А што робіць наша жыццё прыгожым? Падзяліцца гэтым папрасіла работнікаў Асіповіцкага райвыканкама. Мужчыны, пачуўшы словы “жыццё” і “прыгажосць” замест “работа” і “праблема”, разгубіліся і ўсе як адзін адказвалі: “Ой, не ведаю нават, што сказаць… Звярніцеся лепей да каго іншага”. Не ў прыклад мужчынам, слабая і сапраўды прыгожая палова чалавецтва па слова ў кішэню не палезла.
Ірына Раманчук, начальнік аддзела культуры: “Жыццё ўпрыгожваюць тры істотныя для мяне рэчы: добрыя людзі навокал, дружная сям’я і наша прырода. Беларускія краявіды — сапраўдная крыніца натхнення! Я была ў Турцыі, Крым аб’ездзіла, але з нашай прыродай нішто не можа параўнацца. Беларускае наваколле вельмі яркае, насычанае рознымі фарбамі, паветра пахне кветкамі, якіх у нас вялікая колькасць. А нашы бясконцыя палі… Адным словам, прыроды лепшай, чым у Беларусі, для мяне няма!”
Ларыса Волкава, начальнік аддзела па справах моладзі: “Можа, гэта прагучыць банальна, але маё жыццё афарбоўваюць любімыя людзі, сябры. Канечне, жыць было б нецікава без любімай справы. Часткова гэта работа, якая падабаецца. Калі дасягаюцца мэты, ладзяцца мерапрыемствы, што асвятляюць жыццё іншых людзей, сапраўды адчуваеш сябе добра. Мяне захапляюць кулінарыя, вышыўка, шыццё, вязанне. Вольны час з задавальненнем прысвячаю гэтым заняткам. Адпачынак на прыро-дзе з сям’ёй таксама вельмі істотная частка шчаслівага жыцця”.
Ала Некрашэвіч, начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян: “Для шчаслівага жыцця неабходныя здароўе і дабрабыт любімых і дарагіх лю-дзей, любімая работа. Жыць прыгожа — гэта проста жыць як мага больш ярка і насычана, радавацца кожнаму імгненню, любіць усёй душой. Нягледзячы на тое, што ў жыцці бываюць чорныя і белыя палосы, паміж імі так багата фарбаў і адценняў!”
Тамара Салабута, намеснік начальніка аддзела адукацыі: “Маё жыццё светлае і радаснае дзякуючы любімай рабоце, сям’і і дзецям. Работнікі сферы адукацыі штодня сутыкаюцца з прыгожым. Дзяцінства — гэта са-праўдны цуд. Не толькі яркія святы, але і самі зносіны з дзецьмі поўняць жыццё святлом і пазітывам. Сама прафесія педагога абавязвае быць у форме. Вы, мабыць, заўважылі, што ў сферы адукацыі працуюць сапраўды прыгожыя, адухоўленыя лю-дзі”.
Марына Куліш, галоўны спецыяліст раённага Савета дэпутатаў: “Жыццё робіць прыгожым сумленнасць, дабрыня і годнасць людзей, якія побач. Самае істотнае для мяне ў чалавеку — прыстойнасць. Калі людзі адказваюць за свае словы, не жадаюць нікому зла, поўняць сэрца любоўю і робяць добрае, светлае — я па-сапраўднаму шчаслівая”.