Тое, што наш край славіцца сваёй прыгажосцю і працавітымі людзьмі, можа сказаць кожны яго жыхар. А 29 мая гэтыя словы прагучалі з вуснаў і прадстаўнікоў мясцовай улады брэстчыны, гродзеншчыны і іншых рэгіёнаў краіны — слухачоў Iнстытута дзяржаўнай службы Акадэміі ўпраўлення пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, які арганізаваў тут практычныя заняткі. Як патлумачыў кіраўнік курса Барыс Сакалоў, выраз “сацыяльна-эканамічная палітыка” набывае канкрэтныя абрысы, калі на свае вочы бачыш работу Саветаў дэпутатаў з арганізацыямі і грамадзянамі.
Спачатку гасцям прадэманстравалі відэафільм пра сённяшні дзень рэгіёна. Старшыня райвыканкама Пётр Шукаловіч расказаў аб яго развіцці і перспектывах, а старшыня райсавета дэпутатаў Аляксандр Пузік падзяліўся практыкай работы органаў мясцовага ўпраўлення і самаўпраўлення ў рашэнні праблем жыццезабеспячэння насельніцтва. Потым адбылася экскурсія па гораду, знаёмства з прамысловай зонай і наведванне завода аўтаагрэгатаў, кіраўніцтва якога падрыхтавала інфармацыю і відэаматэрыялы аб рабоце прад-прыемства, убачылі работу цэха алюмініевага ліцця. Многіх зацікавілі звесткі аб пластыкавых лодках, што выпускае АЗАА, і работнікі канструктарскага бюро і ад-дзела маркетынгу ахвотна адказалі на пытанні аб іх тэхнічных характарыстыках. Натуральна, атрымалі яны і буклеты, прэс-рэлізы для больш дэталёвага азнаямлення з работай прадпрыемства.
Наступны прыпынак — Вяззеўскі сельсавет. Спадабаўся наведвальнікам не толькі сам будынак і яго ўнутранае аздабленне, але і наладжаная сістэма работы з людзьмі, з якой пазнаёміў старшыня Iван Вярыга, станоўчыя водгукі атрымалі інфармацыйныя стэнды, змест якіх дэталёва вывучаўся. Спадабаліся ўсім і аб’екты вытворчай і сацыяльнай сферы. Гасцей цікавілі розныя пытанні: колькі абавязаных асоб працаўладкавана, якая нараджальнасць у вёсцы, ці вялікі статак буйной рагатай жывёлы знаходзіцца на індывідуальным утрыманні, асартымент вясковых крам, работа з ветэранамі вайны і працы… Дом культуры па традыцыі сустрэў хлебам-соллю і найлепшымі пажаданнямі, а затым народны ансамбль народнай песні і музыкі “Вязанка” парадаваў вясёлай песняй і такімі заліхвацкімі танцамі, што і некаторыя слухачы курсаў пусціліся ў пляс. Азнаёмі-ліся яны і з выстаўкай работ вяззеўскіх майстроў, сярод якіх пачэснае месца заняў макет царквы ў Прошчы, выкананы мясцовымі школьнікамі.
Яшчэ адзін аграгарадок прымаў у гэты дзень гасцей — і ў Ліпеньскім сельсавеце зноў многа было ўзята на заметку, уключаючы алгарытм работы.Часта гучала: “У нас так… А як у вас?” — і гэта яшчэ раз сведчыць, што падобныя мерапрыемствы найлепшым чынам садзейнічаюць узаемаабагачэнню. З інтарэсам былі вывучаны і змест вітрын у мясцовых крамах, цэны на тавары, прынцыпы абслугоўвання ў мясцовым комплексна-прыёмным пункце. Па-за ўвагай пільных кіраўнікоў не засталіся нават такія “дробязі”, як, напрыклад, размяшчэнне раслін на клумбах ды вонкавы вы-гляд некаторых пабудоў.
Калі за вокнамі аўтобуса паказаліся карпусы малочнатаварнай фермы філіяла “Белшына-агра”, што ў Вязычыне, спадарожнікі ажывіліся: “Мы ж яе бачылі па тэлевізары!”. Доўга распытвалі яны кіраўнікоў фермы аб асаблівасцях механізаванага догляду кароў, эфектыўнасці работы робатаў, хаця на многія пытанні дапамог адказаць цікава-пазнавальны відэафільм.
Замілавана любаваліся цудоўнымі краявідамі госці з розных мясцін краіны, калі выйшлі з аўтобуса на апошнім “прыпынку” — у лесагадавальніку Асіповіцкага доследнага лясгаса, дзе змаглі даведацца аб метадах лесакарыстання, узнаўлення і развядзення лесу.
…Пры падвядзенні вынікаў практычных заняткаў Барыс Сакалоў зазначыў, што пасля 5- гадовага тэрміну з яго апошняга візіту ў Асіповічы адразу кідаецца ў вочы добраўпарадкаванне райцэнтра і малых населеных пунктаў, іх прыстойны выгляд. А яшчэ — непарыўная сувязь з прыродай. Слухачы таксама аднадушна адзначылі, што цудоўны ландшафт асіповіцкай зямлі гарманічна спалучаецца з сучасным выглядам вёсак, у якіх і жыццё наладжана належным чынам. А гэта — галоўны вынік работы мясцовай улады.