Меліярацыйны «рэванш» у Асіповіцкім раёне

ААТ «ПМК № 95 «Вадбуд» сустракае сваё прафесійнае свята, маючы ў актыве добрыя паказчыкі эканамічнага росту за 2013 год.
Безумоўна, вадбудаўцам пашанцавала: летась яны былі максімальна задзейнічаны ў шэрагу маштабных праектаў рэспубліканскага значэння. Аднак жа і рэалізаваны гэтыя магчымасці былі «на выдатна» — калектыў прадпрыемства пацвердзіў сваё прафесійнае майстэрства хуткай і якаснай працай.
Прынамсі, амаль усе заробленыя грошы былі інвеставаны ў набыццё новай тэхнікі, так што магчымасці асіповіцкіх меліяратараў сёння сталі яшчэ больш шырокімі, а перспектывы атрымання выгадных падрадаў — лепшымі.
Але пакуль ПМК канцэнтруе вытворчыя рэсурсы на аб’ектах і справах, прадугледжаных Дзяржпраграмай па захаванні і рэканструкцыі меліярацыйных зямель. Сярод прыярытэтаў — ачыстка сеткі дзеючых каналаў ад змялення і зарастання, рэканструкцыя меліярацыйных сістэм у СВК “Калгас “Авангард” і “Карытнае”. Пра апошняе крыху падрабязней.
…На полі плошчай амаль 410 га каля вёскі Карытнае работы вядуцца ўжо пяць месяцаў. Зроблена нямала: два пускавыя комплексы скончаны цалкам, трэці будзе гатовы да здачы ў эксплуатацыю (інакш кажучы — падрыхтаваны пад пасеў сельгаскультур) праз некалькі тыдняў. Нават не верыцца, што зусім нядаўна былі тут суцэльныя зараснікі хмызняку на пераўвільготненых тарфяніках!
…Гэтыя ўрадлівыя землі былі асушаны ў 1968 годзе, аднак з-за недастатковага нагляду за водапаніжаючымі збудаваннямі ў цяжкія для сельскай гаспадаркі 90-я гады аказаліся зноў забалочанымі. Так што зараз, можна сказаць без перабольшвання, меліяратары бяруць рэванш!
Сімвалічна, што ў склад працуючай тут брыгады па рамонце збудаванняў і пасеву траў (брыгадзір Аляксандр Федарынчык, пад началам якога экскаватар, 2 бульдозеры і 5 энерганасычаных трактароў) уваходзяць і найбольш вопытныя работнікі ПМК: бульдазерыст Сяргей Русачкоў (на здымку), вадзіцель Юрый Суравец, трактарыст Вячаслаў Сукора і лепшыя прадстаўнікі рабочай моладзі. Такія, як экскаватаршчык Яўген Юрэвіч.
Дзмітрый САЎРЫЦКI.



