10 кастрычніка Татарка святкавала дзень пасёлка

Восень традыцыйна лічыцца часам падвядзення вынікаў і абмеркавання планаў. Таму і дата правядзення ўрачыстасці абрана невыпадкова. Афіцыйную частку мерапрыемства адкрыў старшыня Татаркаўскага сельвыканкама Віктар Рамашка.
— Для любога населенага пункта такія мерапрыемствы — гэта і нагода сабрацца ўсім разам, і магчымасць азірнуцца назад і ўбачыць, колькі добрага змаглі зрабіць для роднага краю, — адзначыў у сваёй прамове Віктар Віктаравіч. — Кожнае пачынанне — вынік сумеснай працы, адзінства і клопату аб пасёлку. Таму хочацца падзякаваць кожнаму за актыўнасць. Вы —
сапраўдныя героі, якія імкнуцца зрабіць нашу Татарку ўтульней.
Аднак асаблівыя словы падзякі ў гэты дзень гучалі ў адрас самага старэйшага жыхара населенага пункта Мікалая Барысёнка, якому споўнілася 100 гадоў. Нягледзячы на тое што на долю старажыла выпала вайна (ён з’яўляецца малалетнім вязнем фашысцкіх канцлагераў), Мікалай Іванавіч не страціў жыццёвага аптымізму. Віктар Рамашка ўручыў яго дачцэ Ганне Гардзіенка падзячны ліст і падарунак для ветэрана.
Адзначылі таксама тых, хто змог пабудаваць моцную і дружную ячэйку грамадства: сям’ю Веры і Станіслава Злобіч, якія пражылі разам 52 гады, і Ганну і Міхаіла Раманьковых са стажам сямейнага жыцця ў 51 год. Словы ўдзячнасці пачулі і шматдзетныя пары — Вольга і Аляксандр Грыненя (сем дзяцей), Юлія і Андрэй Койпіш (трое дзяцей).
Са святам жыхароў Татаркі павіншавала ганаровая госця — дырэктар Татаркаўскай сярэдняй школы Святлана Самуцінская. Яна распавяла пра планы школы, новыя праекты, якія дапамогуць развіць творчыя здольнасці ў дзяцей і падрыхтаваць іх да самастойнага жыцця. Святлана Уладзіміраўна падкрэсліла, што школа будзе заўсёды адкрытая для супрацоўніцтва і гатова падтрымліваць ініцыятывы, накіраваныя на паляпшэнне жыцця ў Татарцы.
Якое ж свята без творчасці і вясёлай ярмаркі? У яркім канцэрце з песнямі, вершамі, харэаграфічнымі нумарамі выступілі юныя таленты пасёлка. Музычны падарунак паднёс татаркаўцам вакальны калектыў “Г. Ю. С. О.” Ялізаўскага сельскага Дома культуры, а татаркаўскія і асіповіцкія майстры парадавалі разнастайнымі і цікавымі таварамі.
На такой пазітыўнай ноце завяршыўся дзень пасёлка, але кожны прысутны забраў з сабой яго часцінку — успаміны пра час, праведзены разам, надзею на лепшы заўтрашні дзень і ўпэўненасць у тым, што важна падтрымліваць адзін аднаго.
Агата Зіміна
