На РДУВП “Асіповіцкі хлебазавод” ужо стала добрай традыцыяй напярэдадні светлага свята Вялікадня праводзіць абрад асвячэння кулічоў. Такую місію заўсёды з задавальненнем выконвае благачынны Асіповіцкай акругі протаіерэй Васілій Белавус, і сёлета ён гэта рабіў з асабліва ўрачыстым настроем — мерапрыемства супала з 30-годдзем яго царкоўнага служэння.
Айцец Васілій асвяціў кулічы і тэхналагічнае абсталяванне, блаславіў асіповіцкіх хлебапёкаў на працу. Да звычайных якасцей хлеба ў гэтыя дні далучаецца яшчэ і духоўны пачатак. Купіць асвечаны хлеб зручна тым, хто не мае магчымасці асабіста наведаць царкву. Тым больш, што асвячэнне кулічоў на заводзе ніяк не ўплывае на іх кошт.
“Вербны”, “Чараўніца”, “Вясновая раніца”, “Зорны”, “Графскі” — такія назвы маюць велікодныя кексы, якіх сёлета будзе выпушчана прадпрыемствам каля 25 тысяч штук. Усе яны вагою па 400 грамаў, з разынкамі, а “Графскі” яшчэ і з цукатамі. Для ўпрыгажэння будзе выкарыстоўвацца шакаладная глазура, цукровая памадка, розныя дэкаратыўныя пасыпкі.
Падумалі на прадпрыемстве і аб адпаведнай упакоўцы для святочнай прадукцыі. Кулічы будуць прадавацца ў бумажных формах, поліэтыленавай плёнцы, пакетах з тэматычнымі ўзорамі. Дарэчы, тэрмін захавання ўпакаваных вырабаў — 12 сутак.
У вытворчасці кулічоў не выкарыстоўваюцца штучныя дабаўкі, паляпшальнікі смаку, кансерванты, ужываюцца толькі натуральныя інгрэдыенты самай высокай якасці. Выпечка атрымліваецца асабліва прыгожая і смачная.