Што рабіць, калі акаўнт у сацыяльнай сетцы або месенджары ўзламалі

— Што рабіць, калі мой акаўнт у сацыяльнай сетцы або месенджары ўзламалі, і як засцерагчы сябе ад кіберзлачынцаў? Багдан С.
Адказвае ўчастковы інспектар міліцыі лейтэнант Міхаіл Кіёк:
— Асабістыя профілі сапраўды ўсё часцей становяцца мішэнню зламыснікаў. Менавіта “жывыя” акаўнты звычайных людзей цэняцца на ценявым рынку вышэй за ўсё: яны валодаюць гісторыяй, выклікаюць давер у спісе кантактаў і дазваляюць злачынцам дзейнічаць максімальна эфектыўна — ашуканцы не толькі крадуць асабістыя дакументы і рэквізіты банкаўскіх карт, але і пачынаюць масава рассылаць паведамленні з просьбамі пра грошы. Пры гэтым сучасныя тэхналогіі дазваляюць ім практычна цалкам капіраваць манеру прамовы ўладальніка старонкі, з-за чаго падман становіцца цяжка распазнаць блізкім і сябрам.
Асноўныя метады ўзлому — выкарыстанне шкодных спасылак, перабор занадта простых пароляў і падключэнне да падазроных кропак Wi-Fi. Каб выбудаваць надзейную абарону, ніколі не пераходзьце па сумніўных спасылках, пры рэгістрацыі на інтэрнэт-рэсурсах не варта прывязваць да іх асноўны профіль у сацсетках. Самым надзейным інструментам абароны застаецца двухфактарная аўтэнтыфікацыя і выкарыстанне складаных пароляў даўжынёй не менш за
14 знакаў.
Калі вы выявілі, што страцілі кантроль над акаўнтам, у першую чаргу неабходна паспрабаваць змяніць пароль і абавязкова завяршыць усе актыўныя сеансы на ўсіх прыладах. Паралельна трэба звярнуцца ў службу тэхпадтрымкі платформы, праверыць прыладу антывіруснай праграмай і адвязаць скампраметаваны профіль ад усіх плацежных сэрвісаў. Толькі асабістая пільнасць і лічбавая дысцыпліна здольны абараніць ад замахаў кіберзлачынцаў.
Соф’я Савайтан
