У Вяззе з роднай Касцюковіччыны Сяргей Шэвель перабраўся разам з бацькамі ў раннім дзяцінстве

Пасля школы не будаваў паветраных замкаў, а працягнуў пачэсную бацькоўскую справу.
Скончыўшы Слуцкае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, пайшоў працаваць у мясцовае сельгаспрадпрыемства трактарыстам-машыністам. Ездзіць на МТЗ пачаў раней, чым хадзіць у школу. “Замест дзіцячага сада, — усміхаецца Сяргей Васільевіч. — Бацька браў з сабой у кабіну, і мы ехалі на палі і фермы. А пазней і за баранку пасадзіў. Так што ў ПТВ вывучаць давялося толькі тэорыю: вадзіць трактар ужо ўмеў”.
Якія толькі транспартныя і палявыя работы не даводзілася выконваць! Узворванне, зяблевая апрацоўка, пасеў і ўборка… Актыўна займаецца хімпраполкай, унясеннем арганікі, дастаўкай кармоў на фермы.
Паездзіць давялося на розных трактарах. І кожны з іх не раз перабраў. “«Пакуль рукі не саб’еш, сапраўдным прафесіяналам не станеш». Так казаў некалі тата”, — тлумачыць Сяргей.
А некалькі месяцаў таму ён атрымаў новы МТЗ-82, чым вельмі задаволены. “Узмоцнены балачны мост, кандыцыянер. Цяпер праца — адно задавальненне!” — каменціруе вадзіцель новай машыны.
За рабочы дзень яму даводзіцца праехаць не адзін дзясятак кіламетраў. Ведае кожнае поле разам з іх балявымі кропкамі. І марыць, каб усе палеткі штогод радавалі шчодрым ураджаем. А сам гатоў пераадольваць любыя цяжкасці дзеля высакароднай справы, якой прысвяціў жыццё.
Іна Заскевіч