Гэта кніга задумвалася і пісалася аўтарам як асабістыя ўспаміны. Ён імкнуўся вельмі шырока і дэталёва паказаць жыццё вёскі Дараганава, дзе малым сустрэў вайну. Такіх кніг-успамінаў выдадзена няшмат. Дзеці вайны лічылі непатрэбным брацца за тэму, у якой дасведчанымі былі іх бацькі. Але простыя змагары з фашызмам адышлі ў нябыт, таксама няшмат напісаўшы…
Што асабліва каштоўнае ў творы, дык гэта яго гістарычная праўда, канкрэтнасць у апісанні падзей. Дзе яшчэ прачытаеш такія падрабязнасці, якім быў дзень 22 чэрвеня 1941 года ў мястэчку Дараганава на беразе ціхаплыннай Пцічы? Дарэчы, Уладзі-мір Мікалаевіч даволі дэталёва, наколькі дазволіла дзіцячая памяць, апісвае і астатнія дні таго памятнага чэрвеня. Захавалася ў памяці аўтара і адна з першых бамбёжак нашага райцэнтра.
«У ноч з 23 на 24 чэрвеня я прачнуўся ад нейкага гуду. Была непраглядная цемрадзь, але на паўночным усходзе разгортвалася феерычнае і нават фантасмагарычнае ненатуральнае відовішча. Над лесам загараліся і завісалі гірлянды халодна-ззяючых агнёў. То былі асвятляльныя ракеты. У небе стаяў цяжкі плаваючы хвалямі гул самалётаў. Дарослыя выказалі здагадку: усё гэта творыцца над Асіповічамі. Хутка мы ўбачылі водблескі і пачулі глухія раскаты. Як потым высветлілася — пачалася бамбардзіроўка чыгуначнага вузла. Небасхіл афарбаваўся барвовым пажарышчам. Затым апусціліся і згаслі асвятляльныя ракеты, зніклі ад іх ненатуральнага святла дрыжачыя цені ля платоў, дрэў, дамоў. Усё паступова заціхла…»
Кніга асабліва дарагая для сённяшніх жыхароў вёскі: літаральна крок за крокам праходзіць жыццё на акупацыйнай тэрыторыі. Перад намі сапраўдны аповед пра людзей і мясціны дараганаўскага краю, багатыя сваёй гісторыяй, цікавымі постацямі і маляўнічай прыродай. Дакументальны твор У.Кісялёва дапаўняюць успаміны тагачасных жыхароў, сведак тых страшных чэрвеньскіх дзён сорак першага: Аляксандры Філатавай, Ефрасінні і Надзеі Акінчыц, Яўгена Папкоўскага, Ларысы Стоцкай, выхаванца дзіцячага дома Мікалая Жарава і многіх іншых, якія, хочам мы та-го ці не, паціху сыходзяць у нябыт. Гіс-торыя павінна жыць!
Знайшлі ў ёй месца і матэрыялы пра казацкі рэйд па Асіповіччыне 1941 года, аддадзена даніна павагі байцам 214-й паветрана-дэсантнай брыгады, якія мужна змагаліся ў ліпені-жніўні на тэрыторыі раёна, і шмат іншых невядомых звестак з ваеннага ліхалецця Асіповіччыны. Таму нядрэнна было б мець гэты твор-успамін у школьных бібліятэках. Што можа быць высакародней, чым далучэнне дзяцей і дарослага насельніцтва да вывучэння роднага краю, устанаўлення гістарычнай праўдзівасці той самай кровапралітнай вайны 1941-45 гадоў?
Менавіта гэтаму і спрыяе кніга Уладзіміра Кісялёва «Параненыя ўспаміны».