Каб дзень прайшоў эфектыўна, важна ісці на работу з пазітыўным настроем, пераканана аператар расфасовачна-ўпаковачнага апарата касметычна-парфумернай фабрыкі “Сонца” Таццяна Брыцько

А галоўная ўмова для гэтага — добры зладжаны калектыў. Магчыма, менавіта камфортныя ўзаемаадносіны з калегамі і кіраўніцтвам і спрыяюць таму, што жанчына працуе на прадпрыемстве амаль з самага яго адкрыцця. Пачынала работу 15 гадоў таму ўкладчыкам-расфасоўшчыкам.
Гэту жанчыну на фабрыцы паважаюць не толькі за яе абаяльнасць і камунікабельнасць, але і адданасць справе. Надзейны чалавек ніколі не падвядзе!
— Звычайна на змене працуе чатыры-пяць аператараў, столькі ж грузчыкаў, 10-12 упакоўшчыкаў, — расказвае Таццяна Валер’еўна. — Усё, у тым ліку і графік, залежыць ад выпускаемых аб’ёмаў. Самае складанае для мяне — усведамленне вялікай адказнасці, пільна сачу за спраўнасцю абсталявання, таксама каб упакоўка не была пашкоджанай або памятай, адсочваю, ці нанесены ўсе неабходныя звесткі — гэта важна. Затое змена праходзіць хутка. Не паспееш аглянуцца, як ужо і вынікі пара падводзіць.
Таццяна асіпаўчанка, зараз з мужам Міхаілам, былым ваеннаслужачым, жывуць у Верайцах. А ў Дражні знаходзіцца дача — дом, які дастаўся ў спадчыну. Ёсць вялікі прысядзібны ўчастак — магчымасць для рэалізацыі сябе ў якасці вясковай гаспадыні. Агародныя клопаты Таццяне Валер’еўне даспадобы, яна любіць працаваць на зямлі, вырошчвае многа ўсялякай агародніны, кветак. Летам на дачу, дзе шмат зеляніны і паветра з асаблівым водарам, любяць прыязджаць дочкі Святлана і Вераніка з дзецьмі Даніілам і Машанькай. Такое вось усіх любімае сямейнае месца.
На пытанне, якімі пральнымі парашкамі карыстаецца, Таццяна Валер’еўна адказала, што пераважна “Марай” альбо April. Свая прадукцыя — гэта раз, канчатковы вынік задавальняе — гэта два. Ды і выгадна набываць сродак у фірменнай краме прадпрыемства, дзе нярэдка бываюць зніжкі. Нашто шукаць штосьці іншае, калі прадукт з праверанай якасцю побач?
— Жыццё таму і цікавае, што разнастайнае, мае шмат бакоў, — разважае суразмоўца. — І варта цаніць тыя гады, калі чалавеку належыць працаваць. Прыйдзе час, калі і адпачываць будзем. Так што хадзіце на работу з задавальненнем!
Валянціна КОРБАЛЬ
