14 октября прошел День матери. Рассказываем об осиповчанках

Зямлячкі
Маці з нежаночай прафесіяй
Алена Кудзінава — памочнік начальніка аддзялення арганізацыйнага і камплектавання штаба 465 ракетнай брыгады. Служыць у арміі ўжо 9 гадоў. У ваенную сферу пайшла за мужам, прычым у пэўным сэнсе выпадкова. Сям’я пераехала ў Асіповіцкі раён з Бабруйска 16 гадоў таму, калі Юрыя перавялі ў вайсковы гарадок Цэль. Знайсці работу Алене там было няпроста, а вось Узброеныя Сілы далі магчымасць самарэалізавацца. Аб сваім выбары жанчына не шкадуе. Лічыць, што сумесная служба з мужам умацавала іх сям’ю.
У Кудзінавых двое сыноў — Дзмітрый і Данііл. Старэйшы вырашыў пайсці па слядах бацькоў: зараз ён старшы лейтэнант 5 асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння. У 23 гады малады чалавек ужо мае ганаровы знак “Доблесць і майстэрства” — у спецназе гэта аналаг знакамітага “крапавага берэта”. Малодшы сын Данііл вучыцца ў 6-м класе — ён больш творчая натура, займаецца выпальваннем па дрэве і наведвае секцыю па футболе.
Выхоўваючы хлопчыкаў, трэба ўмець сумяшчаць пяшчоту з дысцыплінай і строгасцю. У Алены гэта добра атрымліваецца. Адназначна галава сям’і — тата, але калі ў сыноў узнікаюць праблемы, яны адразу ідуць за саветам да маці. Яна заўсёды знойдзе патрэбныя словы і разруліць сітуацыю.
Вайсковая служба — гэта ненармаваны рабочы дзень, нарады, дзяжурствы. У сілу загружанасці не заўсёды атрымліваецца праводзіць час усёй сям’ёй. Таму святы ў доме асабліва любяць — як нагоду сабрацца разам.
Калі ёсць любоў у сэрцы
Валянціна Селядцова — шчаслівая мама траіх дзяцей. Ксенія, самая старшая, сёлета пайшла ў першы клас, чатырохгадовы Цімур наведвае дзіцячы садок, а маленькаму Даніілу яшчэ толькі 8 месяцаў. Быць шматдзетнай мамай жанчына заўсёды жадала, бо сама мае родных сястру і брата. Сям’я шмат часу праводзіць на вуліцы, а дома разам гуляюць у настольныя гульні ці збіраюць пазлы. Муж і жонка вучаць малых быць справядлівымі і сумленнымі.
Нягледзячы на тое што жанчына знаходзіцца ў дэкрэце, працаваць ёй час ад часу ўсё ж прыходзіцца, і, што цікава, дзецям гэта вельмі падабаецца. Справа ў тым, што Валянціна спявае ў народным ансамблі народнай песні “Чыстыя крыніцы” і ў фолк-мадэрн калектыве “Пералёўцы”, таму нярэдка рэпеціруе дома. І замест калыханкі дзеці чуюць народныя спевы, ды і самі любяць спяваць. Ксенія займаецца харэаграфіяй, наведвае басейн і вывучае англійскую мову. За ёй цягнецца і Цімур. Разам яны з задавальненнем дапамагаюць даглядаць маленькага Данііла. Дарэчы, сям’я любіць наведваць канцэрты і ўдзельнічаць у мерапрыемствах, якія праводзяцца ў раёне. Калі ж жанчына сама выступае на сцэне, малыя чакаюць матулю за кулісамі і потым віншуюць яе з добрым выступленнем.
Любоў дзяцей да мамы ні з чым нельга параўнаць, — гаворыць Валянціна. — Канечне, яны могуць любіць за тое, што падарыла цацку ці яшчэ што. Але я маю на ўвазе шчырую любоў да матулі за тое, што яна проста ёсць. Кожны ранак чуць іх пажаданні добрага дня, а ўвечары цалаваць перад сном — шчасце. Лічу, што не мае значэння, колькі ў цябе дзяцей: калі ёсць любоў у сэрцы, яе хопіць на кожнага малога.
Пяшчотная жанчына са снежным імем
Больш за 20 гадоў працуе юрысконсультам лясгаса Сняжана Дзінгалёва. Але не менш важным на прадпрыемстве лічаць тое, што яна шматдзетная матуля: разам з мужам Дзмітрыем выхоўваюць траіх дзяцей. Сняжана таксама прытрымліваецца меркавання, што любая жанчына павінна рэалізавацца не толькі як прафесіянал, але і ў якасці матулі. І гэтыя два складнікі непарыўна звязаны: з аднаго боку, дзецям трэба паказваць прыклад годнага стаўлення да работы, прафесійнага росту, вучыць забяспечваць сябе матэрыяльна. З другога — мець час і сілы дарыць дзецям сваю цеплыню і пяшчоту. Па абодвум пунктам у Сняжаны ўсё атрымалася на выдатна.
Спачатку ў сям’і нарадзіліся два сыны. Калі крыху падраслі, бацькі задумаліся: не хапае дзяўчынкі. Відаць, жаданне было вельмі моцным, бо праз адведзены прыродай час увесь мужчынскі састаў сям’і дружна су- стракаў з бальніцы шчаслівую матулю з дачушкай на руках. Цяпер пяцігадовая Даша — агульная любіміца. Тата песціць малую, а сынамі ганарыцца: Уладзіслаў мае добрыя вынікі ў тайскім боксе, Мацвей захапляецца тэатрам. А ўсе разам нярэдка арганізоўваюць велапрагулкі, ездзяць на рыбалку.
Нягледзячы на тое што галава сям’і займаецца прадпрымальніцтвам, сям’я для яго таксама не губляе прыярытэтных пазіцый: усе выхадныя, вечары Дзмітрый праводзіць з роднымі. А Дзень маці — прыемная нагода, каб выказаць словы ўдзячнасці жонцы і матулі за тое цяпло і ўзаемаразуменне, якімі яна іх атуляе.