
Падзея
Ісціна — у працы!
Ужо стала традыцыяй штогод ушаноўваць пераможцаў раённага спаборніцтва за высокія паказчыкі ў сацыяльна-эканамічным развіцці Асіповіччыны. Вось і ў мінулую пятніцу ў МПЦ “Равеснік” адбыўся злёт перадавікоў розных галін вытворчасці і сацыяльна-культурнай сферы.
З цікавасцю заслухалі ўдзельнікі сустрэчы справаздачу старшыні райвыканкама Канстанціна Жыгуцкага, які пазнаёміў з асноўнымі паказчыкамі развіцця раёна: было падсумавана зробленае і намечаны планы на наступны перыяд. “Летась выраблена прадукцыі на суму звыш 538 мільёнаў, — падкрэсліў кіраўнік раёна. — Удзельная вага Асіповіччыны ў прамысловай вытворчасці вобласці склала 6,7 працэнта. Усе прамысловыя арганізацыі захавалі свае рабочыя месцы, забяспечылі рост заработнай платы”.
“Прыемна, калі, падводзячы вынікі, бачыш станоўчую дынамі-ку, — адзначыў старшыня камітэта эканомікі аблвыканкама Дзмітрый Мудрагелаў, які прыняў удзел у мерапрыемстве. — Аналіз паказвае, што і ў прамысловасці, і ў сельскай гаспадарцы паказчыкі перавышаюць аналагічныя за 2019 год. А за ўсімі гэтымі лічбамі — штодзённая бездакорная праца”.
Лагічна, што людзей, якія ўнеслі значны ўклад у агульную справу, старанна працавалі на сваім рабочым месцы, якасна выконваючы даручанае, праяўля-ючы творчую ініцыятыву і высокі прафесіяналізм, чакалі заслужаныя ўзнагароды. Ганаровыя граматы Магілёўскага аблвыканкама атрымалі намеснік дырэктара па якасці ЗТАА “Дахавы завод “ТэхнаНІКОЛЬ” Жанна Германовіч, машыніст экскаватара ААТ “Асіповічыгазбуд” Віктар Ломаць, дырэктар РЦСАН Ірына Вірмаўскэне. Падзяка старшыні аблвыканкама аб’яўлена загадчыку педыятрычнага аддзялення раённай паліклінікі Святлане Жытковай і намесніку дырэктара па тэхнічных пытаннях ААТ “Гродзенскі шклозавод” філіял “Ялізава” Васілію Кахно. За высокія паказчыкі ў вытворчай сферы Ганаровай граматы старшыні аблвыканкама ўдастоены калектыў АЗАА на чале з дырэктарам Сяргеем Багдановічам. За дасягненні выдатных вынікаў у працоўнай дзейнасці за мінулы год сертыфікат аб занясенні на Дошку гонару камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама атрымала спецыяліст па сацыяльнай рабоце РЦСАН Таццяна Барташэвіч.
Вялікая колькасць прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама працаўнікоў розных сфер (поўны спіс надрукаваны ў “АК” № 17 за 05.03.2021 г.) таксама атрымалі заслужаныя ўзнагароды, якія ім уручылі кіраўнікі райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў. Павіншавала пераможцаў спаборніцтва і ганаровы госць свята намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях ААТ “Бабруйскі мясакамбінат” Вольга Казінец, а словы асаблівай удзячнасці яна накіравала старшыні і ўсяму калектыву КСУП “Вязаўніца-Агра”, з якім перапрацоўчае прадпрыемства плённа супрацоўнічае.
Не засталіся па-за ўвагай і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Найбольш актыўныя з іх таксама былі ўзнагароджаны. Па-дзяка Прэзідыума Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу аб’яўлена старшаму майстру філіяла “Асіповіцкі” прадпрыемства “Бабушкина крынка” Ірыне Няронскай і намесніку дырэктара па вытворчасці і якасці таго ж прадпрыемства Святлане Грэчнай. Граматай раённага аб’яднання прафсаюзаў узнагароджаны вадзіцель аўтобуса філіяла Аўтапарак № 19 Сяргей Клімовіч, санітарка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі ЦРБ Таццяна Сярчэня, намеснік галоўнага ўрача па амбулаторна-паліклінічнай рабоце ЦРБ Вольга Мікановіч, настаўнік СШ № 3 Кацярына Грынчанка, бібліятэкар Восаўскага ВПК Таццяна Калячка.
Атмасферу святочнасці на мерапрыемстве стваралі не толькі музычнае суправаджэнне, шматлікія песні і танцы, якія ўдзельнікі творчых калектываў Асіповіччыны выконвалі для сваіх слаўных землякоў, выстава-продаж прадукцыі розных прадпрыемстваў, але і радасныя ўсмешкі яго ўдзельнікаў і кветкі, што ўпрыгожвалі пераможцаў. Асабліва да твару яны былі жанчынам напярэдадні 8 Сакавіка.