Шукаеце падарунак? Заходзьце! (№ 19)
З кожным днём усё больш і больш у паветры адчуваецца дыханне вясны. Не за гарамі адно з самых любімых свят — Міжнародны жаночы дзень. Да яго загадзя рыхтуюцца ўсе: у дзіцячых садках і школах, на прадпрыемствах і ў сем’ях. Асабліва хвалююцца мужчыны, для якіх наступае адказная пара — выбар падарунка. Некаторыя любяць рабіць гэта загадзя, скрупулёзна абдумваючы, чым парадаваць любімую жанчыну. Варыянтаў можа быць некалькі. Хтосьці сваімі рукамі стварае падарунак, а хтосьці, каб задаволіць інтарэсы, абавязкова наведае магазін. I, як правіла, так робяць многія. Таму гандлюючыя арганізацыі рыхтуюцца да святочнага распродажу загадзя.
— Улічваючы вопыт мінулых гадоў, на вытворчым пасяджэнні было вырашана распачаць гандаль святочнымі падарункамі, не чакаючы самога свята, а на некалькі тыдняў раней, — гаворыць начальнік “Ад-дзела рабочага забеспячэння станцыі Асіповічы” Любоў Сядова. — Жадаючыя ўжо зараз могуць набыць у нашым магазіне № 18 неабходныя падарункі. Прадаўцы падрыхтавалі святочныя наборы касметыкі і парфумерыі, цікава скампанавалі посуд. Калі ж камусьці спадабаецца свой варыянт падарунка — калі ласка, тавар у прыгожа аформленай упакоўцы таксама апынецца ў руках пакупніка, любы яго запыт будзе задаволены.
Яшчэ ў гэтай краме можна набыць жывыя кветкі, без якіх 8 Сакавіка нават не ўяўляецца. Гандлююць імі тут з сярэдзіны лютага. I — паспяхова. У асартыменце — ружы, хрызантэмы, гваздзікі. Паклапаціліся ў магазіне і пра тых, каму падабаюцца цюльпаны. Гэтыя кветкі ў многіх жанчын заўсёды асацыіруюцца з вясной. I, як сведчыць Сядова, кошт букета значна ніжэйшы, чым у прыватнікаў. Выконваюць гандляры-чыгуначнікі і калектыўныя заўкі ад арганізацый як на набыццё кветак, так і іншых падарункаў.
Што ж тычыцца харчовых тавараў, то ў “чыгуначных” магазінах купляючы прадукты да святочнага стала, можна зэканоміць некалькі тысяч. Па словах Любові Міхайлаўны, на некаторыя віды тавараў устаноўлены скідкі. Да прыкладу, цана на сок “Привет” самая нізкая па горадзе — літровая ўпакоўка каштуе ўсяго 2.090 рублёў. Зніжана цана і на кураня бройлернае і на ўсю свежамарожаную рыбу, якая стала танней на 22%. Калі хто пажадае выбраць святочны набор прадуктаў, то тут таксама без праблем — прадаўцы рады будуць аказаць і такую паслугу.
Не адстаюць ад сваіх калег і гандлёвыя крамы ААТ “Гандаль”, якія знаходзяцца, на думку Сядовай, у больш выгадным становішчы: асноўныя з іх размешчаны ў цэнтры горада, дзе людзі бываюць часцей. Гэта добра разумее і кіраўніцтва вядучай гандлёвай арганізацыі. Як адзначыў намеснік дырэктара прадпрыемства Міхаіл Ніканчык, значна павялічыцца асартыментны пералік, які дазволіць падняць тавараабарот на 30%. Пачынаючы з 6 сакавіка магазіны, якія гандлююць прамысловымі і гаспадарчымі таварамі, будуць працаваць да 7 гадзін вечара. “Гандаль” таксама прапануе скідкі на птушку і свежамарожаную рыбу.
…Урэшце рэшт, які падарунак выбраць, будзе залежаць ад многіх фактараў. Рашэнне — за вамі.
Ніна ВIКТОРЧЫК.