Ураджай-2010 На парадку дня — рамонт тэхнікі 23.02.10, № 14
Сёлета раёну трэба засеяць зерневымі больш за 9,5
тысяч гектараў, з іх яравымі — амаль чатыры, 41% ад усёй плошчы. Кукуруза зойме
4.908 га, азімы рапс — 2.270, ячмень — 1.814, яравая пшаніца — 570, цукровыя
буракі — 1.570, авёс — 470, зернебабовыя — 650, грэчка — 314. Дарэчы, больш
прыдатныя глебы для вырошчвання апошняй культуры павялічваюцца ў паўтара раза,
а летась, як вядома, яе ўраджайнасць у СВК “Калгас “Карытнае” склала 18,8, а ў
ААТ “Асіповічырайаграпрамтэхзабеспячэнне” па 17,9 цэнтнера з гектара.
Усяго земляробы Асіповіччыны плануюць атрымаць у
гэтым годзе 32,6 тысячы тон зерня, 58.553 тоны цукровых буракоў, амаль 3,8
тысячы тон масланасення рапсу і г.д. Сіноптыкі сцвярджаюць, што вясна будзе
ранняй і цёплай, і да правядзення вясенне-палявых работ можна будзе прыступаць
недзе ў другой палове сакавіка. Дык ці варта казаць, што без належнай работы на
нашых палетках сельгастэхнікі такія сур’ёзныя лічбы могуць так і застацца адарванымі
ад рэальнасці, што сёння яе рамонт павінен быць на першым плане ва ўсіх
гаспадарках?
— Iнжынерна-тэхнічнай службе раёна і
сельгаспрадпрыемстваў пастаўлена канкрэтная задача: трактары, глебаапрацоўчую і
пасяўную тэхніку паставіць на лінейку гатоўнасці да 1 сакавіка, — адзначае
галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама Валянцін
КАРПОВIЧ. — Праверку яе гатоўнасці ўжо распачалі. Важнасць вызначанага разумее
кожны, таму да работ прыступілі пасля завяршэння ўборкі ўраджаю-2009. Рамонтныя
базы падрыхтаваны, нармальныя ўмовы для працы людзей і іх адпачынку створаны,
таму нават у самыя моцныя маразы аднаўленне-рамонт тэхнікі не спыняўся.
Да слова, у абласным аглядзе-конкурсе на лепшы
машынны двор, пастаноўку тэхнікі на захоўванне і падрыхтоўку работы рамонтнай
базы да работ зімой нашаму раёну прысуджана II месца. У аналагічным раённым
конкурсе лепшымі вызначаны калектывы філіяла “Белшына-агра”, СВК “Калгас
“Авангард” і “Лапічы”. Прычым, машынны двор “белшынаўцаў” вылучаны дзеля ўдзелу
ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе. I людзі стараюцца, робяць усё, каб не
падвесці ні Асіповіччыну, ні вобласць наогул.
— На што найпер звяртаецца ўвага сёння?
— На падрыхтоўку высокапрадукцыйнай, энерганасычанай
тэхнікі — трактараў “Беларус”-2822 і 3022, нямецкага “АТЛЕС”, які “Чырвоны
ўдарнік” атрымаў па лізінгу. Усе яны працуюць з 8-карпуснымі абаротнымі плугамі
і глебаапрацоўчымі пасяўнымі агрэгатамі. Такіх волатаў у нас 15 адзінак, і 11
ужо гатовы выйсці ў поле хоць заўтра.
— I хто з рамонтам, Валянцін Станіслававіч,
наперадзе?
— Найперш — тая ж “Белшына-агра” і СВК “Калгас “Новы
шлях”, дзе цалкам і якасна скончаны рамонт глебаапрацоўчай і пасяўной тэхнікі і
на дзве трэці — корманарыхтоўчай і зернеўборачнай. На стадыі завяршэння таксама
калгасы “Чырвоны ўдарнік”, “Каўгарскі”, “Бярэзіна”. А вось у “Карытным, “Авангардзе”
і імя Чарняхоўскага пакуль ад плана-графіку работ адстаюць.
— Сельгаспадаркі знаходзяцца ў роўных умовах?
— Як сыр у масле не катаецца ніхто, рамонтны сезон
заўсёды патрабуе выдаткаў, таму ўсім нялёгка, прыходзіц-ца круціцца. А сёлета
яшчэ не было, як раней, фінансавай падтрымкі з рэспубліканскага і абласнога
бюджэтаў. За выключэннем таго, што атрымалі 21 мільён на ўдзешаўленне кошту рамонту
трактарных рухавікоў на Магілёўскім рамзаводзе і 24 — на набыццё запчастак да
імпартных агрэгатаў RАВВЕ. Праўда, яшчэ ў сакавіку за лік аблбюджэту будзе
праведзена тэхабслугоўванне энергаёмістых трактараў, уключаючы МТЗ 1221 і
К-700.
— А сродкі шэфаў на рамонтныя работы прыцягваюцца?
Ёсць жа адпаведная пастанова Саўміна наконт належнай падрыхтоўкі
сельгасарганізацый да палявых работ, стварэння кармавой базы, уборкі
ўра-джаю-2010…
— Гаспадаркі са сваімі шэфамі працуюць шчыльна і ў
асноўным знаходзяць узаемаразуменне. СВК “Калгас “Ясень”, да прыкладу, ужо
атрымаў грашовую дапамогу ў памеры 24 мільёны рублёў.
— Агучыце прозвішчы тых, хто з’яўляецца пры-кладам на
рамонце сель-гастэхнікі?
— Добрых працаўнікоў у нас заўсёды было багата. Вось
загадчык машыннага двара СВК “Новы шлях” Васіль Iванавіч Стэфаненка, напрыклад,
з-за недахопу вопытных слесараў папрасіў дапамагчы сённяшняга пен-сіянера
Уладзіміра Iванавіча Шкурына. Той адгукнуўся і, можна сказаць, паказаў усім, як
трэба рабіць. У “Чырвоным ударніку” словы ўдзячнасці за працу варты
цёзкі-механізатары Уладзіміры Збанок і Чаропка, токар Людміла Налівайка не
толькі стаяла за станком, а выконвала і слясарныя работы. “Бел-шынаўцы” могуць
ганарыцца працай слесараў Пятра Грузда і Андрэя Гулея, токараў Пятра Прохарава
і Анатоля Катаса. Прыкладаў хапае.
— Каб кіраваць сённяшняй “разумнай” тэхнікай, трэба
мець механізатараў-майстроў, сапраўдных прафесіяналаў, правільна?
— Менавіта таму практычна ўсе яны і прайшлі
перападрыхтоўку ў вучэбным цэнтры аблсельгасхарчу на курсах пры Мінскім
трактарным заводзе і ў нашым дзяржліцэі № 8. Плюс, для арганізацыі работы
энерганасычаных трактароў у 2-3 змены вясной плануем дадаткова прыцягнуць каля
70 кваліфікаваных спецыялістаў з розных прадпрыемстваў і арганізацый
Асіповіччыны. Так што, думаю, з пасяўной праблем узнікнуць не павінна.
Гутарыў Георгій АЛЕЙНIКАЎ.