Пра шырокае святкаванне 140-годдзя роднага горада і сёння ўспамінаюць многія, але не ўсе, аказваецца, ведаюць, што райвыканкам да той круглай даты зрабіў яшчэ адну добрую справу: убачыла свет кніга пад назвай «Асіповічы: гісторыя і сучаснасць”.
Над ёмістым выданнем — 256 каляровых старонак, наяўнасць карт горада і раёна, мелаваная папера, мноства разнапланавых тэматычных здымкаў — пад кіраўніцтвам начальніка аддзела ідэалагічнай работы Ганны Землянухінай працавала цэлая творчая група і, па ацэнцы першых уладальнікаў калектыўнай працы, стваральнікам яно ўдалося.
— Мы пастараліся няхай і не цалкам, але па максімуму ўзгадаць найбольш важныя падзеі гарадскога жыцця з ужо далёкіх дзён і па сёння, — гаворыць Ганна Уладзіміраўна. — Геральдычныя сімвалы і «маці”-чыгунка, паданні аб паходжанні назвы Асіповічаў і барацьба землякоў з ворагам у гады грама-дзянскай вайны і Вялікай Айчыннай, адраджэнне з попелу і руін і стваральная праца ў мірны час, паслядоўнае дынамічнае развіццё працоўных калектываў і грамадства, знакамітыя месцы рэгіёна, турызм і адпачынак, міжнароднае супрацоўніцтва, эканоміка і сацыяльная сфера, духоўнае адраджэнне і армейскія будні, — дакументальна-інфармацыйная насычанасць кнігі сур’ёзная. І, канечне, шмат увагі надалі ў ёй нашаму самаму галоўнаму багаццю — людзям, якія сваім жыццём, выдатнымі дасягненнямі ў розных галінах уславілі родны край.
Кніга выдадзена тыражом у 1 тысячу экзэмпляраў, і жадаючыя могуць набыць яе ў магазіне № 24 ААТ «Гандаль” як для сябе, так і ў якасці прыстойнага падарунка гасцям-блізкім. Пакуль яшчэ могуць — 500 штук, якія пушчаны ў продаж, расходзяцца надзвычай хутка…