Да паводкі гатовы (№ 17)
Занадта снежная для апошніх гадоў сёлетняя зіма пугае
вялікімі вясеннімі паводкамі і падтопліваннямі. Менавіта пра гэта ішла размова
на пасяджэнні раённай камісіі па надзвычайных здарэннях, якая праходзіла пад
началам намесніка старшыні райвыканкама Сяргея Семянцова.
Адказныя пасадавыя асобы яшчэ раз акрэслілі галоўныя
моманты, што неабходна рабіць арганізацыям, прадпрыемствам і пассельвыканкамам
падчас вялікай вады. Работнікі ААТ «ПМК № 95 «Вадбуд”, дарожнікі, ДУКВП
«Водаканал” пастаянна трымаюць у полі зроку свае падведамныя тэрыторыі,
старшыні выканкамаў кантралююць становішча населеных пунктаў і ўласных сядзіб
грамадзян, што могуць патрапіць у зоны вясенняй паводкі. Падрыхтаваліся
належным чынам да сустрэчы з магчымым падтопліваннем асобных мясцін і іншыя
арганізацыі: райаддзел па надзвычайных сітуацыях, жыллёва-камунальныя
прадпрыемствы, раённае спажывецкае таварыства, Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі,
медыкі і г.д.
Сёння ніякіх пазаштатных сітуацый у сувязі з гэтым у
раёне не назіраецца, усё, як кажуць, пад кантролем. Аднак неабходна памятаць:
вядомы выраз «наша бяспека — у нашых руках” ніхто не адмяняў.
