Грамадзянскі шлюб з’явіўся ў XVI стагоддзі ў Галандыі, і з таго часу амаль 80% мужчын, якія жывуць са сваімі сяброўкамі без афіцыйнага роспісу, нязменна лічаць сябе халастымі, а 90% “незарэгістраваных” жонак — замужнімі.
Дык хто з іх памыляецца?
Першыя грамадзянскія шлюбы мелі мала агульнага з сучаснымі. Прагрэсіўныя ўлады сярэдневяковых Нідэрландаў дазволілі закаханым розных веравызнанняў рэгістраваць саюзы ў гарадской ратушы, а не пад зводамі царквы. Вядома, галандцы не задумваліся, наколькі зменіцца іх традыцыя праз стагоддзі.
Што ж сёння ўяўляе сабой грамадзянскі шлюб? Пазіцыя царквы на гэтае пытанне не змянілася. Калі маладыя людзі зарэгістравалі свае адносіны, але не абвянчаліся ў царкве, яны жывуць у грамадзянскім шлюбе. У другой палове ХХ стагоддзя такіх сямей была большасць, але і цяпер некаторыя пары літаральна ідуць “пад вянец” (у гэтым годзе такіх пар на Асіповіччыне 30). А той шлюб, які ўсе прывыклі называць грамадзянскім, царква асуджае. Вось як лічыць благачынны протаіерэй Васілій Белаус: “Грамадзянскі — гэта дзяржаўны шлюб, без вянчання, але з абавязковай рэгістрацыяй у адпаведных органах. Царква дапускае такі від сям’і, яна заўсёды бласлаўляла двух любячых людзей, якія адказныя адзін перад адным. А сужыцельства без рэгістрацыі — гэта пралюбадзейства, якое парушае сёмую запаведзь. Царква стаіць на цнатлівасці. Маладыя людзі павінны атрымліваць бласлаўленне бацькоў на доўгае, мірнае сумеснае жыццё, у якім неабходна любіць, разумець, умець дараваць адно аднаму”.
Перапіс насельніцтва, які прайшоў у 2009 годзе, упершыню прадугледжваў пытанні аб незарэгістраваных адносінах. Як прызна-ліся жыхары Асіповіцкага раёна ад 15 гадоў і старэй, 955 жанчын і 937 мужчын гэтай узроставай групы пражываюць у незарэгістраваным шлюбе. Чаму гэта колькасць неаднолькавая — пытанне саміх рэспандэнтаў (чытайце першы абзац), але і гэта колькасць складае 10,3% ад усіх “ячэек грамадзянства”. Прычым сярод маладых сямей гэты працэнт значна большы. Такім чынам, сярод моладзі “свабодныя” адносіны карыстаюцца павышанай папулярнасцю. Пацікавімся ў іх: чым прываблівае такі від пражывання.
Дар’я:
— Мы пражываем з Міхасём у грамадзянскім шлюбе ўжо 12 гадоў. Маем дваіх дзяцей. (Жанчына паглядвае на свайго спадарожніка). Аб вяселлі я спачатку марыла, а цяпер звыклася. Жывём на жылплошчы мужа. Атрымліваю грашовую дапамогу, як адзінокая маці. А зрэшты, спытайцеся ў яго самога.
Міхась (раздражнёна):
— Чаму я выбраў такі від пражывання — гэта мая ўласная справа. Ніхто не мае права цікавіцца маім жыццём. Гэта тэма зачынена для абмеркавання.
Святлана:
— Наш грамадзянскі шлюб пратрымаўся 10 гадоў, а затым… быў замацаваны роспісам у ЗАГС. Што гэтаму паспрыяла? Як ні банальна, грамадскае меркаванне. Надакучылі пытанні наконт нашага сямейнага становішча і неразумеючыя позіркі. Таму мы ў адзін цудоўны момант пайшлі і зарэгістравалі свае адносіны, якія ўжо былі правераны часам. Быццам бы нічога і не змянілася. Мы і раней кахалі адно аднаго, давяралі, так што цяпер усе носім адно прозвішча.
Мікалай:
— А навошта мне рэгістраваць свае адносіны? Каб потым, у выпадку чаго, былі праблемы з разводам, раздзелам маёмасці? А так мы пажывём, праверым свае пачуцці. І, калі што — ніхто нікому нічым не абавязаны, разбегліся, ды і ўсе справы.
Псіхалагічная навука па-глядае на дадзенае пытанне больш грунтоўна. Вось як лічыць псіхолаг сярэдняй школы № 2 Наталля Абразцова:
— Прычыны, якія прымушаюць не рэгістраваць свае адносіны, у мужчын і жанчын розныя. Для мужчын гэта магчымасць пазбегнуць лішняй адказнасці. У жанчыны — часцей за ўсё нежаданне згубіць свайго спадарожніка. Яна кахае яго і баіцца настойваць на афармленні адносін, падпарадкоўваючыся, такім чынам, яго волі. “Муж і жонка” пераконваюць навакольных (і, у першую чаргу, саміх сябе), што галоўнае — пачуцці, і нейкая там пячатка ў пашпарце нічога не мяняе — гэта ж такая дробязь. На што кажу ім: “Калі такая нязначная рэч — сха-дзіце і пастаўце штамп, чаму гэта не зрабіць?”. Маладыя людзі адразу становяццасур’ёзнымі, у душы яны адчуваюць, што гэта не проста “штампік”, а пэўная сацыяльная адказнасць. На мой погляд, пад грамадзянскім шлюбам хаваюцца інфантыльныя адносіны да пры-знання нашых сямейных правоў і абавязкаў грамадствам, іх недаацэнка.
Пакідаючы сабе шлях назад, мужчына можа і не ўсведамляць, што падобнае становішча для жанчыны вельмі траўматычнае з псіхалагічнага пункту гледжання. Бо нават пры ідэальных адносінах у такой сям’і жанчына пад-свядома баіцца застацца адна значна больш, чым гэта было б у сям’і, прызнанай дзяржавай.
У абсалютнай большасці жанчын з прычыны няпэўнасці ў адносінах і статусе ў грамадстве з гадамі ўзнікаюць неўратычныя расстройствы — дэпрэсіі і страхі, якія ў далейшым здольны выклікаць сур’ёзныя захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы і страўнікава-кішачнага тракту.
Як жа глядзяць на гэту праблему бацькі, дзеці якіх, мінаючы органы ЗАГС, з’язджаюцца і жывуць разам?
Вольга:
— У мяне двое дарослых дзяцей. Не ведаю, які шлях яны выберуць. Я не супраць сумеснага пражывання, але лічу гэта часовай мерай, пакуль маладыя лепш пазнаюць адно аднаго, пераканаюцца, што выбар зрабілі правільны. 1-2 гады, але не болей, бо гэта можа дужа зацягнуцца. А калі з’яўляюцца дзеці — рэгістрацыя павінна быць адназначна, каб не пазбаўляць іх пэўных правоў.
З гэтым пунктам гле-джання згодны і іншыя апытаныя бацькі.
Меркаванне суддзі Жан-ны Шарабайка больш катэгарычнае:
— Так званы грамадзянскі шлюб не мае вынікам ніякіх юрыдычных наступстваў. Маёмасць не з’яўляецца сумеснай уласнасцю, сужыцель не можа прэтэндаваць на кватэру і г.д. Многа падобных спраў прыходзіцца разглядаць. Таму перш чым прыняць рашэнне аб сумесным пражыванні, неабходна добра падумаць, узважыць усе “за” і “супраць”. А наогул, не адабраю падобныя саюзы.
Афіцыйна рэгістраваны шлюб задае пэўны фармат, межы, у якіх развіваеццасям’я, і іншыя “правілы гульні”. І хоць “пячатка” не гарантуе на 100% захаванне гэтых адносін, але надае большую ўстойлівасць, задае больш доўгатэрміновыя, фундаментальныя мэты. І дзецям у такіх сем’ях больш камфорт-на. Навукоўцы не раз даказвалі, што дзеці, якія нарадзіліся ў грамадзянскім шлюбе, з’яўляюцца на свет слабейшымі, а іх мамы больш складана пераносяць роды і часцей “афіцыйных” жонак схільныя да пасляродавай дэпрэсіі. Псіхолагі тлумачаць гэта адсутнасцю ў цяжарных жанчын упэўненасці ў сваёй будучыні і заўтрашнім свайго дзіцяці. На жаль, іх боязь нярэдка апраўдваецца.
Зноў паслухаем Наталлю Абразцову:
— Трэба памятаць, што на дзіця любога ўзросту аказвае ўплыў не сама сітуацыя, а адносіны да яе бацькоў, перш за ўсё маці. Калі бацькоў задавальняе іх становішча, то такая сям’я можа даць дзіцяці многа. Калі бацькі, патлумачыўшы, чаму яны не могуць прыняць рашэння пажаніцца, будуць адносіцца адно да аднаго з павагай і любоўю, прынімаць асобы адно аднаго, адчыняючы нюансы свайго жыцця, няхай нават звязаныя са слабасцямі, то хутчэй за ўсё ў такой сям’і вырасце дзіця, якое будзе разумець жыццё ва ўсёй яго неадназначнасці і складанасці. Але, калі жанчына разумее, што з’яўленне дзіцяці не зменіць адно-сіны яго таты да сямейных абавязкаў і ўласнай незалежнасці — тады дзіця з самага пачатку атрымлівае зарад няўпэўненасці ў сабе і сваіх бацьках. Невысокая значнасць з’яўлення дзіцяці, адсутнасць паўнавартаснага бацькоўскага ўкладу фарміруюць у далейшым яго нізкую самаадзнаку, што можа адбіцца на вучобе і зносінах з аднагодкамі.
Згодна з даследаваннем Аннэлі Руфус, надрукаваным брытанскай газетай The Daily Telegraph у ліпені 2010 г.: “Пары, у якіх 1 з суджанцаў раней знаходзіўся ў грамадзянскім шлюбе з кімсьці яшчэ, прыкладна ў 2 разы часцей разводзяцца, чым тыя пары, удзельнікі якіх да гэтага ні з кім не жылі сумесна”.
Дык што ж такое грамадзянскі шлюб: сям’я ці ілюзія? Выснову робіць кожны для сябе сам.
Сусветная статыстыка сведчыць, што кожны трэці мужчына рэгіструе шлюб, паддаючыся жаданню сваёй выбранніцы, кожны чацвёрты — па традыцыі, і толькі кожны дзясяты робіць прапанову па загаду сэрца. Як бы вы ні называлі свайго любага — сябрам, грамадзянскім мужам ці афіцыйным супругам, жадаем вам, каб ён аказаўся менавіта тым дзясятым, які гатовы ўсё жыццё насіць вас на руках.