22 жніўня ў Вялікай Граве прайшоў традыцыйны “Граўскі кірмаш”

Вакальны калектыў «Журавушка» радуе прысутных вясёлымі песнямі
У сонечні суботні дзень Вялікая Грава адзначыла свята, якое на працягу не аднаго дзясятка гадоў аб’ядноўвае многія пакаленні і нязменна прыцягвае ўвагу жыхароў бліжэйшых населеных пунктаў. Падрыхтоўка да яго пачалася за некалькі дзён: і без таго чыстыя вуліцы сталі яшчэ чысцейшымі, паклапаціліся гаспадары і пра свае падворкі. Таму да кірмашу Вялікая Грава падышла прыгожай і абноўленай.
Нягледзячы на назву, свята пачалося не з вясёлых песень, танцаў і наведвання гандлёвых кропак. Яно пачалося з духоўнасці. Айцец Максім (Юндзіл) з браціяй мужчынскага манастыра ў гонар іконы Божай Маці “Жываносная крыніца” адслужылі ў мясцовым храме малебен за здароўе ўсіх жыхароў Вялікай Гравы, яе дабрабыт і мір ва ўсёй краіне.
Пасля богаслужэння госці і жыхары вёскі накіраваліся да пляцоўкі для культурна-масавых мерапрыемстваў. Праграму адкрыла стараста вёскі Лілія Лабус.
— Кожны з нас — неад’емная частка гэтай дзіўнай зямлі, — адзначыла Лілія Сцяпанаўна. — Разам мы перажывалі цяжкасці, радаваліся поспехам і падтрымлівалі адзін аднаго. Наша вёска поўная дзіўных людзей, якія сваёй дабрынёй, узаемадапамогай і шчодрасцю робяць Вялікую Граву ўнікальным месцам. Сённяшняе свята — магчымасць парадавацца вынікам нашай шматгадовай працы.
Усе тыя, хто ўнес значны ўклад у развіццё вёскі, дапамагаў арганізоўваць мерапрыемствы, падтрымліваў традыцыі і ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Для 42 вялікаграўцаў падрыхтавалі граматы, сувеніры з нядаўна створаным гербам населенага
пункта і шчырыя словы падзякі.
Сапраўдным упрыгажэннем свята стала выступленне вакальнага ансамбля Сасноўскага СДК “Журавушка”. Самадзейныя артысты выканалі народныя песні, сучасныя кампазіцыі і знакамітыя любімыя мелодыі і падарылі гледачам атмасферу асаблівага душэўнага яднання.
На пляцоўцы каля сцэны размясціліся гандлёвыя павільёны, дзе можна было паласавацца поп-корнам, салодкай ватай, купіць дзіцячыя цацкі. Багаты асартымент прапанавала лапіцкае кафэ “Ачаг”: духмяная выпечка, прысмакі з мяса, традыцыйны для народных гулянняў шашлык. Кухары гатавалі такія пачастункі, каб кожны ўдзельнік свята змог паспрабаваць нешта асаблівае.
Для дзяцей любое свята — шчасце. Таму каля батутаў і надзіманых горак назіраўся незвычайны ажыятаж. Маленькія жыхары Гравы з задавальненнем скарысталіся магчымасцю весела правесці час. Уся вёска поўнілася радаснымі крыкамі дзятвы.
“Граўскі кірмаш” гуляў да позняга вечара: вёска не спяшалася развітвацца са святам, якое напаўняе сэрцы цяплом і надзеяй.
Агата Зіміна
