Па свяшчэнных мясцінах (Дрычынскі сельсавет)

Па свяшчэнных мясцінах  (Дрычынскі сельсавет)

Ведаць. Памятаць. Ганарыцца

У дзесяці вёсках размешчана 357 прысядзібных участкаў, жыве 752 жыхары. Перад вайной прыкладна столькі ж людзей насяляла Майсеевічы. А ўсяго тады ў пасяленнях налічвалася каля трох тысяч чалавек. Па дадзеных кнігі “Памяць”, на франтах Вялікай Айчыннай загінула каля 300 сяльчан. Некалькі дзясяткаў вяскоўцаў сталі малалетнімі фашысцкімі вязнямі, 7 з іх не вярнуліся з Нямеччыны. Яшчэ прыкладна 100 чалавек сталі ахвярамі падчас акупацыі, сярод іх мірныя жыхары і партызаны. Землякі ўшанавалі іх памяць абеліскамі. На тэрыторыі сельсавета знаходзіцца 10 воінскіх пахаванняў: па 4 — у Крамку і Вялікім Бары, 2 — у Майсеевічах. Помнікі тым, хто не вярнуўся з вайны, стаяць у Дрычыне і Вялікім Бары. Яшчэ ў гэтых мясцінах нарадзіўся Герой Савецкага Саюза Сяргей Мікалаевіч Каданчык, які загінуў 15 верасня 1943 года пры абароне Наварасійска. У яго гонар на былой Майсеевіцкай школе была ўстаноўлена мемарыяльная пліта, якая зараз знаходзіцца ў Дрычынскай навучальнай установе.

Vyaliki-Bor
Вялікі Бор. На заходнім краі вёскі ў брацкай магіле пахаваны 11 савецкіх воінаў, якія загінулі ў баях 1941 і 1944 гадоў. Сярод іх — прозвішча партызана, ураджэнца Віцебска, Фёдара Iванавіча Марозава, які загінуў у 1944 годзе ў баях за вёску Пясчанка. На шасці магілах у 1969 і 1983 гадах пастаўлены абеліскі, якія ў кастрычніку мінулага года заменены на новыя. Каля шашы Асіповічы-Шышчыцы стаіць манумент салдату-вызваліцелю, а таксама мемарыяльныя пліты з прозвішчамі землякоў, якія не прыйшлі з фронту. Устаноўлены ён напрыканцы 80-х гадоў на сродкі мясцовага калгаса імя Чарняхоўскага.

Карная аперацыя “Піён” —

пад такой умоўнай назвай нямецка-фашысцкія захопнікі праводзілі на тэрыторыі Пухавіцкага, Старадарожскага і Асіповіцкага раёнаў у першай палове чэрвеня 1944 года знішчэнне людзей. У ёй прымалі ўдзел часці  9-й арміі групы армій “Цэнтр”, размешчаныя ў гарнізонах Шацка, Пухавіч, Старых Дарог, Дражна, Шышчыц. Перад імі стаяла задача акружыць партызан і грамадзянскія лагеры, якія знаходзіліся ў раёне акаляючых вёсак.

Баявыя дзеянні карнікі пачалі яшчэ ў сярэдзіне мая, а агульнае наступленне — 2 чэрвеня з гарнізона, размешчанага ў Шацку.

Абарону ў гэтай зоне трымала 2-я Мінская партызанская брыгада. Па шляху перасоўвання ворагаў народныя мсціўцы засаднымі баямі на раней падрыхтаваных рубяжах стрымлівалі сілы праціў-ніка. Гэтым яны далі магчымасць насельніцтву пайсці ў бяспечныя раёны, выратавацца ад угону ў Германію і пагрозы знішчэння.

Восем дзён атрады вялі напружаныя баі з перавышаючымі іх па колькасці нямецкімі армейскімі падраздзяленнямі, пасля чаго карнікі блакіравалі партызан і каля 3 тысяч мясцовых жыхароў па лініі вёсак Зялёная Дуброва, Дрычын, Востраў і Сінча. Выйсці з акружэння брыгада магла, фарсіраваўшы раку Пціч.

Арганізоўваючы адыход, лясныя байцы пайшлі на хітрасць. Каб адцягнуць увагу гітлераўцаў, у ноч на 9 чэрвеня яны навялі падманную пераправу праз Пціч у раёне вёсак Юравічы і Майсеевічы. Такім чынам брыгада змагла фарсіраваць раку ў іншым месцы — ля вёскі Града. Пасля гэтага партызаны схавалі мірнае насельніцтва на невялічкім астраўку. Заняўшы абарону вакол грамадзянскага лагера, яны больш сутак стрымлівалі націск фашыстаў і ў ноч на 11 чэрвеня прарвалі блакаду.

mayseevichyi
Майсеевічы. Помнік ваеннаслужачым, якія загінулі тут у 1944 годзе. Прозвішча аднаго вядома — Аляксей Барысавіч Амяльчэня.

У ходзе правядзення аперацыі карнікі расстралялі 499 мірных жыхароў, захапілі для адпраўкі ў Германію 2.344 чалавекі. Цалкам знішчылі вёскі Зялёная Дуброва, Востраў, Рэпішча. Забралі каля тысячы галоў кароў і 770 коней.

У гэтых баях удзельнічала і заслужаны ўрач Беларускай ССР Вера Iванаўна Давыдоўская, якая атрымала тады цяжкае раненне абедзвюх ног. Яна была сувязной паміж партызанамі і падполлем Мінска. За яе галаву фашысты абяцалі вялікія грошы. Добра памятае тую злашчасную аперацыю ў раёне цяперашняга Дрычынскага сельсавета, землі якога тады адносіліся да Старадарожскага раёна. Загінула шмат партызан, якія пахаваны ў брацкіх магілах вёсак, дзе вяліся баі.

Яшчэ адзін сведка баявых дзеянняў у гэтай мясцовасці — Уладзімір Данілавіч Кадзет.

Нарадзіўся ў вёсцы Юравічы колішняга Жыцінскага сельсавета. Доўгі час працаваў выкладчыкам у Магілёўскім каледжы МУС. Часта наведваецца ў родныя мясціны, дзе сустракаецца з мясцовымі школьнікамі, дзеліц-ца ўспамінамі з імі. Вось што ён расказвае пра партызанскі рух у дрычынскіх лясах:

— Быў партызанам атрада імя Суворава партызанскай брыгады 2-й Мінскай. Стаў ім у 18-гадовым узросце. Пайшоў у лес першым з мясцовых жыхароў.

Акупацыя прынесла людзям многа гора. Немцы зверствавалі сабе, паліцаі сабе. Дарэчы, адзін з самых буйных паліцэйскіх гарнізонаў знаходзіўся амаль побач з нашай вёскай — у Дражна. У Шчыткавічах, таксама непадалёк ад Дрычына, стаяў літоўскі пагранатрад пад камандаваннем нямецкага афіцэра. Нехта данёс ім, што ў Зялёнай Дуброве пераначавала група партызан. Яны прыехалі і арыштавалі старшыню калгаса, прывезлі ў Дрычын і павесілі. Яшчэ расстралялі пяцярых мясцовых дзяўчат, якія вынеслі адступаўшым чырвонаармейцам хлеб і малако.

Адной з першых аперацый было наступленне на гарнізон у Дражна, якое аказалася няўдалым. Партызаны страцілі 26 чалавек, але гарнізон не разбілі. Зрабілі гэта ў другі раз.

12 чэрвеня, пасля зняцця блакады, апынуўся ў родным Дрычыне, куды перадыслацыраваўся атрад. Перад намі стаяла задача не дапусціць адступлення немцаў па дарозе Асіповічы-Бабоўня-Слуцк. Немцы па ёй не прайшлі — масты былі спалены. Яны рушылі па шляху Бабруйск-Асіповічы-Мінск. А раніцай 27 чэрвеня 1944 года партызаны сустракалі нашу армейскую разведку, і радасці не было мяжы. Акупацыя доўжылася роўна тры гады…

 Kramok-1
Крамок. Тут узвышаецца абеліск загінуўшым землякам. Пастаўлены за кошт калгаса “Шлях Iльіча” напрыканцы 80-х гадоў. У вёсцы пахаваны невядомыя воіны Савецкай Арміі, якія загінулі ў 1944 годзе.

 З успамінаў былой настаўніцы Крамокскай СШ Соф’і Афанасьеўны Амяльчэні:

— У Крамку немцы бывалі наездамі. Адразу вербавалі мужчын у паліцыю. З нашай вёскі туды пайшлі Максім Андрос, Капуста, Трафім Чэпік. А брат Капусты пайшоў у партызаны.

З пачатку вайны ўсе маладыя мужчыны, хлопцы, дзяўчаты і дзеці хаваліся ў лесе, каб не трапіць у Германію. Кожная сям’я выкапала сабе зямлянку, завялі ў лес кароў. У хаты наведваліся крадком, каб узяць са сховішчаў бульбы, капусты, гуркоў.

Вельмі небяспечнымі былі паліцаі. Яны базіраваліся ў Дражна і ў Старых Дарогах.

Актыўны ўдзел у барацьбе з акупантамі паказалі “прыпіснікі”: Iгнат Гапанкоў, Віктар Смірноў, Iван Назарэнка, Аляксей Калеснікаў, Міхаіл Суркоў і іншыя. Яны апынуліся ў нас пры адступленні ў пачатку вайны. Многія прысталі ў прымы да мясцовых маладзіц. Калі арганізаваліся партызанскія атрады, пайшлі ў лес.

Памятаю блакаду. Тады прабылі ў лесе цэлы тыдзень. Нас абстрэльвалі з самалётаў, каб людзі выходзілі з лесу. Кончыліся прадукты. Мы, дзеці, сталі пухнуць ад голаду. Са жменькі мукі звараць зацірку, каб хоць раз у дзень пакарміць малых. А пайсці ў вёску за прадуктамі баяліся. Паліцаі набліжаліся да лесу, звалі людзей па імені: “Сцяпан, Андрэй! Iдзіце дамоў, не бойцеся, немцаў няма”. Хто паверыў — папаўся і быў адпраўлены ў Германію. Многія не паспелі схавацца ў лесе і сядзелі ў балоце. Iх злавілі і пасадзілі ў вялікую пуню ў Дрычыне. Фашысты навялі пантонны мост праз Пціч і па ім вязлі ў гэтую пуню схопленых людзей з усяго наваколля. Там зрабілі лагер, абнеслі яго трыма радамі калючага дроту. Дзень і ноч вартаўнікі з аўчаркамі хадзілі вакол. Людзей партыямі адпраўлялі ў Нямеччыну. У лагер немцы і паліцаі вязлі ўсялякае дабро, якое ім удавалася знайсці ў людскіх схованках. Пяць сутак палонныя грузілі нарабаванае на машыны, каб адправіць у Германію.

Савецкая Армія набліжалася. Фашысты ўцякалі, а з імі некаторыя паліцаі, у тым ліку Андрэй Шляхцін, Максім Андрос і Чэпік Трафім. Пазней яны былі асуджаны на 25 гадоў турмы. Дамоў не вярнуліся, згінулі дзесьці…

Kramok
Крамок. Помнік невядомаму салдату.

 З успамінаў Ганны Пятроўны Пекур, 1927 года нараджэння, ураджэнкі в. Дрычын:

— Падчас аблавы ў чэрвені сорак чацвёртага мяне і яшчэ чацвярых дзяўчат немцы забралі за Астроўкамі ў лесе, куды мы ўцяклі, калі пачалася страляніна. Пасадзілі на падводы і прывезлі ў Дрычын, дзе размяшчаўся часовы лагер для палонных. Людзей сагналі, можа, з 10 вёсак. Назаўтра ўсіх пагрузілі ў нямецкія грузавікі і павезлі ў Старыя Дарогі. Адтуль — у Германію. Многа з нашай мясцовасці там апынулася…

 З успамінаў былога партызана Пятра Iванавіча Музычына, жыхара в. Крамок:

— Да вайны працаваў у Асіповічах у чыгуначнай міліцыі. Бачыў, як бамбілі горад. Міліцыянеры пакінулі горад апошнімі, але даехалі толькі да Ялізава. Пераправіліся праз Бярэзіну ў клічаўскія лясы. Потым дабраўся да Крамка, адкуль быў родам. Праз некаторы час стаў партызанам атрада “Непераможны”. Ён быў створаны ў 1942 годзе і базіраваўся ў раёне Шацка і Пруцка. У пачатку наступнага 7 партызан на чале з камісарам узвода Сацуком прыехалі ў Дрычын, каб сагітаваць мужчын да сябе. Перад адыходам натрапілі на паліцаяў. Завязаўся бой. Партызаны раздзяліліся. Камандзір узвода, Цімафей Данілаў, Рыгор Вікторчык пабеглі па дарозе да моста на Крамок, астатнія — у канец Дрычына ўздоўж па шашы.

У гэтым баі каля моста праз Пціч былі забіты Сацук і Вікторчык. Апошні пахаваны на могілках у Крамку разам з іншымі невядомымі ўдзельнікамі партызанскага руху.

Падрыхтавала Ніна ВIКТОРЧЫК.

Последние новости

Власть

Лукашенко рассказал о скором визите в Китай и встрече с Си Цзиньпином

21 августа 2025
Читать новость
Власть

Производство ракет – в центре внимания Лукашенко. Президент требует определиться с развитием отрасли

21 августа 2025
Читать новость
Общество

“Знакомый парень во время конфликта избил меня. Как его наказать?” Отвечает участковый инспектор милиции

21 августа 2025
Читать новость
Общество

Гороскоп на 21 августа для всех знаков зодиака

21 августа 2025
Читать новость
Власть

“Фундамент для масштабного рывка есть”. Главное из переговоров Лукашенко и Пезешкиана в Минске

20 августа 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко: Беларусь и Иран стремятся превратить любые вызовы в новые возможности

20 августа 2025
Читать новость

Рекомендуем