Звярніце ўвагу! “Камісіёнка” па запатрабаванні 26.01.10, № 6
Не сакрэт, што ў многіх з нас у шафах ці на паліцах знаходзяцца рэчы, якімі карыстацца ніхто з членаў сям’і ўжо не будзе. Выкінуць іх — рука не падымаецца, добра, калі можна аддаць блізкім або знаёмым. Ці, як правіла, збіраецца гэта ўсё ў вялікую сумку і падчас адной з паездак да бацькоў перадаецца туды, дзе ціха-мірна ўладкоўваецца на гарышчы.
Але ж фінансава гэта не зусім апраўданыя метады: іншы раз бывае, што рэч амаль новая і выкідваць яе шкада. Несці на рынак і прадаваць як “б/у” не дазваляе сціпласць. Можна, канечне, размясціць аб’яву ў газеце або нават у Інтэрнэце, бывае, што другое дыханне вашым рэчам могуць даць старызнікі. Але, пагадзіцеся, што камісійныя магазіны таксама павінны мець права на жыццё. У Магілёве, напрыклад, такі магазін існуе даўно і карыстаецца вялікім попытам у гараджан. Ёсць такія гандлёвыя кропкі і ў Мінску.
Нарэшце з’явілася падобнае і ў нашым горадзе: ААТ “Гандаль” па шматлікіх запытах грамадзян узнавіў работу камісійнай крамы. Знаходзіцца яна ў памяшканні былога хлебнага магазіна, што па вуліцы Каму-ністычнай. Можа, для некаторых і не надта зручнае месца ў параўнанні з былымі часамі, калі крама “жыла” ў падвальным памяшканні Дома быту. Затое зараз і знешне, і ўнутры выглядае яна прэзентабельна. Гандлёвая зала невялікіх памераў утульна размясціла на сваіх стэлажах прынесеныя камітэнтамі рэчы. У асноўным — дарослае і дзіцячае адзенне і абутак. Невялікай колькасцю прадстаўлены гаспадарчыя і спартыўныя тавары, бытавая тэхніка.
— Як правіла, людзі прыносяць тое, што ўжо не выкарыстоўваюць самі, — адзначае загадчыца магазіна Алеся Трацэўская. — Напачатку знеслі ўсё барахло, якое ў каго завалялася ў кватэрах і дамах. Прый-шлося нават многім тэлефанаваць, каб забралі свае рэчы як незапатрабаваныя. Але пасля сітуацыя памянялася да лепшага. Зараз у асноўным прымаюцца на камісію добрыя, хоць і “бэушныя” рэчы.
Акінуўшы вокам тавар, не пагадзіцца з ёй нельга. На плечках — дабраякасныя дублёнкі, разнастайныя сукенкі і кашулі.
Пакуль гутарыла з прадаўцом, дзверы магазіна практычна не зачыняліся. Адзін за адным уваходзілі пакупнікі. Хтосьці прыглядваўся да цэнаў, нехта імкнуўся ў кабіну для прымерак, хтосьці ўжо вы-значыўся з пакупкай.
— Гэта ўжо не першая тут мною набытая рэч, — шчыра прызналася адна з пакупніц. — Мінулы раз засталася задаволена і пакупкаю, і цаной. Ды і сама ўжо паспрабавала зарабіць некалькі тысяч рублёў на здадзенай сюды асабістай маёмас-ці. Вельмі зручная справа.
Па словах Алесі Мікалаеўны, у асноўным такой паслугай карыстаюцца людзі сярэдняга ўзросту. Асаблівы попыт — на добры сезонны абутак, спартыўныя тавары тыпу лыжаў, санак, канькоў, на бытавую тэхніку. Эксклюзіўны тавар — кальян коштам 140 тысяч рублёў. Самую танную рэч можна набыць за дзве тысячы, самая дарагая — дублёнка (300 тысяч). Бывае, што ў магазін трапляюць антыкварныя рэчы накшталт старадаўняга самавара, гадзінніка. Ацэнка праводзіцца на дагаворнай аснове сумесна з гаспадаром. Працэнт зносу не ўказваецца. Калі тавар заляжаўся на паліцы больш за 20 рабочых дзён, ён уцэньваецца на 20%, другая, а калі патрэбна, то і трэцяя ўцэнкі — праз два тыдні па жаданні камітэнта на 30 і 50% адпаведна. Камісійны збор складае 20% ад цаны на момант продажу. Пры здачы на камісію патрабуецца пашпарт.
Безумоўна, кожны з нас сам выбірае, што рабіць з адслужыўшымі свой век рэчамі. Аднак, пагадзіцеся, і такая паслуга неабходная для жыхароў горада — асабліва тых, хто прывык лічыць грошы. Магазін толькі робіць першыя крокі. Хто ведае, можа ў хуткім часе там з’явіцца і букіністычны аддзел, дзе зацікаўлены чалавек зможа набыць сабе патрэбныя кнігі? Напрыклад, тую ж самую прафесійную літаратуру, якая так запатрабавана сярод студэнтаў і абітурыентаў…
Ніна ВІКТОРЧЫК.