Часовае жытло ці пастаянны прытулак? 19.01.10, № 4


Інтэрнаты бываюць сямейныя і халасцяцкія, утульныя і змрочныя, адрамантаваныя грунтоўна і толькі касметычна — і аднак усе карыстаюцца папулярнасцю, якой пазайздросціць любая рок-зорка. Сёння ў чарзе на асіповіцкую жылплошчу стаіць 2,5 тысячы чалавек — каля 7,4% ад насельніцтва горада. З іх доўгачаканае койка-месца ў першую чаргу па праву атрымліваюць сіроты і маладыя спецыялісты, прыбыўшыя з населеных пунктаў за межамі раёна.

Інтэрнацкія прывабы

Унушальная колькасць беларускіх сямей прайшла праз інтэрнацкія “жорны”. Найлепшыя ўспаміны пра іх засталіся і застаюцца пераважна ў “камунараў” дзіцячага і юнацкага ўзросту. Падлеткі, што жывуць у за-мкнёных кватэрах, нярэдка зайздросцяць аднагодкам, якія вялікімі кампаніямі носяцца па даўжэзных калідорах, падымаючы неверагодны гвалт. Акрамя таго, што дзятва забаўляецца сама, да яе 2 разы на тыдзень завітваюць спецыялісты-гурткоўцы. Па словах бацькоў, у гэты час наступае зацішша, бо ўсе “шумавічкі” занятыя справай.

Іншая сітуацыя ў мам і тат гэтых шчасліўцаў. “Калі 20 гадоў таму засялілася, усё падавалася шыкоўным. Быў, што ні кажы, іншы час і іншы ўзрост, — распавядае старажылка інтэрната на Дзмітрыева, 6 Ірына Батура. — Маладыя, вясёлыя, мы разам расцілі дзяцей. На святы да знямогі танцавалі пад акампанемент суседа-баяніста Сцяпана і нават не здагадваліся, што значыць адбой у 11 гадзін”.

Нягледзячы на тое, што ў вялікай сям’і жылося і весела, і камфортна, моладзь не збіралася затрымлівацца тут надоўга. Чалавек сталее, абзаводзіцца звычкамі і хваробамі, патрэбай у спакоі і ўласнай прасторы — ўсім тым, што перашкаджае гарманічнаму суіснаванню ў “камуне”. Аднак далёка не ўсе могуць з ёю развітацца…

Апошні прытулак

“Інтэрнат — гэта часовае жытло, аднак для некаторых яно становіцца апошнім прыстанкам”, — з сумам адзначае Аляксандра Стажын-ская, камендант інтэрната ААТ “Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне”.

Марыя Лявонаўна Кордава, да прыкладу, ужо 12 гадоў як жыве на дзяржаўнай жылплошчы і наўрад ці, як сама кажа, яе зменіць. Пасля выбуху на ЧАЭС яна вымушана была пераехаць з уласнай вялікай хаты да сына ў Асіповічы. Далейшая сітуацыя склалася такім чынам, што бабуля засталася без жытла і падтрымкі. Звярнулася да тагачаснага старшыні райвыканкама Мікалая Раўбеля, які і дапамог з выдзяленнем койка-месца.

“Колькі я адплакала, калі пераязджала са сваёй хаты, — успамінае Марыя Лявонаўна. — Першы пакойчык у інтэрнаце ўвогуле нагадваў мне камору — такі маленькі. Зараз палепей, аднак і гэта мне не дом, жыву, што ў суседзяў”.

Прынамсі, у вышэйназваным інтэрнаце такіх старэнькіх пастаяльцаў некалькі.

Дом-метро: перманентны час-пік

Па словах А.Стажынскай, у сярэднім за два гады з інтэрната высяляецца 1-2 сям’і — толькі дзякуючы кааператыву зараз вызваліцца 8 пакояў. З-за няспешнага высялення-засялення публіка ў падобных установах рознаўзроставая, таму ў наяўнасці і канфлікт пакаленняў.

“Пакуль малое ды маладое — нічога не заўважаеш, — кажа Ірына Батура. — А потым адгукваецца ўзрост. 20 гадоў працую на вытворчасці, дзе пастаянныя шумы. Дома ўжо і тэлевізар успрымаць не магу, а сусед, напрыклад, музыку слухае гучна. Да таго, побач дзеці растуць, а дзверы і сцены — што той кардон. Ніякага адпачынку”…

Па словах старажылаў, якраз зараз прыходзіць пакаленне з кардынальна новымі прынцыпамі. Нягледзячы на тое, што ў інтэрнаце, як у тым метро, без увагі не застанешся, бо ён бесперапынна віруе, людзі ўсё больш замыкаюцца на сабе.

“Мала хто цікавіцца здароўем суседа, рэдка дзе пачуеш камплімент у свой адрас, як было раней, — дзеліцца думкамі Марына Францкевіч. — Мы абмяркоўвалі, дзе танней набываць прадукты, хваліліся абноўкамі, сябравалі. Калі ж зараз узнікае канфлікт, моладзь вырашае яго не сам-насам, а з дапамогай адміністрацыі. І гэта пры тым, што як ні хавайся, ні сусед для цябе сакрэтам не з’яўляецца, ні ты для яго”.

Карэнным чынам, па словах камендантаў, змянілася стаўленне да супольнага жытла. “Калі раней трэба было прыбраць тэрыторыю, то дапамагалі ўсе, — успамінае Аляксандра Стажынская, якая на сваёй пасадзе з 1984 г. — Людзі імкнуліся зрабіць побыт камфортным. А сёння некаторыя не прытрымліваюцца прос-тых правілаў паводзін. Напрыклад, лаюцца дзень і ноч, а гэта дзейнічае на псіхіку суседзям. У адказ на заўвагу гарантавана пачуеш: “Я тут жыву — і што хачу, тое і раблю”…

Пазіцыя адміністрацыі

У яе свой погляд на тых, хто доўгі час не вызваляе памяшканне. “Інтэрнат — не дом сацыяльнага прытулку: аднойчы засяліўся і жыві да скону, — кажа дырэктар ДУКВП “Райсервіс” і “куратар” чатырох інтэрнатаў Аляксандр Маслаў. — Ён — стымул для таго, каб застацца на прадпрыемстве, якое забяспечыла жыллём. Аднак лічу, што сёння кожны можа набыць сабе кватэру. Прыйдзецца, канечне, добра па-працаваць і ў нечым сябе абмежаваць. Але ёсць асобы, якія бачаць падобную ўстанову сваім пастаянным, ледзьве не ўласным жытлом. Спрабуюць ставіць лічыльнікі на ваду, што проста тэхнічна немагчыма, спрабуюць пашыраць пакой і г.д.”

* * *
Сёння на аднаго чалавека ў інтэрнаце павінна прадастаўляцца не менш чым 6 квадратных метраў — на інтэрнацкім слэнгу гэта “койка-месца”. Усяго ў горадзе 16 інтэрнатаў, але толькі ў трох з іх райвыканкам можа размяркоўваць метры — астатнія знаходзяцца ва ўласнасці прадпрыемстваў. Зараз у гэтых 3 інтэрнатах жыве 379 чалавек і з іх мала хто разлічвае на хуткі пераезд. Калі Марына Францкевіч кажа, што ў бліжэйшы час атрымае кватэру, маецца на ўвазе тэрмін у 2-3 гады.
Па закону інтэрнат — толькі часовы прытулак. Але на справе для некаторых ён становіцца апошнім пры-станкам і паратункам. І далёка не таму, што гэтыя “хтосьці” не хочуць працаваць на прыватныя метры і адчуваюць сябе камфортна на тэрыторыі пастаяннага час-піку, хаця ёсць і такія. У большасці выпадкаў доўгае пражыванне ў інтэрнаце — трагедыя. Трагедыя чалавека, якому няма куды прыткнуцца і які вымушаны пастаянна хвалявацца за сваіх дзяцей, якія могуць застацца наогул без дома.

Толькі адначасова інтэрнат — і выратаванне!

Ганна МАЦКЕВІЧ.

Последние новости

Общество

Филиал “Осиповичский завод железобетонных конструкций” ОАО “Дорстроймонтажтрест” отмечен Дипломом I степени XXII республиканского конкурса “Лидеры в строительстве Беларуси-2025”

5 июля 2025
Читать новость
Общество

Коллектив РУП “Могилёвоблгаз” завоевал Гран-при IX молодежного фестиваля “Мы едины — мы молодежь”.

5 июля 2025
Читать новость
Общество

“Аўталаўка — гэта свята!” — так лічаць жыхары малых населеных пунктаў Асіповіцкага раёна

4 июля 2025
Читать новость
Общество

Международный молодежный патриотический проект “Дорогами Памяти и Славы” в Осиповичах

4 июля 2025
Читать новость
Год благоустройства

У абласным этапе рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне паверхневага воднага аб’екта асіповіцкі гарадскі пляж заняў першае месца

4 июля 2025
Читать новость
Общество

Прямая линия с первым заместителем председателя Осиповичского райисполкома

4 июля 2025
Читать новость

Рекомендуем