Быль пра параненага лебедзя 31.12.09
Быль пра параненага лебедзя
Моцныя маразы, што ўдарылі ў сярэдзіне снежня, дзікіх птушак і жывёл не напалохалі: ежы ў лясах хапае, а сухі холад узімку для іх увогуле нават лепш, чым звыклая апошнім часам адліжная вільгаць. Але для маладога лебедзя, які асталяваўся на адной з сажалак ААТ “Рыбгас “Свіслач”, імклівае пахаладанне пагражала бядой: у птушкі браканьерскім стрэлам пашкоджана крыло, лятаць яна не можа, а вадаём пачаў імкліва пакрывацца ледзяным панцырам…
Калі аб патрапіўшай у ледзяную пастку птушцы стала вядома інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, яе “жыццёвая прастора” ўжо зводзілася да палонкі плошчай у лічаныя квадратныя метры.
Злавіць раз’юшанага лебедзя, які важыць больш 10 кілаграмаў і балюча б’ецца сваёй масіўнай дзюбай, нават тром інспектарам ІАЖіРС аказалася няпроста.
Нелятаючага лебедзя, які, калі не лічыць скалечанага крыла, знаходзіўся ў выдатнай форме, было вырашана перасяліць на раку Свіслач, бліжэй да ніжняга б’ефа Асіповіцкай ГЭС. Вада тут не замярзае, корму — шмат, ды і наўрад ці які браканьер адважыцца на забойства птушкі-“чырвонакніжніцы“ ў гэтым людным месцы.
Адбылося такое перасяленне 16 снежня, а ўжо праз некалькі дзён да выратаванага далучылася яшчэ некалькі лебедзяў. Хацелася б спадзявацца, што ў гэтай гісторыі будзе добры канец: пераселеная птушка дажыве да вясны, сустрэне пару і здолее пакінуць здаровае патомства.
Лебедзям, як і людзям, для поўнага шчасця трэба не так і многа…
Антон ШАБОВІЧ,
начальнік міжрайінспекцыі.
