Бярозы зусім не беластволыя — упэўнена асіпаўчанка Святлана Дубініна

Вырабы з бяросты вядомы ў нашай краіне з даўніх часоў. З яе плялі корабы, рабілі посуд, розныя іншыя ёмістасці. Выкарыстоўвалі гэты прыродны матэрыял для вытворчасці вытанчаных жаночых упрыгажэнняў, аксесуараў і нават абутку. Служыла бяроста і для аздаблення жытла.
З цягам часу берасцяныя вырабы саступілі пазіцыі штучным матэрыялам накшталт пластыку. Але ж застаюцца людзі, якім цікава мець справу з гэтым прыродным матэрыялам.
Да такіх можна смела аднесці Святлану Дубініну. Хоць яна родам з Кубані, але, прыехаўшы ў Сінявокую, убачыла мясцовыя бярозкі і не проста захапілася іх прыгажосцю, а разглядзела ў беластволай чысціні цэлую палітру адценняў. Безумоўна, заўважыць гэта можа толькі сапраўдны мастак. А Святлана Анатольеўна ім і з’яўляецца. Яна нейкі час працавала ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, мастацкай школе, навучала дзяцей жывапісу і сама пісала карціны. Таму ствол стромкай бярозы здаўся ёй расфарбаваным дробненькімі мазкамі акварэлі ружовага, салатавага, бэзавага, жоўтага колераў. З гэтага ўсё і пачалося.
Яна з галавой акунулася ў новы для сябе від творчасці. Пісала палатно не фарбамі, а дробненькімі кавалачкамі бяросты, старанна падабранымі па адценні, шчыльнасці, форме. У працэсе работы адчувала, якія шматочкі трэба адрываць для перадачы фактуры ландшафту, каб пейзаж не здаваўся плоскім, а нібы ажываў пад яе рукамі. Кожная работа зроблена пранікнёна, з вялікай любоўю і замілаваннем.
А калі ў наша жыццё прыйшоў інтэрнэт і Святлана Анатольеўна з вучнямі змагла паглядзець майстар-класы па тэхніцы работы з бяростай, яна змагла пераканацца, што распрацаваны ёй алгарытм работы правільны, нібы сама бяроста падказвала, што і як неабходна рабіць.
На першы погляд усе пласты бярозавай кары аднолькавыя, аднак майстрыха адзначае: ёсць такія адценні, за якімі даводзіцца “паляваць” гадамі. Напрыклад, памятае паваленае дрэва, якое ўбачыла гадоў 30 таму на ўзлеску, — такога колеру больш нідзе не сустракала, кавалачкі яго і цяпер захоўвае. “Усе ішлі па грыбы, а я па бяросту, — усміхаецца Святлана Анатольеўна. — Каб знайсці новае адценне. Затое мае работы ніколі не паўтараліся”.
Калі пачала адпраўляць карціны на выстаўкі, яны атрымлівалі самыя высокія адзнакі. Іх ахвотна набывалі, асабліва землякі, якія ад’язджалі жыць у іншыя краіны свету, бо кожнае такое пано ўспрымалі як кавалачак малой радзімы. За гонар лічылі выставіць работы нашай майстрыхі і сталічныя галерэі. Зараз, на жаль, яна стала ствараць менш работ: з-за стану здароўя цяжка рабіць вылазкі ў лес.
Некалькі тысяч берасцяных карцін вырабіла зямлячка. Самая вялікая яе работа захоўваецца дома, яе памер 30х40 см. Падабаюцца ёй і мініяцюры. І зараз больш за акварэль ці алей майстрыха цэніць берасцяную фактуру і непаўторныя ўзоры, якія стварае сама прырода.
Іна Заскевіч.
