11 красавіка — Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў Вязень № 164
Сям’я, у якой расла дзяўчынка, нагадвала некаторыя цяперашнія вясковыя школы: 13 хлопчыкаў і дзяўчынак рознага ўзросту. Жылі яны на Глушчыне, і калі грымнула вайна, старэйшыя хлопцы пайшлі на фронт. Чацвёра з іх склалі галовы, абараняючы Радзіму. Шмат гора спазналі і дзяўчаты. А вось Марыі быў наканаваны іншы лёс…
Падчас аблавы фашысцкія памагатыя хапалі вясковую моладзь, каб адправіць яе на прымусовыя работы ў далёкую Нямеччыну. Адзін з паліцаяў, які жыў па суседству з сям’ёй Сокал, каб выслужыцца перад новай уладай, злавіў 13-гадовую Марыйку і, нягледзячы на супраціўленне, прыцягнуў яе на пункт прыёму. Адтуль моладзь пагналі на бліжэйшую чыгуначную станцыю, дзе пагрузілі ў вагоны і адправілі ў жахлівае падарожжа. Лунінец, Пінск, Беласток, адтуль — пешшу ў фашысцкія землі…
Яны працавалі на заводзе па вытворчасці дэталяў для самалётаў, што размяшчаўся ў падземных збудаваннях горада Міндэн. Наша Марыя разам з украінкай Васілінай былі самыя меншыя сярод 250 дзяўчат, што жылі ў адным бараку, а работу даводзілася выконваць, што і дарослым не па сіле. Працавалі па 16 гадзін у суткі, калі дапускаўся брак, то вязняў білі, прымушалі выпраўляць памылкі.
Час вызвалення аб’явіў аб сабе ўзрывамі соцень бомб і снарадаў. Палонныя баяліся, каб не звар’яцець ад грукату, успышак, свісту куль, уцякалі — ад жаху вочы не бачылі дарог. Марыя не ведае, як апынулася на могілках, дзе два дні хавалася ад страшнага пекла. Там сустрэла яшчэ адну жанчыну з лагера. Калі ўбачылі над горадам белыя сцягі, зразумелі, што
вайна для іх канчаецца.
Саюзнікі-амерыканцы запрашалі былых вязняў да сябе, абяцалі жыллё і работу, але палонныя, не згаварваючыся, прымалі аднолькавае рашэнне: вярнуцца на Радзіму. Перажыла Марыя
і тыф, два тыдні правяла паміж жыццём і смерцю…
Родная зямля сустрэла зруйнаванымі гарадамі і вёскамі. З малодшым братам Валодзькам працавалі ў калгасе, потым ткала стужкі ў райцэнтры, мыла бялізну ў бальніцы. Дамашняя гаспадарка адымала шмат часу і сіл, але былі сярод безупыннай працы і светлыя плямы. У тым ліку і сустрэча з хлопцам-прыгажуном Жорам Акулічам з Бабруйска. Былы партызан прыгледзеў працавітую зграбную дзяўчыну і вырашыў менавіта з ёю звязаць сваё жыццё.
Нарадзілі трох сыноў. Бацька строга ставіўся да дзяцей, таму і выраслі яны
працавітымі, заўсёды дапамагалі старэйшым.
Нягледзячы на тое, што яна жыве зараз у сына ў Асіповічах, не можа ўявіць сябе без вясковых клопатаў. Чакае веснавога цяпла, каб можна было садзіць грады. А на пярэчанні дзяцей даводзіць: “Я ж не пустадомка, агарод
павінен быць у парадку”.