Да 75-годдзя заснавання Магілёўскай вобласці Край любімы, сэрцу мілы…

Сяргей Міхайлавіч ЛIсIчкIн, індывідуальны прадпрымальнік:

— Гісторыя Дрыбінскага раёна надзвычай цікавая. Лічыцца, што яго
цяперашняя тэрыторыя пачала засяляцца 10 тысяч гадоў таму. Пра гэта гавораць і
помнікі архітэктуры, якіх тут налічваецца каля 30. Само мястэчка Дрыбін вядома
з 1632 года.

Тутэйшыя жыхары праславілі свой край такім промыслам, як
шапавальства. Дрыбінцы і сёння займаюцца вырабам валёнак. Майстры пастаянна
ўдзельнічаюць у выстаўках народных рамёстваў. Па вопыт да іх прыязджаюць нават
з іншых краін.

Склалася так, што раён то ліквідаваўся, то ўзнікаў. Апошні раз
Дрыбін зноў набыў статус райцэнтра ў 1989 годзе ў сувязі з масавым перасяленнем
сюды жыхароў Краснапольскага, Слаўгарадскага і Чэрыкаўскага раёнаў.

Дарэчы, да перасяленцаў адносіцца і наша    сям’я. Пераехалі са Слаўгарадчыны, а
прытуліла нас вёска Пудаўня, дзе і зараз жывуць бацькі. Безумоўна, цяжка было
прывыкаць да новага месца, але з мясцовымі жыхарамі здружыліся. Такія вёскі
раёна, як Расна, Міхееўка, Трылесіна, Пудаўня, Белая, Кароўчына, дзякуючы
“свежым” жыхарам, атрымалі новае жыццё.

Да 75-годдзя заснавання Магілёўскай вобласці Край любімы, сэрцу мілы…

Вадзім Аляксандравіч Ткачоў, галоўны
заатэхнік СВК “Калгас “Чырвоны ўдарнік”:

— Мой родны горад — Крычаў, дзе цячэ Сож. Для дапытлівых:
некаторыя выступы яго правага берага маюць шчыльную пароду белага колеру. Гэта
мел і мергель, якія ўтварыліся на дне старажытных мораў, існаваўшых тут больш
за 200 мільёнаў гадоў таму. Мел утрымлівае і крэмній. Iм карысталіся ў каменным
веку. Зараз жа мел і мергель выкарыстоўваюцца на Крычаўскім заводзе для
вытворчасці цэменту і крэйды. Дадзенае прад-прыемства ўвесь час мадэрнізуецца,
і тыя, хто быў у горадзе напачатку 80-х гадоў, а затым наведваўся сюды пазней,
заўважылі, што ён стаў значна чысцейшым і прыгажэйшым. Прыцягвае ўвагу гасцей і
палац Пацёмкіна, які паступова адраджаецца і становіцца сапраўдным мясцовым
брэндам. У гады ж дзяцінства ў яго пустых сценах самі праводзілі вольны час.

А яшчэ цудоўнае месца адпачынку — Чорнае возера, што знаходзіцца
непадалёк ад райцэнтра. Там і зараз летам збіраецца ўвесь горад. Зімовы час
праходзіў таксама весела, з санкамі і лыжамі. Праехаць з той або іншай горкі —
адно задавальненне. У Асіповічах такіх узвышэнняў няма. Успамінаюцца і заняткі
гуртка “Юны фермер”, што праходзілі ў раённым дзіцячым экалагічным цэнтры. Шмат
чаго карыснага даведаўся падчас яго наведвання.

Наогул жа любоў да горада настаўнікі закладвалі на ўроках
краязнаўства. Ганарыліся, што наш Крычаў на 11 гадоў старэйшы за Маскву. А
назва яго тлумачыцца такой легендай. Здабываючы той самы мел або крэмній на
адным з берагоў, майстры стараліся дакрычацца да другога, дзе заставаліся
родныя або знаёмыя. А потым пыталіся адзін у аднаго, ці крычаў ты сёння,
што азначала, размаўляў з супрацьлеглым берагам або не.

Да 75-годдзя заснавання Магілёўскай вобласці Край любімы, сэрцу мілы…

Ірына Аляксандраўна ШаблIнская, настаўніца рускай мовы СШ № 4:

—Чавускі раён значна меншы, чым Асіповіцкі. Там жыве каля 24 тысяч
чалавек, з іх у райцэнтры — каля адзінаццаці. У асноўным людзі заняты ў
сельскагаспадарчай сферы. Аднак ёсць і прамысловыя прадпрыемствы, сярод іх
заводы — масларобчы, жалезабетонных вырабаў.

Горад мае не адну сотню гадоў і беражна захоўвае сваю гісторыю.
Асаб-ліва чавусцы з павагай адносяцца да магіл, у якіх пахаваны больш за 18
тысяч савецкіх воінаў, якія загінулі ў баях за вызваленне раёна.

Чым яшчэ могуць пахваліцца мясцовыя жыхары? Напэўна, маляўнічымі
мясцінамі. Да іх адносіцца і вадасховішча плошчай 265 гектараў, якое створана
на прытоку Расты — рацэ Рудэя. На яго берагах размешчаны тры санаторыі-прафілакторыі.

Родам з маёй роднай вёскі Антонаўкі пісьмен-нік Iван Аношкін.
Турысты могуць прайсці так званым зялёным маршрутам “Шляхамі радзімічаў”,
падчас якога пазнаёмяцца з 11 мясцовымі славутасцямі. Гэта і старажытнае
гарадзішча з Замкавай гарой у Ратамлі, і кіпячая крыніца ў Друкаўцы, і
ветраэнергетычная ўстаноўка ў Дубасніку.

Да 75-годдзя заснавання Магілёўскай вобласці Край любімы, сэрцу мілы…

Аляксандр Уладзіміравіч ОсIпаў, оперупаўнаважаны групы па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю Асіповіцкага аддзела ўнутраных спраў на транспарце:

— Дзе б чалавек ні жыў, ён заўсёды
з любоўю ставіцца да таго
месца, якое яго ўзгадавала. Родныя мясціны часта сняцца, нене, ды і ўспамінаюцца суседзі, аднакласнікі, настаўнікі і проста знаёмыя. Такія хвіліны асабліва дарагія, кладуцца бальзамам на душу…

Нарадзіўся я на Клімавіччыне, у
вёсцы Ціман
ава, там жа скончыў сярэднюю школу. З задавальненнем успамінаю цудоўныя часы дзяцінства, калі разам з сябрамі амаль увесь вольны час бавілі на ўлонні прыроды. Асабліва даспадобы былі азёры, што размешчаны ў нашай вёсцы. Дарэчы, дом бацькоў стаяў у дзясятку метраў ад аднаго з іх. А хто вырас каля вады, той добра ўсведамляе яе значнасць. Прападалі там дзень і ноч. Лавілі рыбу, купаліся, зімою гулялі ў хакей. На беразе возера назначалі спатканні…

Сам горад Клімавічы маладзее з кожным годам. Прываблівае сваёй чысцінёй, новымі забудовамі. Ён мае багатую гісторыю. Вядомы з 1581 года. Думаю, што многія ведаюць пра сялянскае паўстанне пад кіраўніцтвам Васілія Вашчылы, якое было якраз на тэрыторыі Клімавіччыны. Нямала нарадзіла родная зямля і знакамітых людзейпісьменнікаў Iвана Новікава і Паўла Пруднікава, другіх. Сярод ураджэнцаў раёна 15 баявых генералаў, 8 Герояў Савецкага Саюза, 5 — Сацыялістычнай працы.

Дзе працуюць клімаўчане? Частка людзей занята ў сельскай гаспадарцы. Прычым некаторых спецыялістаў для гэтай галіны рыхтуюць менавіта тут, у прафтэхвучылішчы сельгасвытворчасці і аграрным каледжы. А часткана прамысловых прадпрыемствах, якія, дарэчы, добра вядомы далёка за межамі раёна. Напрыклад, наш
лікёра-гарэлачны завод.

Візітнай карткай горада можна лічыць міжнародны фестываль дзіцячай творчасціЗалатая пчолка”, які набыў вялікую папулярнасць у многіх краінах блізкага і дальняга замежжа. Сюды з’язджаюцца не толькі ўдзельнікі, але і тыя, хто проста хоча выдатна адпачыць. Ведаю, што некаторыя асіпаўчане таксама аблюбавалі гэтае дзейства…

I

 

Да 75-годдзя заснавання Магілёўскай вобласці Край любімы, сэрцу мілы…

Таццяна Дзмітрыеўна ГрамовIч, урач-тэрапеўт участковы раённай паліклінікі:

— Дзяцінства прайшло ў маленькім утульным правінцыяльным гарадку
Мсціслаў. Каля прыгожай рачулкі Віхра бавілі шмат часу, там навучылася плаваць,
ва ўлонні прыроды фарміраваліся светапогляды. Мая дачка праводзіла ўсе канікулы
ў бабулі з дзядулем, якія працавалі настаўнікамі ў школе.

Мсціслаў вылучаецца на фоне іншых райцэнтраў вобласці багатай
і слаўнай гісторыяй. Яго заснаваў князь Расціслаў Мсціслававіч. У ХII-ХIII стагоддзях
тут стаяў драўляны замак, акружаны землянымі валамі і равамі, шчыльна забудаваны
жылымі і гаспадарчымі пабудовамі. Ён лічыўся важнейшым стратэгічным аб’ектам на
граніцы Вялікага княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы, таму перажыў многа асад
і войнаў.

На тэрыторыі Мсціслаўшчыны захавалася шмат помнікаў археалогіі,
гісторыі і архітэктуры. У ліку найбольш цікавых — Успенскі сабор у вёсцы Пустынкі,
цэрквы ў вёсках Слаўнае і Сялец. Варта паглядзець Дзявочую і Замкавую горы, касцёл
кармелітаў і іншыя славутасці. Горад здаўна лічыўся буйным цэнтрам ганчарных вырабаў
і архітэктурна-дэкаратыўнай керамікі. Пазнаёміцца з гісторыяй і культурай раёна
можна ў Мсціслаўскім гісторыка-археалагічным музеі.

Тут нарадзіліся славянскі першадрукар Пётр Мсціславец, паэт
Аркадзь Куляшоў, пісьменнік Максім Гарэцкі, шэраг другіх вядомых людзей.

Край прыгожы, нездарма тут праходзілі здымкі некалькіх фільмаў.
На Асіповіччыне, дарэчы, жыве нямала выхадцаў з Мсціслаўшчыны.

Зоя Iванаўна ДзедзюкевIч, метадыст райаддзела адукацыі:

— Клічаўшчына лічыцца партызанскім краем. У мясцовых лясах фарміраваліся
паўстанцкія атрады Кастуся Каліноўскага. Тут вялася барацьба ў перыяд Айчыннай вайны
1812 года і Першай сусветнай. У гады ж Вялікай Айчыннай рэгіён стаў арганізуючым
і кіруючым цэнтрам партызанскага руху на Магілёўшчыне. Тут базіраваліся падпольны
абкам партыі, дзейнічалі 43 партызанскія атрады, была створана першая ў рэспубліцы
партызанская зона і партызанскі аэрадром. I цяпер шматлікія помнікі ўзгадваюць аб
былым…

Гэтыя прыгожыя мясціны з гераічнай гісторыяй у душы пакінулі
незабыўны след. Клічаўшчына сапраўды цудоўная: бярозавыя гаі настройваюць на рамантычны
лад, заходзіш у сасоннік — на душы становіцца спакойна і лёгка дыхаецца, у змрочным
ельніку нібы жывуць казачныя істоты. У раёне многа забалочаных месцаў, якія аблюбавалі
журавіны. I наогул паблукаць па лесе з кошыкам ці вядзерцам — адна асалода!

I цяпер наведваю Клічаўшчыну, дзе знайшлі спачын мае бацькі.
Зямля дзяцінства вабіць да сябе…

Людміла Васільеўна КапIтула, начальнік участка па вытворчасці цэльнамалочнай прадукцыі філіяла “Асіповіцкі”
ААТ “Бабушкина крынка”:

— Сярэдняя школа № 2 Глуска стала для мяне роднай. Прайшло тры
дзясяткі гадоў пасля яе заканчэння, але і цяпер з радасцю сустракаемся. У класе
вучылася 28 чалавек, усе знайшлі сваё месца ў жыцці. Хто стаў начальнікам аўтапарка,
хтосьці — дырэктарам гімназіі, ёсть кухары, слесары, медыкі. Але галоўнае — усе
цудоўныя людзі, якіх паважаюць землякі.

Ціхі, невялікі пасёлак. Рака Пціч плаўна нясе свае воды. Вельмі
многа зеляніны, парк. Там расла, на мясцовым масласыраробным заводзе прахо-дзіла
практыку ў час вучобы. Успаміны тых далёкіх гадоў саграваюць і цяпер. Калі маму
забрала да сябе, у родны горад стала наведвацца толькі на Радаўніцу. У Глуску людзі
надзвычай душэўныя і гасцінныя, як прыедзеш, то запрашаюць у хату, прапануюць адпачыць
з дарогі, заўсёды падкажуць і памогуць, калі неабходна.

Раён славіцца годнымі людзьмі, вядомымі далёка за яго межамі.
Адсюль родам Анатоль Глаз, Сяргей Грахоўскі, некалькі Герояў Савецкага Саюза і Сацыялістычнай
працы.

Зямля, якая ўзгадавала выдатных людзей, не можа быць беднай.
Ёсць у ёй торф, калійныя солі, сапрапелі, гліна, нават нафта…

 

Да 75-годдзя заснавання Магілёўскай вобласці Край любімы, сэрцу мілы…

Мікалай
Міхайлавіч СIвухIн, ветэран працы:

— Сваю
цяперашнюю назву Слаўгарад атрымаў толькі ў 1945 го-дзе разам са статусам
горада, датуль ён называўся Прапойск. Чаму? Бытуе легенда, што калі стваралі
Кацярынінскі тракт, было вырашана ўздоўж яго пасадзіць бярозы. Шлях праходзіў і
праз старажытны Прапошак. Каб хутка і добрасумленна сяляне выканалі даручэнне,
ім паабяцалі добры пачас-тунак. Людзі папрацава-лі на славу, за што атрымалі
бочку “гарачага напою”. У выніку царыца Кацярына, якая праяз-джала па
“свайму” тракту, убачыла такую карціну: прыгожая бярозавая алея, а
ледзь не пад кожным дрэвам па чалавеку, задаволена адпачываючых. Уладарка
ўсклікнула: “Ды гэта ж сапраўдны Прапойск!”. Падчас майго дзяцінства
старыя людзі так і казалі: “Па-еду ў Прапойск”, хоць райцэнтр меў ужо
іншую назву.

Нарадзіўся я ў
вёсцы Прудок, тады там налічвалася 180 двароў. Сем’і, у якіх расло 4 дзіцяці,
лічыліся маленькімі, 6-8 — вось гэта норма. Побач працякала рака Пацэя, якую
выкапалі ўручную. Старажылы расказвалі, што водная артэрыя калісьці была нават
суднаходнай.

У дзяцінстве і
юнацтве гуляць не было калі: вучоба плюс шмат працы. Але вечарамі паспявалі
збегаць і на танцы. З’ехаў са сваёй малой радзімы я ў 16-гадовым узросце, але з
раёнам не развітаўся: наведваюся штогод. Слаўгарад радуе сваім
добраўпарадкаваным утульным выглядам, на цэнтральнай пляцоўцы перад будынкам
мясцовай улады створаны англійскі ландшафт. I хоць у райцэнтры пражывае ўсяго
каля 10 тысяч жыхароў, ён вабіць да сябе ўсё новых наведвальнікаў: у 8
кіламетрах ад гарадка б’е “блакітная” крыніца — месца паломніцтва
людзей, якая нагадвае аазіс сярод пяскоў. Многа гадоў светары да крыніцы не
дапускаліся, царква была разбурана, спрабавалі заглушыць і крыніцу. Але людзі
ўсё роўна ішлі сюды — у пошуках здароўя, дапамогі ў розных справах. Дабрацца да
гэтага святога месца зручней за ўсё ў летні час, калі наладжана пантонная
сувязь. На Макавы Спас да крыніцы едуць адусюль. Перахрысціўшыся, тройчы трэба
прайсці ад берага да берага, што паспрыяе ў далейшых справах, прынясе здароўе.
А вада ў вадаёме заўсёды аднолькавай тэмпературы: каля 6 градусаў.

Яшчэ ў
Слаўгарадзе ёсць старажытны парк, у якім расце “дрэва кахання”. Па
павер’ях, яно нясе мір і згоду закаханым. Каб абхапіць гэту магутную ліпу, што
ля месца ўпадання Проні ў Сож, трэба не менш як 3 чалавекі…

Таццяна
Васільеўна Крупенка, галоўны спецыяліст аддзела
бухуліку і справаздачнасці ўпраўлення
справамі райвыканкама:

— Чэрыкаў —
родны майму сэрцу куточак. Там ха-дзіла ў школу і расла, туды ж прыехала пасля
заканчэння ВНУ і адпрацавала 8 гадоў. Гарадок значна меншы за Асіповічы — каля
8 тысяч жыхароў, але па прыгажосці не саступае нашаму райцэнтру. Ён мае багатую
гісторыю, не так даўно адзначыў 400-гадовы юбілей, да якога набыў новы твар.
Радуе, што рэканструявана царква, у якой доўгі час размяшчалася… ад-дзяленне
міліцыі. Каля школы № 1 раней было балота, а зараз тут прыгожае возера,
непадалёк — другое, каля яго — паркавая алея. Створаны сучасны бальнічны
гарадок. Вельмі прыгожа тут у вячэрні час, калі ўключаецца неонавае асвятленне
і ўсё навокал становіцца загадкавым. На працягу многіх гадоў Чэрыкаў займае
лідзіруючыя пазіцыі па добраўпарадкаванні сярод малых гарадоў вобласці. I самі
жыхары стараюцца падтрымліваць чысціню і парадак у населеным пункце.
Прамысловасць раёна прадстаўлена прадпрыемствамі, якія перапрацоў-ваюць сельскагаспадарчую
і лясную сыравіну, яго можна аднесці да аграрных. А вось зносіны з іншымі
рэгіёнамі ня-дрэнныя, бо побач пралягае траса Масква — Варшава.

У Чэрыкаве
засталіся сваякі. Туды наведваюся з задавальненнем, каб яшчэ раз прайсці па
сцяжынках дзяцінства, адчуць сябе юнай і бадзёрай.

Анатоль
Фёдаравіч ЦIмашэнка, галоўны аграном СВК “Калгас “Каўгарскі”:

— Крыўд-на за
лёс Краснапольскага раёна: Чарнобыль-ская трагедыя пера-крыжавала яго развіццё,
але не змагла спыніць жыццё. Сёння гэта самы малазаселены раён вобласці — каля
13 тысяч чалавек засталося. Не функцыянуюць ужо льнозавод, будаўнічыя
арганізацыі, працуе ўсяго адно сельскагаспадарчае прадпрыемства. Вялікі
ўзровень і беспрацоўя.

З гэтымі ж
мясцінамі звязана вялікая частка жыцця. Тут вырас, адчуў любоў да працы. Ды і
як жа інакш, калі з 7 гадоў рабіў. Спачатку вадзіў каня па баразне, потым за
плуг стаў. Рвалі лён, абівалі яго пранікам, вазілі на завод. З чацвёртага класа
дапамагаў матулі, якая працавала на ферме даяркай. Таму і лёс свой звязаў з
сельскай гаспадаркай. Амаль дзесяцігоддзе быў галоўным аграномам вядомага ў тыя
часы саўгаса імя Калініна, а потым — перасяленне ў Асі-повіцкі край. З тугой у
сэрцы наведваю малую радзіму. Хаджу па могілках, ды і вёскі многія ўжо
нагадваюць могілкі, разбураныя, як пасля вайны. Балюча за зямлю і лю-дзей.
Славіўся наш край бульбай, ільногадоўляй, у гэтым жа раёне нарадзілі-ся такія
знакамітыя асобы, як народная артыстка Марыя Пахоменка, паэт Аляксей Пысін,
за-снавальнік рускай школы доменшчыкаў Міхаіл Курака. Помнікамі прыроды
мясцовага значэння пры-знаны “Ясеневы гай” у вёсцы Горы і
дэндралагічны сад “Iванаў хутар” каля вёскі Палуж. Цяпер у шэрагу
населеных пунктаў адны старыя пражываюць…

Последние новости

Общество

Газета “Асіповіцкі край” в числе лучших СМИ Могилевской области

21 мая 2025
Читать новость
Общество

Можно ли заводить пчел, домашнюю птицу и животных в садовом товариществе, рассказали специалисты

21 мая 2025
Читать новость
Образование

Расширен список специальностей, по которым выпускники колледжей могут получить высшее образование за три года

21 мая 2025
Читать новость
Общество

Европейский кризис идентичности: от имперских амбиций до инструкций по выявлению “русских шпионов”

21 мая 2025
Читать новость
Спорт и туризм

В пятницу «Осиповичи» сыграют на выезде с «Гомель-2»

21 мая 2025
Читать новость
Культура

Работники Военизированной охраны станции Осиповичи посетили Дарагановскую и Татарковскую средние школы

21 мая 2025
Читать новость

Рекомендуем