500-годдзе вёскі Мязовічы адзначылі ў Асіповіцкім раёне

500-годдзе вёскі Мязовічы адзначылі ў Асіповіцкім раёне

“Не было яшчэ ні Асіповічаў, ні Дараганава…”

Ва ўсіх цяперашніх вёсках адна бяда: з цягам часу жыхары ўсё часцей з’язджаюць з родных хат у іншыя месцы. Калі ідзеш па іх, асабліва востра гэта адчуваецца ў цішыні, якой не сустрэнеш у горадзе. Таму асабліва прыемна, калі даўно знаёмае мястэчка ажывае: амаль у кожным двары чутна гамонка, гучаць песні і дзіцячы смех, паўсюль стаяць “прыкметы часу” — аўтамабілі, якія не зусім упісваюцца ў вясковую ідылію, але досыць яскрава падкрэсліваюць заселенасць хаты.

Менавіта з такімі думкамі сутыкнулася ў суботу, трапіўшы ў родную вёску матулі на сапраўды знакавае свята — 500-годдзе Мязовічаў. Дарэчы, адлік вядзецца з першых успамінаў селішча ў пісьмовых крыніцах, а на самой справе — хто ж яго ведае, можа і ўсю 1000 гадоў…

Ажыятаж сярод сучасных і былых жыхароў гэтага паселішча ў Дараганаўскім сельсавеце, дзе сёння налічваецца 39 пастаянных насельнікаў, пачаўся больш за месяц да самога свята. Землякі сутыкаліся ў розных куточках Асіповіччыны, тэлефанавалі і пісалі ў сацыяльных сетках з адным толькі пытаннем: “Ты ведаеш, што свята вёскі будзе? Абавязкова прыязджай!”

І вось — дзень Х, 22 ліпеня. Зараз цяжка вызначыць канкрэтную дату стварэння Мязовічаў, але, здаецца, сонечная ліпеньская субота — неблагі варыянт, каб адсвяткаваць.

А 15 гадзіне ўсе жадаючыя — каля паўтары сотні чалавек усіх узростаў — былі на месцы. Першай на імправізаваную сцэну выйшла Віталіна Сяргейчык з песняй “Дзе ты з’явіўся на свет”. Пасля такога сімвалічнага пачатку свята з прывітальнымі словамі да прысутных звярнуліся вядучыя, якія пазнаёмілі з гісторыяй Мязовічаў.

Вёска ў гістарычных летапісах вядомая з ХIV стагоддзя. У 1517 годзе пасяленне знаходзілася ў Глускай воласці Мінскага павета Вялікага княства Літоўскага, з 1793 г. — у складзе Расійскай імперыі, у Бабруйскім павеце Мінскай губерні. З 1897 г. — у Жыцінскай воласці Бабруйскага павета. Налічвала 44 гаспадаркі, 286 жыхароў…

Дарэчы, дапамаглі ўспомніць шлях, які прайшла вёска Мязовічы, і нататкі яе былога жыхара Рыгора Сакалова, што друкаваліся ў тагачаснай раённай газеце “Запаветы Леніна”. Вядучыя зачыталі прысутным некаторыя, што выйшлі у 1967 г., — роўна паўстагоддзя таму…

Пасля невялічкага гістарычнага экскурсу на сцэну запрасілі ўраджэнца Мязовічаў, старшыню раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Пузіка, які завітаў на свята разам з яшчэ адной зямлячкай — сястрой Святланай, якая прыехала з Магілёва. Аляксандр Віктаравіч падзякаваў арганізатарам, павіншаваў землякоў і выказаў надзею, што вёска яшчэ будзе жыць і развівацца. Ён узнагародзіў Падзячным лістом Сяргея Пінчука (дом сацыяльных паслуг) і ўручыў падарунак старасце вёскі Ганне Патапавай.

“Чалавек нарадзіўся!” — як шмат у гэтых словах. Гэта зараз тут дзіцячы смех чуваць усяго ў адной хаце, а калісьці ў вёсцы налічвалася больш за тры дзясяткі шматдзетных сем’яў. Марк і Аксіння Тарлецкія выгадавалі 4 сыны і дачку, Раман і Марфа Балоцька — 3 сыны і дачку, Леон і Еўдакія Балоцька — 2 сыны і 2 дачкі. Дарэчы, сын апошніх Мікалай доўгі час працаваў брыгадзірам у мясцовым калгасе, а на суботнім свяце прысутнічала яго дачка Галіна са сваёй сям’ёй. Канстанцін і Хадосся Дамарад выгадавалі 3 дачкі і 2 сыны, таксама як Фёдар і Марыя Карлюк, столькі ж дзяцей было і ў сям’і Кузьмы Пузіка. А самымі шматдзетнымі бацькамі ў Мязовічах былі Ігнат і Надзея Дубовік: выгадавалі 6 сыноў і 4 дачкі. Адна з іх, Валянціна, прымала ўдзел у будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі і, на жаль, там загінула…

Зараз у вёсцы жыве адна шматдзетная сям’я — Уладзіміра Новіка і Алены Амельчанка. Сёлета юны жыхар Уладзімір ідзе ў першы клас. А прадстаўніцы Новікаў Юлі ўручылі падарунак для ўсіх.

Успаміны пра вайну — тое, што нельга губляць. 36 мязовіцкіх сямей не дачакаліся сваіх родных з фронту, 4 землякі-партызаны загінулі ад варожых куль. І імёны тых, хто навечна застаўся маладым, прагучалі над вёскай, іх памяць ушанавалі хвілінай маўчання…

Адзначылі на свяце і старажылаў. Марыя Якаўлеўна Сямашка нядаўна сустрэла 92-гі дзень нараджэння, Сяргей Мікалаевіч Пінчук — 89, Дзмітрый Васільевіч Сугака — 86, Аркадзій Канстанцінавіч Сасімовіч — 84, Марыя Іванаўна Пузік — 83, Ганна Васільеўна Дамарад — 81. Юбілейны 75-ты дзень нараджэння адзначыла Таццяна Фёдараўна Шарамет. І кожны, хто змог прысутнічаць на свяце, атрымаў падарунак.

Некалькі дзён таму 50-гадовы юбілей святкавала былая жыхарка вёскі Галіна Талейка (Балоцька) — яе таксама адзначылі і павіншавалі.

А яшчэ ў гэты дзень шчырыя словы гучалі для пары, што ідзе разам ужо на працягу  57 гадоў — Уладзіміра Рыгоравіча і Зоі Еўдакімаўны Сашчэка.

Атрыманне адукацыі — адзін з важнейшых аспектаў жыцця для кожнага. Напрыканцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя ў звычайным драўляным доме адкрылася Мязовіцкая пачатковая школа. У пасляваенны час дырэктарам быў мясцовы жыхар Мікалай Балоцька. Амаль усе прысутныя прадстаўнікі старэйшага пакалення атрымалі азы навукі ў гэтай установе. Сваімі ўспамінамі пра яе падзяліўся ўраджэнец Мязовіч Леанід Цыбульскі. Ён жа выказаў сваё меркаванне і наконт назвы вёскі:

— Лічу, што спачатку гэта былі Мяжовічы — мусіць, дзесьці тут праходзіла мяжа Вялікага княства Літоўскага. Ну а з цягам часу назва ператварылася ў знаёмыя ўсім Мязовічы. Не было ні Асіповічаў, ні Дараганава, а наша вёсачка ўжо існавала!

Прывёз з сабой Цыбульскі і ксеракопію з “Вялікага гістарычнага атласа Беларусі”, які выдадзены ў 2009 годзе РУП “Белкартаграфія” і захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы. А там Мязовічы адзначаны 1461 годам. Сапраўды, яшчэ большы ўзрост…

Былыя жыхары памятаюць таксама і мясцовы клуб. Калісьці ім кіравала Марыя Некрашэвіч, а на свята завітала яе дачка — Галіна Балоцька. Яна і рассказала крышачку пра гісторыю культурнай установы. На жаль, зараз няма ўжо школы і клуба, але добра, што памяць аб іх жыве.

Павіталі на ўрачыстасці і лепшых гаспадароў і гаспадынь — 10 чалавекам выказала падзяку і ўручыла падарункі старшыня Дараганаўскага сельвыканкама Тамара Валадзько.

На працягу ўсяго свята выступалі артысты з дзіцячага лагера “Пціч” Дар’я Сідаровіч, Ангеліна Доўгаль, Марыя Торвінен, Вольга Борухава, Карына Батура, Алена Саманчук разам з начальнікам лагера Жаннай Пінчук, а таксама спевакі-аматары Аляксандр Яршоў і Наталля Ганчаронак. У вёсцы працавала аўталаўка райста, а яшчэ жыхарка Радуціч Раіса Васільева парадавала вяскоўцаў прысмакамі ўласнага прыгатавання. Было людна і каля Наталлі Мельнік з Радуціцкага клуба, якая праводзіла бяспройгрышную латарэю. А закончыўся фэст палутарагадзінным выступленнем артыстаў з Ялізава, якое было сустрэта з вялікім захапленнем.

Прыемна, што зазірнулі на свята самыя розныя людзі. Напрыклад, сённяшнія жыхары Расіі і Украіны, розных гарадоў Беларусі — адлегласць не стала перашкодай. Цікава, што сабраліся ў Мязовічах і больш за два дзясяткі прадстаўнікоў сям’і Дубовік. Не аднойчы гучалі і мясцовыя прозвішчы Балоцька, Новік, Чорны, Пузік, Карлюк, Дамарад…

— Зараз жыву ў Балашыхе Маскоўскай вобласці. Калісьці паехаў у камандзіроўку, знайшоў там сям’ю ды і застаўся, — расказвае Валерый Чорны. — Але абавязкова кожны год прыязджаю ў родную вёску. Бо дзе б ні быў, заўсёды цягне сюды…

— Каля 30 гадоў тут ужо не жывём, але перыядычна прыязджаем. Абавязкова сочым за лёсам малой радзімы, хвалюемся. Вялікі дзякуй арганізатарам, што далі такую выдатную магчымасць сустрэцца з землякамі, — падхоплівае сённяшні масквіч Яўген Карлюк.

Падзячных слоў у адрас арганізатараў было выказана нямала: далі добрую падставу землякам сабрацца. І як прыемна было прагуляцца вечарам па вёсачцы, якая зноў гаманіла, смяялася, спявала — словам, жыла.

А на дрэве каля скрыжавання дарог, як і калісьці, сядзелі і пазіралі на ўсіх буслы…

Марыя ТАЛЕЙКА. Фота аўтара і з архіва Антаніны Радкевіч.

Последние новости

Власть

“Надо решать вопрос”. Лукашенко поручил разобраться с проблемами на “АМКОДОРе”

21 апреля 2025
Читать новость
Власть

Создать условия для людей. Лукашенко обозначил задачи по развитию поселков городского типа

21 апреля 2025
Читать новость
Новости

Тематическую прямую телефонную линию проведет и.о. первого заместителя начальника Могилевской таможни Дерезовский Дмитрий Евгеньевич

21 апреля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко во время рабочей поездки в Витебскую область посетил Оршанский лесхоз

21 апреля 2025
Читать новость
Новости

В Осиповичском районе проходит Неделя детской безопасности

21 апреля 2025
Читать новость
Актуальнае

Жыхарка Асіповіцкага раёна Наталля Малая з павагай ставіцца да матулінай спадчыны

19 апреля 2025
Читать новость