Па свяшчэнных мясцінах (Дараганаўскі сельсавет)

Па свяшчэнных мясцінах  (Дараганаўскі сельсавет)

Ведаць. Памятаць. Ганарыцца

На тэрыторыі знаходзіцца 14 вёсак. Па дадзеных кнігі “Памяць”, на франтах Вялікай Айчыннай аддалі жыццё за радзіму 319 воінаў-землякоў. У іх гонар у вёсках Радуцічы і Каўгары стаяць помнікі. Не забылі тут аб 23 партызанах — ім таксама ўзведзены абеліскі. Прыняла дараганаўская зямля і ваеннаслужачых, якія загінулі тут у сорак першым і сорак чацвёртым гадах. Яшчэ 10 чалавек сталі ахвярамі фашысцкіх  канцлагераў. Глыбокім смуткам праз усё пасляваеннае жыццё праходзяць тыя жахлівыя ваенныя дні, калі былі па-зверску знішчаны ні ў чым непавінныя мірныя жыхары. У тым ліку дзеці, жанчыны і старыя. У агульным спісе каля 800 ахвяр…

Мястэчка Дараганава

Да пачатку акупацыі эвакуіравацца на ўсход паспела толькі палавіна яўрэяў. 5 верасня 1941 года са Старых Дарог прыбыў атрад жандармаў, якія арыштавалі каля 20 мужчын, а пасля расстралялі іх, закапаўшы ў яме каля санаторыя. Па ўспамінах відавочцаў, варожыя кулі абарвалі жыццё і двух яго выхаванцаў Вані Кіслага і Грышы Міхадзюка.

Была створана ўправа і паліцэйскі гарнізон.

Восенню немцы сагналі ўсіх яўрэяў у створанае гета на вуліцы Пясчанай. Збегчы адтуль было немагчыма. У канцы мая сорак другога сюды прыбыў атрад СС з Бабруйска. Фашысты акружылі вёску, сабралі ўсіх яўрэяў, пастроілі ў калону і адвялі да пякарні на ўскрайку вёскі, дзе была жывёлабойня. Ахвяр групамі па 5 чалавек гналі да вялікай выкапанай ямы. Там карнікі прымушалі людзей распранацца і расстрэльвалі.

Відавочца тых падзей Тамара Пятроўна Сарока ўспамінае: “Той дзень нельга забыць. Сярод расстраляных ворагам людзей былі сяброўкі з маленькімі брацікамі і сястрычкамі, а таксама іх бацькі. У месцы, дзе закапалі расстраляных, некалькі дзён яшчэ варушылася акрываўленая зямля”.

Пасля вайны на месцы расстрэлу яўрэяў паставілі помнікі каля санаторыя і пякарні.

daraganava

Трэцяя брацкая магіла знаходзіцца каля сучаснай музычнай школы. Гэта — расстрэльная яма нямецкай камендатуры, якая размяшчалася каля мясцовай школы. У 70-я гады мінулага стагоддзя, калі мянялі абеліск, прозвішчы людзей з надмагільнай пліты не захавалі. Пошукавым атрадам “Узлёт”, створаным на базе музейнага гуртка “Дараганазнаўства”, зараз устаноўлены 13 прозвішчаў: 9, што былі вядомы раней, і 4 новыя.

Epshteynyi

У 1976 годзе паставілі новы пастамент і на яўрэйскім пахаванні каля пякарні. На ім значылася 73 прозвішчы. Пазней удалося ўстанавіць 113 прозвішчаў (гл. кнігу “Памяць. Асіповіцкі раён. Мн. 2002”). 26 чэрвеня 2009 года з’явіўся манумент з чорнага мармуру. На ім выбіты імёны ўжо 162 мірных жыхароў. Каб адшукаць прозвішчы пахаваных тут грамадзян, спатрэбіўся не адзін год. Звесткі збіралі Зінаіда Верашчака, Ларыса Стоцкая, Віктар Хурсік, Уладзімір Кісялёў і іншыя мясцовыя краязнаўцы. Значную дапамогу аказаў былы выхаванец дзіцячага дома ў Крынках, якому лёс наканаваў застацца ў жывых, Уладзімір Свярдлоў. Дарэчы, спрычыніліся да важнай справы і Рэгіна Эпштэйн і яе сын Iгар Машанскі. Наведаўшы ў 2008 годзе брацкую магілу, дзе знайшлі апошні прытулак блізкія ім людзі, прапанавалі грашовую дапамогу на рэканструкцыю пахавання.

daraganava

Летам 2010 года члены гурта разам з сельсаветам устанавілі агароджу на магіле дзетдомаўцаў, якія памерлі ў цяжкі пасляваенны час.

На дараганаўскіх могілках пахаваны афіцэр Чырвонай Арміі Андрэй Стаўроў, які быў расстраляны немцамі ў першым ваенным годзе. Школьным музеем сабраны матэрыял пра яго, нала-джана сувязь з сынам і ўнучкай, якія жывуць у Чалябінску. 4 гады таму яны наведалі магілу бацькі і дзеда.

Каўгары

У вайну тут дзейнічаў партызанскі атрад 161-й брыгады імя Катоўскага. Туды пайшоў і дырэктар спіртзавода Клім Зеньчык, а яго сябар і заводскі механік Мурга дапамагаў народным мсціўцам прадуктамі. Хутка фашысты арыштавалі яго, зверскі мучылі, а пасля загадалі разбіць кувалдай помнік Леніну, што стаяў у двары прадпрыемства. Ён адмовіўся. Тады немцы зрабілі на дубе шыбеніцу і павесілі Мургу. Жыхарам забаранілі адразу ж зняць труп. Праз тры дні жанчыны вырашылі занесці каменданту хабар, і толькі пасля той дазволіў пахаваць чалавека.

Не даравалі гітлераўцы і сям’і Мургі. Жонку Сцепаніду Iванаўну і сына Жэню, а таксама Сямёна Кантаровіча яны забілі чаргой з аўтамата. Iх пахавалі ўсіх разам у вёсцы Халькі, на могілках. А на тым месцы, дзе забілі   сям’ю, людзі пасадзілі ружу. Дзвюх дачок Мургі — Ніну і Тамару — немцы адправілі ў Германію. Вярнуліся дамоў яны ў 1945 годзе.

На месцы знойдзенай магілы П.Б.Мургі летам 2010 года пошукавым атрадам “Узлёт” пад кіраўніцтвам кіраўніка музея Жанны Каралені і рабочымі школы ўстаноўлены агароджа і крыж. Магіла даглядаецца вучнямі.

 У вёсцы знаходзяцца 2 брацкія магілы. У адной пахаваны 15 савецкіх воінаў, у другой — на могілках — 3. На жаль, іх прозвішчы застаюцца невядомыя.

Мязовічы

Мязовіцкая зямля стала месцам спачыну 19 воінаў і партызанаў, а таксама доўгі час невядомага лётчыка-чырвонаармейца. Дзякуючы пошукавай рабоце атрада “Узлёт” нядаўна яго імя было ўстаноўлена, але патрабуецца дакументальнае пацвярджэнне. Яшчэ 8 чалавек пахаваны ў брацкай магіле каля шашы Асіповічы-Шышчыцы. На абеліску — іх прозвішчы. У паўднёвай частцы гэтай жа дарогі — яшчэ адзін помнік 6 воінам і партызанам, 4 з іх невядомыя.

Вёска Крынка

Непадалёк ад вёскі, у былым маёнтку памешчыкаў Дараганаў, перад вайной існаваў дзіцячы санаторый з назвай “Крынкі”. Больш за 70 гадоў з думкамі пра яго жыве былы выхаванец “Крынак” Уладзімір Свярдлоў. Дзякуючы яму тут у 2006 годзе з’явіўся, як ён сам яго назваў, “Дзіцячы камень”. Пастаўлены на месцы, у якім вясной 1942 года расстралялі яўрэйскіх дзяцей — выхаванцаў санаторыя. Гэтай ідэяй былы каваль (дарэчы, выкаваў залатыя крыжы многіх храмаў краіны) жыў многа гадоў. Збіраў грошы, адкладваючы з пенсіі. Яму дапамагалі раённая і мясцовая ўлады, яўрэйскія грамадскія арганізацыі, у тым ліку члены сямей Клетэр і Гейслер з Амерыкі. Але вырашыў, што помнік сваім сябрам — дзецям, якія так і не сталі дарослымі, павінен паставіць сам. I зрабіў тое, што лічыў за абавязак.

…Дзесяцігадоваму Валодзю, якога з Рагачова  17 чэрвеня сорак першага года прывёз сюды бацька, тады ўдалося выратавацца — змог пераадолець страх і ўцёк, калі іх вялі на расстрэл. Некаторы час блукаў па незнаёмым лесе, а пасля знямогся і заснуў. Знайшла яго жыхарка вёскі Макарычы Аляксандра Звоннік. Рызыкуючы жыццём, забрала да сябе. Тут хлопец пражыў два гады, затым, пасля вызвалення, вярнуўся ў Рагачоў, каб знайсці родных. Звярнуўся да мясцовых міліцыянераў і даведаўся, што яго шукае бацька, які жыў у Беразіно…

kryinka

— Уладзімір Сямёнавіч дзесяцігоддзямі прыязджаў сюды, на магілу, у якой мог аказацца і сам, каб ускласці кветкі, аградку пафарбаваць, — успамінае былы дырэктар Дараганаўскага музея Сямён Бародзіч. — I ніколі нікуды не звяртаўся, ні аб чым не расказваў…

Санаторый “Крынкі” стаў накшталт канцлагера. Сюды звозілі дзяцей з Карытнянскага, Лапіцкага і Асіповіцкага дзіцячых дамоў. Сцвярджаюць, што тут знаходзілася каля   500 чалавек. Пазней, у студзені сорак трэцяга, дзяцей з санаторыя перавялі ў Асіповічы, а ў пустым будынку немцы збіраліся арганізаваць фарпост. Даведаўшыся пра гэта, партызаны спалілі яго.

На месцы былога санаторыя — мемарыяльная пліта.

Некаторыя жыхары Крынкі жывыя і цяпер, і добра памятаюць той дзень, калі іх прыгналі сюды засыпаць зямлёй яму з расстралянымі дзецьмі.

На мясцовых могілках спяць мірным сном 9 ваеннаслужачых. Хто яны, адкуль родам? Нядаўна рабятам з пошукавага атрада “Узлёт” стала вядома два прозвішчы, засталося толькі ўзгадніць іх з архіўнымі дакументамі.

 Тут жа пахавана і двое партызан, якія загінулі ў сорак чацвёртым годзе, а таксама кавалерыст-чырвонаармеец Д.Т.Кірдун.

Лука

Як і некаторыя іншыя вёскі сельсавета, была амаль цалкам знішчана. Вось як апісаў жудасную падзею яе былы жыхар Мікалай Майсейка:

Раніцай 31 снежня 1943 года Лука, з боку Слопішч, Фаліч і Каменкі, была акружана карнікамі. I нікому б не выйсці з вёскі, калі б не адно выпадковае супадзенне. 15-гадовы Валодзя Канановіч на світанку накіраваўся на рачулку Руч праверыць рыбалоўныя прылады, якія ўстанавіў. I тут ён убачыў паліцаяў. Пачаў уцякаць. Тады па ім адкрылі стральбу. Выстралы пачулі ў вёсцы, і, хто мог, уцёк у лес. Многія ж засталіся ў сваіх хатах. Iх затым сагналі да школы і выставілі варту, каб не збеглі. I вось з хвіліны на хвіліну павінна была распачацца жудасная расправа. Але раптам прыбыў камендант Дараганаўскага гарнізона і адмяніў смяротную кару.

Замест 84 двароў засталіся толькі папялішчы з пячнымі комінамі і парканы вакол агародаў. А яшчэ — сем хат і школа. Яны і прынялі вяскоўцаў, якім ісці не было куды.

…На Лукаўскіх могілках пахаваны байцы-чырвонаармейцы, у тым ліку радавы В.А.Пракопчык, партызаны П.Т. Купцоў і А.В.Русаковіч.

Помнікі чырвонаармейцам ёсць у Птушычах, Радуцічах.

Паміж Радуцічамі і Градой ва ўрочышчы Мачынск стаіць помнік лейтэнанту Г.А.Манчанку, яго жонцы і сыну. Iх расстралялі ў сорак першым…

Аб трагедыі ў вёсках Бортнае і Мяжное

У архіве школьнага музея захоўваюцца ўспаміны Вольгі Міхайлаўны Гарадзецкай:

bortnae— Адбылося гэта 20 студзеня 1943 года. Той дзень выдаўся золкім. Заканчваліся калядныя святкі. Мама прыхварэла і папрасіла мяне схадзіць да цёткі і прывесці яе да нас. Не паспела адысці недалёка ад вёскі, як убачыла немцаў, якія рухаліся ў бок Бортнага. Хутка яны павыскоквалі з машын, акружылі мясцовасць і пачалі выганяць людзей з хат. Ледзь перастаўляючы хворыя ногі, ішла мама, яе падтрымлівалі дзве сястрычкі, а маленькі брацік бег наперадзе. Тут жа вялі суседку Гэлю і яе дзяцей. Сагналі ў дом Антона Катарскага. Жанчыны плакалі, прасілі, каб адпусцілі дзяцей. Але дарэмна. Загад аддадзены. Усіх зачынілі ў доме, дзверы забілі дошкамі, аблілі будынак бензінам і запалілі… Не дай, Госпадзі, нікому такое бачыць… Калі немцы паехалі, пайшла на пажарышча. Навокал стаяў страшэнны смурод. Думалася: можа, хоць хто-небудзь адгукнецца. Дарма спадзявалася. Ніхто не падаў голас…

Пазней стала вядома, што ўцяклі праз акно Міхаіл Катарскі з сябрам Альфрэдам Вольскім. Схаваўшыся, бачылі, што адбываецца на месцы трагедыі.

mezhnoeАдсюль фашысты паехалі ў Мяжное, што стаяла ўсяго ў кіламетры ад Бортнага. Там учынілі такую ж расправу…

Бортнае пасля вайны так і не аднавілася. Мяжному пашанцавала больш. Там потым чуліся дзіцячыя галасы і дзявочыя песні, на лузе пасліся каровы, а пеўні спевамі будзілі раніцай сяльчан. Але яно таксама перастала існаваць у 90-х гадах: жыхары перасяліліся бліжэй да цывілізацыі. Аднымі з апошніх пакінулі родную вёску Казімір і Фэліна Млынарскія…

На месцы знішчэння людзей стаяць абеліскі. У брацкай магіле Бортнага — 70 жыхароў, Мяжнога — 86.

У гэты ж дзень немцы спалілі вёскі Осы, Калёсы, Старонку, Паршчаху, Белую.

Захавальнік гістарычнай памяці

У 1983 годзе ў Дараганаўскай СШ створаны музей, які праводзіць вялікую патрыятычную работу. У ім сабраны звесткі аб дзейнасці партызанскай брыгады № 161 імя Катоўскага, што пэўны час дыслацыравалася ў гэтых краях. Экспануюцца альбомы з фотаздымкамі і біяграфічнымі данымі, трохвугольнікі з фронту, перыядычныя выданні ваеннага часу, лістоўкі. Ёсць спісы загінуўшых на фронце, у партызанах, знішчаных фашыстамі мірных жыхароў.

Шмат матэрыялаў прысвечана ахвярам фашысцкага генацыду. У архівах музея захоўваюцца ўспаміны М.В.Жарава, У.С.Свярдлова — былых вязняў Крынкаўскага лагера зняволення; копіі допытаў паліцэйскіх. За апошні час фонды папоўніліся ўспамінамі 12 сведкаў падзей Вялікай Айчыннай. У экспазіцыі — творчыя, пошукавыя і навукова-даследчыя работы вучняў. Дзякуючы пошукам музейнага гуртка першага ліпеня 2012 года з Кулевіцкіх могілак перазахаваны ў брацкую магілу, што каля школы, 8 чырвонаармейцаў і 3 партызаны, а таксама астанкі чырвонаармейца з урочышча Шпалы, што за вёскай Востраў.

Пошукавая работа працягваецца…

Падрыхтавала Ніна ВIКТОРЧЫК.

Последние новости

Спорт и туризм

Юные баскетболисты из Осиповичей вернулись с медалями с первенства области

9 октября 2024
Читать новость
Общество

В Осиповичском районе на 1 сентября из 28 600 лицевых счетов 2 131 имел просроченную задолженность по оплате жилищно-коммунальных услуг

9 октября 2024
Читать новость
Культура

В районном историко-краеведческом музее проходит выставка “Осиповичи промышленные”

9 октября 2024
Читать новость
Общество

В Осиповичском свеклоприемном пункте Слуцкого сахарорафинадного комбината идет приемка нового урожая корнеплодов

9 октября 2024
Читать новость
Культура

Экспозицию районного историко-краеведческого музея пополнит коллекция средневекового холодного оружия

9 октября 2024
Читать новость
Общество

Поблагодарили за монумент и попросили содействия в благоустройстве территории. Узнали, как прошла прямая линия Виктора Ананича

8 октября 2024
Читать новость

Рекомендуем