V Усебеларускі народны сход адбыўся ў Мінску 22-23 чэрвеня 2016 года

Яго ўдзельнікамі сталі 2,5 тысячы чалавек. Таксама на форум было запрошана каля 150 гасцей, у тым ліку амаль 100 з-за мяжы
«Права чалавека і грамадзяніна на ўдзел у кіраванні справамі дзяржавы — неад’емнае патрабаванне часу. Актыўнасць, з якой жыхары краіны ўключыліся ў падрыхтоўку і правядзенне сходаў у працоўных калектывах, па месцы вучобы, службы, жыхарства, яшчэ раз даказала, што наш з’езд — рэальна дзеючы механізм народаўладдзя», — заявіў Кіраўнік дзяржавы на адкрыцці форуму.
Прэзідэнт адзначыў, што дэвіз «Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь» сімвалізуе пераемнасць і згуртаванасць грамадства дзеля Радзімы. «Беларусы хочуць захаваць мір і спакой у краіне, настроены на стваральную работу ў імя сваёй будучыні і будучага падрастаючага пакалення», — сказаў ён.
На парадку дня сходу — абмеркаванне праекта асноўных палажэнняў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2016-2020 гады. «Гэты дакумент дастаткова аб’ёмны і ахоплівае разнастайныя сферы жыццядзейнасці беларускага народа. Ён накіраваны на салідарныя дзеянні дзяржавы і грамадства ў дасягненні пастаўленых мэт. У ім абгрунтаваны шляхі павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі і якасці жыцця беларускіх грамадзян. Распрацаваны прававыя і сацыяльна-эканамічныя механізмы рэалізацыі пастаўленых задач і прыярытэтаў, адлюстраваны буйнейшыя інвестыцыйныя праекты, якія плануюцца да ўкаранення ў бягучай пяцігодцы», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Галоўным Прэзідэнт лічыць дакладнае бачанне будучыні краіны. «Мы павінны ўдакладніць задачы па рэалізацыі нашага стратэгічнага развіцця. Таму патрэбна крайне шчырая, сумленная і прынцыповая размова», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу, што Усебеларускі сход адбыўся ў адказны перыяд — напярэдадні парламенцкіх выбараў, якія таксама акажуць значны ўплыў на далейшы лёс краіны. «Хачу цвёрда заявіць: ніхто, акрамя беларускага народа, не можа вырашаць, як яму жыць, як развівацца, якім законам быць на нашай зямлі і якім будзе парламент і іншыя органы ўлады. Толькі беларускі народ будзе гэта вызначаць», — нагадаў Кіраўнік дзяржавы.
Адным з дэлегатаў V Усебеларускага народнага сходу пашчасціла стаць Івану Вярыгу, які ў той час узначальваў Вяззеўскі сельсавет. Папрасілі земляка падзяліцца ўражаннямі.
— Памятаю, калі за мяне прагаласавалі на агульным сходзе, адчуў гонар і адказнасць, — расказвае Іван Васільевіч. — На УНС ехалі з прыўзнятым настроем. Узровень арганізацыі форуму прыемна здзівіў і парадаваў. Чарговым сюрпрызам стала вылучэнне мяне ў склад падліковай камісіі. У гэтай якасці меў стасункі са старшынёй праўлення Банка развіцця Рэспублікі Беларусь Сяргеем Румасам, які ў будучым стаў прэм’ер-міністрам краіны. Уся зала была раздзелена на сектары, і мы падлічвалі галасы — кожны ў сваім сектары. Справа адказная, але цікавая. Тую запісную кніжку з паметкамі і зараз захоўваю як памяць аб форуме.
За два дні, што доўжыўся сход, было шмат цікавых сустрэч, карысных знаёмстваў. Запомнілася гутарка з легендарным кіраўніком калгаса «Гігант» Бабруйскага раёна Міхаілам Леваковым. Давялося падзяліцца меркаваннем і з паслом Сербіі Велько Кавачэвічам, які цудоўна размаўляў па-руску. Уразілі яго словы: “Добра жывецца ў вашай краіне: усім хапае работы”, бо ў яго краіне не ўдалося захаваць вытворчасць. Размаўлялі з кіраўніком дахавага завода Мікалаем Калтуновым. Пазнаёміўся я і з прафесарам Ігарам Марзалюком, і калі пасля давялося сустрэцца з ім у Магілёве, размаўлялі ўжо як знаёмыя людзі.
Цікавым прамоўцам аказаўся Мікалай Радаман, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі, старшыня СВК “Агракамбінат «Сноў»”, які дзяліўся вопытам работы. У яго гаспадарцы былі ўласны мясакамбінат, маслазавод, усё прадумана да дробязей.
Безумоўна ж, з вялікай увагай слухаў Прэзідэнта краіны. Запомнілася, што побач сядзелі дэлегаты з Кітайскай народнай рэспублікі, якія таксама слухалі беларускага лідара з вялікай павагай.
Паміж пасяджэннямі мы шмат размаўлялі, разважалі, абменьваліся напрацоўкамі. Многіх зацікавіў вопыт нашага раёна па зборы малака з падворкаў прыватным прадпрымальнікам.
Прайшло дзесяць гадоў. Зараз таксама з цікавасцю сачу за работай Усебеларускага народнага сходу, на якім прымаюцца самыя важныя для будучыні краіны рашэнні.
Ксенія БЕЛЬСКАЯ
