная, так што дарожныя заторы і павышаная аварыйнасць для бярэзінцаў — справа звычайная. Да таго ж, праз райцэнтр хутка пройдзе адзін з VIP-маршрутаў на сёлетнія рэспубліканскія “Дажынкі”, таму ў горадзе вядзецца сапраўдная “бітва” за добраўпарадкаванне.
Работы яшчэ ў самым разгары, але маштабы надыходзячай прыгажосці ўявіць ужо можна. Асабліва радуе вока дыхтоўны будынак аўтастанцыі (у параўнанні з якім наша — не болей, як нягеглы хляўчук) і, натуральна, цэнтральная плошча. Бачна, што аб давядзенні яе вонкавага выгляду да сучасных стандартаў ландшафтнага дызайну паклапаціліся людзі з добрым густам.
Цікавым было і наведванне Бярэзінскага сырзавода. Гэта адносна невялікае, але сучаснае прадпрыемства, нядаўна асвоіла выпуск важнай з экалагічнага пункту гледжання прадукцыі: сухой сыроваткі. Колішні адыход сыраробнай вытворчасці (між іншым, вельмі шкодны для навакольнага асяроддзя!) пераўтварыўся ў запатрабаваны тавар, продаж якога мае ўражваючую рэнтабельнасць — амаль 50%! Ужываецца сухая сыроватка ў хлебапякарнай, кандытарскай і фармацэўтычнай прамысловасці, уваходзіць у склад замяняльнікаў натуральнага малака, так што попыт на яе наўрад ці калі зменшыцца. У рознічны гандаль гэты прадукт не паступае, а шкада: смак у сухой сыроваткі вельмі прыемны: штосьці сярэдняе паміж ёгуртам і вяршковым марожаным. Пры мінімальнай каларыйнасці — таксама вялікі плюс.
Што ж тычыцца іншых вырабаў сырзавода, то іх дэгустацыя пакінула неадназначнае пачуццё. Сыры, якіх было прадстаўлена 3 ці 4 гатункі, нядрэнныя, а вось кефір асіповіцкаму саступае і смакам, і пахам, і кансістэнцыяй.
Пра падабенства, розніцу і крэатыўны падыход
— Праграмай форуму прадугледжвалася знаёмства магілёўскай дэлегацыі з шэрагам аб’ектаў на Бярэзіншчыне. Пакуль аўтобус рушыў да іх, удалося паразмаўляць з начальнікам мясцовай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімірам Шаўровым. Як высветлілася, у нашых раёнаў, нягледзячы на розныя памеры (наш удвая большы па колькасці насельніцтва), і несупастаўны (зноў жа — у нашу карысць) эканамічны патэнцыял, хапае аднолькава балючых праблем прыродакарыстання. Сярод іх аптымізацыя сеткі міні-палігонаў (і навошта іх у свой час пабудавалі столькі?), адсутнасць станцыі абезжалезьвання пітной вады, наяўнасць састарэлых і малаэфектыўных ачышчальных збудаванняў.
…Першым прыпынкам стаў комплекс “Вязычын” (здымак зверху). Што скажаш, гэтая зона экаадпачынку аналагаў у нашым раёне не мае. Зразумела, у нас ёсць дамы паляўнічых, аграсядзібы, мясціны, дзе арганізаваны ўмовы для палявання і рыбалоўства, але ўсё гэта не са-брана ў адным месцы і не мае незабыўнага каларыту!
Бярэзінцам тое ўдалося: прыгожае возера, на выспах і паўвыспах якога размешчаны лазня, лодачная станцыя і нейкія іншыя сэрвісныя службы, стылізаваныя пад сярэдневякоўе масткі, і “абарончая сцяна” — брама сядзібы, унутры якой некалькі міні-атэляў і ўсё, што трэба для паўнацэннага рэлаксу на ўлонні прыроды. Нават цір, дзе паляўні-чыя могуць удасканальваць сваё майстэрства, і заапарк, бясспрэчнай зоркай якога “ззяе” вялікая мядзве-дзіца. Яна зусім ручная — з маленства жыве сярод людзей, — таму падыходзіць да яе дазваляецца даволі блізка. Асабіста мяне ўразілі яе вочы: мудрыя і зусім чалавечыя.
Потым быў прыпынак ў вёсцы Багушэвічы, дакладней — знаёмства з аб’ектам “Багушэвіцкі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”. Яго адметная рыса — пераўтварэнне звычайнай навучальнай установы ў эколага-эстэтычны цэнтр на сяле.
Вось тут, землякі, мне стала сумна і крыўдна. Канцэпцыя стварэння такога цэнтра была распрацавана ў вёсцы Свіслач даўным-даўно (“Шлях да адраджэння — праз экалагічную эстэтыку” — “АК” № 39 ад 24.05.2003 г.), толькі да этапу практычнай рэалізацыі справа так і не дайшла. Дык вось тое, што “не пайшло” ў Асіповічах, бярэзінцы давялі да розуму і пераўтварылі ў магутны брэнд, які “засвяціўся” на ўсю рэспубліку, а на сёлетнім экафоруме быў прызнаны адным з найбольш удалых і арыгінальных праектаў у галіне экалагічнага выхавання моладзі.
Карацей, глядзім і зай-здросцім. А можа робім вы-сновы на будучыню?
Форум — гэта…
— Маладзечна сустрэла больш за 500 удзельнікаў і гасцей “зялёнага” злёту настолькі дрэнным надвор’ем, што ў ход святочных мерапрыемстваў давялося ўносіць пэўныя карэктывы. Аднак галоўныя этапы свята засталіся нязменнымі: шэсце дэлегацый па вуліцах горада, урачыстая цырымонія адкрыцця фіналу Х Рэспубліканскага экафоруму, адкрыццё памятнага знака ў гонар гэтай па-дзеі, авіяшоу, выступленні прафесійных і самадзейных артыстаў, мноства кірмашоў, майстар-класаў, тэматычных выстаў. Прынамсі, на адной з іх — у экспазіцыі “Бібліятэкі Магілёўшчыны ў сістэме экалагічнай адукацыі насельніцтва” раздзел “Лепшыя метадычныя распрацоўкі, якія дапамагаюць у рабоце бібліятэк” ад-крываўся інтэлектуальнай маёмасцю Асіповіцкай ЦБС — падборкай матэрыялаў з рамантычнай назвай “Лесов таинственная сень”.
Святочную мітусню “блаславіў” міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Цалко. У сваёй прамове на цырымоніі ад-крыцця галоўны эколаг краіны адзначыў, что галоўнымі накірункамі прыродаахоўнай работы на перыяд да 2025 года з’яўляюцца змяншэнне шкоднага ўплыву на навакольнае асяроддзе, захаванне і ўзнаўленне прыродных комплексаў, наладжванне дзейснай сістэмы абарачэння адыходаў. Мэтанакіраванасць і паспяховасць дзеянняў беларускіх эколагаў дапаможа не толькі забяспечыць экалагічную бяспеку нашай краіны, але і паспрыяе вырашэнню шэрагу праблем глабальнай экалогіі.
“Надышоў час дзейнічаць адкрыта і энергічна, прыняць на сябе адказнасць за ўласныя учынкі і зрабіць усё, каб наша зямля заўсёды заставалася такой жа прыгожай!” — з гэтым заклікам Уладзімі-ра Цалко да кансалідацыі намаганняў усіх, хто неабыякава ставіцца да стану роднай прыроды, цяжка не пагадзіц-ца.
…Абавязковай і, бадай, найбольш важнай, часткай экалагічнага фэсту з’яўляецца знаёмства з найбольш эфектыўнымі тэхналогіямі рэсурсакарыстання.
Цікавы прыклад безадыходнай вытворчасці прадэманстравала прадпрыемства СП “Мінскі мэблевы цэнтр” ТАА. Асноўны адыход дрэваапрацоўкі — пілавінне — тут ужываюць у якасці паліва для кацельнай, якая аснашчана спецыяльным абсталяваннем, істотна павышаючым эфектыўнасць цеплааддачы. У выніку ММЦ цалкам забяспечвае сябе цяплом ды гарачай вадой і нават прадае частку “лішкаў” суседнім прадпрыемствам. Прычым па цане намнога меншай, чым атрымліваемая з гарадскіх цеплавых сетак.
Ну а калі пілавіння болей, чым трэба для кацельні, — яно пераўтвараецца ў пелеты, якія маюць добры попыт на знешнім рынку.
…Нечакана наблізіўся вечар, а з ім — цырымонія за-крыцця форуму, падчас якой адбываецца ўзнагароджанне пераможцаў конкурсаў экалагічных накірункаў. Па традыцыі іх сем: на максімальнае здабыванне другасных рэсурсаў з камунальных адыходаў; на лепшае сеткавае гідраметэаралагічнае падраздзяленне; на лепшае добраўпарадкаванне і ўтрыманне месцаў масавага адпачынку ў межах вадаахоўных зон водных аб’ектаў; на лепшую публікацыю экалагічнага зместу; фотаконкурс “Гэта твая зямля”; на лепшую аўтатранспартную арганізацыю ў рабоце па змяншэнні за-бруджвання паветра; на лепшую кампазіцыю па азеляненні і добраўпарадкаванні.
У апошнім конкурсе пачэсную ўзнагароду атрымала ААТ “Бабушкина крынка”, структурным падраздзяленнем якой у хуткім часе стане “Асіповіцкі малочны камбінат”.