Незвычайная станцыя на лініі Мінск — Асіповічы

Чыгуначная станцыя Верайцы — адна з найбольш незвычайных на лініі Мінск-Асіповічы. Прычым адметнасць праяўляецца адразу ў некалькіх аспектах.
Дыхтоўны будынак вакзала быў узведзены напрыканцы ХІХ стагоддзя ў характэрным для таго часу архітэктурным стылі з легендарнага матэрыялу — розенбергаўскай цэглы. Вакзал выдатна захаваўся, таму сёння ўяўляе цікавы прыклад рэдкай для Асіповіччыны дарэвалюцыйнай забудовы. Гістарычнай аўтэнтычнасці будынку дадае ўстаноўлены на прызначанае яму з самага пачатку месца станцыйны звон з тагачасным кляймом «МПС» — «Министерство путей сообщения». Ён быў знойдзены некалькі гадоў назад у адной з верайцоўскіх гаспадарчых пабудоў, а сёння з’яўляецца свайго роду сімвалам станцыі. Пасажыры ахвотна тут фатаграфуюцца, а чыгуначнікі выкарыстоўваюць у якасці… дзвярнога званка — каб патрапіць у дыспетчарскую і іншыя тэхналагічныя памяшканні.
Каля дзясятка гадоў назад прывакзальная пляцоўка і перон былі рэканструяваны. Прыгожая каваная агароджа, аздобленая скульптурамі львоў і каменнымі шарамі, фантан, з густам размешчаныя купкі дэкаратыўнай расліннасці надаюць вакзалу своеасаблівае выразнае аблічча.
Гэта станцыя вузлавая, на ёй ад галоўнай магістралі Асіповічы-Мінск аддзяляецца, так бы мовіць, “кішэнная” чыгунка Асіповічы-Градзянка. Сёння лініі раённага значэння ў Беларусі рэдкасць, таму паездкі па ёй карыстаюцца папулярнасцю ў суполцы аматараў чыгуначных падарожжаў. Пра свае вандроўкі яны распавядаюць на сайце http://railwayz.info/travelz. Дзе, між іншым, ёсць цікавыя апісанні і іншых чыгуначных станцый Асіповіччыны.

Аднак вернемся да Верайцоў. Работа з грузамі тут не вядзецца за адным выключэннем: выгружаецца ваенная тэхніка, якая далей сваім ходам рушыць на Асіповіцкі палігон. Такую спецыфіку таксама можна аднесці да мясцовага эксклюзіву…
Ну і галоўнае. Станцыя ляжыць на мяжы з Мінскім аддзяленнем чыгункі, што аўтаматычна пераўтварае яе ва ўязныя вароты на тэрыторыю абслугоўвання Магілёўскага. І з гэтым статусным абавязкам калектыў чыгуначнікаў, які ўзначальвае начальнік станцыі Тамара Літвіненка, таксама спраўляецца бездакорна.
Фота Дзмітрыя САЎРЫЦКАГА.

