Дзе купіць бульбу ў Асіповічах: цэны, гатункі і парады землякоў

Верасень — пара ўборкі другога хлеба, як з павагай называюць беларусы бульбу.
“Калі поўны засек бульбы, дык і зіма не страшная”, — паведамляе прыказка. А дзе і па якім кошце можна набыць гэты прадукт у нашым горадзе? Каб даведацца, прайшліся па мясцовых гандлёвых аб’ектах.
Пачынаем гастранамічнае падарожжа з гарадскога рынку. Тут у выхадныя прапаноўвалася бульба самых розных гатункаў. “Уладар”, “скарб”, “скарлет”, “гала”, “рагнеда”, “ласунак”, “саціна”, “брыз”, “каралева Ганна” — назвы гучаць як песня. Можна знайсці бульбу рознага колеру, спажывецкіх якасцей. Ёсць і “адрэта” — гатунак, які летась шукалі многія нашы чытачы, нават тэлефанавалі ў рэдакцыю, каб удакладніць, дзе яго набыць. Кошт бульбы на базары рубель за кіло, калі пастарацца, можна і па 90 капеек знайсці, але не ўсе гатункі. Каштоўны бонус: усе прадаўцы прапануюць у той жа дзень і даставіць патрэбную колькасць караняплодаў да самых дзвярэй пакупніка.
Прапаноўвае бульбу і гандлёвая сетка ТАА “Евроопт”. Бульба двух відаў прадаецца па 75 капеек, мытыя клубні даражэй — 2 рублі 39 капеек.
Можна запасціся бульбай і ў крамах “Соседи”. Вагавая каштуе 90 капеек за кілаграм, фасаваная — 1 руб. 12 кап. за кілаграмовую сетку, мытая — 2,29 руб.
На паліцах “Капеечкі” знайшлі бульбу па 75 капеек, а вось у “Маяку” — па 69 капеек. Спажывецкая кааперацыя завезла ў “Родны кут” бульбу па 1 руб. 54 кап. А вось у павільёне “Садавіна, агародніна” насупраць стадыёна “Юнацтва” можна набыць каштоўны прадукт за 1 руб. 60 кап.
Падсумоўваем. На сёння самая танная бульба ў “Маяку”, найбольшы выбар гатункаў прапаноўвае рынак, з якога тавар будзе дастаўлены дадому. Дарэчы, у магазінах, дзе дзейнічае дысконтная праграма для ўразлівых катэгорый насельніцтва, па адпаведных картках можна набыць бульбу на некалькі капеек дзешавей, бо адносіцца яна да сацыяльна значных тавараў, цэны на якія знаходзяцца пад дзяржаўным рэгуляваннем.
Выбар ёсць. Так што нарыхтоўвайце бульбу і гатуйце з яе ўсё, што душа пажадае. Памятаеце, колькі бульбяных страў прапаноўвала гераіня фільма “Дзяўчаты” Тося Кісліцына? ”Смажаная, адварная, пюрэ. Далей — бульба фры, бульба пай. Бульбяныя піражкі з мясам, з грыбамі, з капустай, бульбяны рулет, запяканка…” і, зразумела, дранікі.
Папрасілі землякоў падзяліцца думкамі пра бульбу, стравы з яе, адносіны да работы на агародных палетках.

Валерыя Лямешка з дачкой Дзіянай:
— Мы вырошчваем бульбу на дачы ў Паташні. І хапае нам яе на ўвесь год, не даводзіцца купляць. Свая, безумоўна, смачней, чым з магазіна, добра разварваецца. Дзеці любяць бульбу па-вясковаму, фры. Частую родных бульбяной запяканкай з мясам, аладкамі з бульбы і кабачкоў. Але самыя смачныя стравы гатуе мая свякроў Вера Паўлаўна. У яе асаблівы кулінарны талент, а стравы атрымліваюцца лепш, чым у рэстаранах.

Анатоль Жураўлёў:
— У райцэнтры пражываю ўжо 52 гады, наш дом знаходзіцца на вуліцы Калініна, а сам я з Чэрвеньскага раёна. На бульбе, можна лічыць, вырас. У дзяцінстве разам з сям’ёй апрацоўвалі ўчастак у дзесяць сотак, у школе і інстытуце рэгулярна ездзілі на ўборку ўраджаю, шмат радасных успамінаў звязана з тым часам. Зараз таксама на прысядзібным участку садзім бульбу. Люблю смажаную, дранікі, бульбяное пюрэ. Ем гэтыя стравы амаль штодзённа.

Валянціна Барабанава і Лідзія Мірончык:
В.Б.: — Бульбу набываем на міні-базарчыку непадалёку ад дома ў адной гаспадыні. Бяром па некалькі кілаграмаў. А на зіму запасы не робім, бо падвал у нашай пяціпавярхоўцы сыры, там цяжка захоўваць агародніну, ды і не патрэбна нам вялікая колькасць прыпасаў, можна купіць па меры неабходнасці. З бульбы гатую калдуны, смажу з грыбамі, вару, запякаю ў духоўцы. А ўнукі перавагу аддаюць бульбе фры. Калісьці я працавала на заводзе аўтамабільных агрэгатаў, тады мы нарыхтоўвалі бульбу ў падшэфным калгасе “Лапічы”, дапамагалі гаспадарцы ўбіраць ураджай. Без бульбы не абыходзіліся ніколі — гэта асноўны прадукт для беларусаў.
Л.М.: — А я родам з Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі. У нас было даступным мяса мядзведзя або аленя, а вось бульба каштавала дорага, таму яна не займала значнага месца ў харчаванні. Калі сын прывёз мяне сюды, змагла па-новаму ацаніць разнастайнасць бульбяных страў. Часта з суседкай ходзім адна да адной у госці, частуемся ў тым ліку і бульбай, па-рознаму прыгатаванай. Без яе цяпер ніяк.

Уладзімір Галаганаў:
— Мае бацькі жывуць у вёсцы Ручай, а я са сваёй любай дзяўчынай — у Цэлі. Бульбу бяром у бацькоў, ну і садзіць ды капаць яе, само сабой, дапамагаем, бо агарод вялікі. Нішто іншае з прадуктаў харчавання не ўжываем так часта, як бульбу.

Ірэна Пастэрняк:
— Хоць прытрымліваюся здаровага харчавання, час ад часу набываю ў магазіне бульбу. Стараюся ўжываць у ежу яе паменей, але які ж супчык без бульбы ды морквы? Раблю і дранікі. А дзеці любяць фры, для гэтай стравы спецыяльна наразаю бульбу лустачкамі і замарожваю ў маразільнай камеры, а затым застаецца толькі дастаць паўфабрыкат і прыгатаваць у закіпеўшым алеі. Акрамя традыцыйных страў, неяк у гасцях спрабавала бульбяныя цэпеліны — таксама спадабаліся: не горш за дранікі. Яшчэ з настальгіяй успамінаю, як калісьці ў школьныя гады ездзілі на ўборку бульбы, а затым запякалі клубні на вогнішчы. Ні з чым непараўнальны смак дзяцінства!

Алена Логвін:
— Жыву з сям’ёй у Вяззі. У мяне сямёра дзяцей, бульбу любяць усе. У нас нават кот і сабака — бульбашы, ахвотна спажываюць бульбяныя стравы, а макароны есці не хочуць. Дзеці любяць вараную бульбу з малаком, смажаную з салам, робяць з яе чыпсы.
Любы гатунак бульбы з цягам часу трэба мяняць, уплывае на ўраджайнасць таксама якасць глебы, а яшчэ клімат. Напрыклад, сын вясной узяў у Екацярынбург дзве сеткі бульбы “адрэта”, пасадзіў там і нядаўна з радасцю паведаміў, што вырас небывалы ўраджай і клубні вельмі буйныя. Відаць, змена клімату пайшла на карысць.
Цікавостка
На большай частцы Беларусі бульбу дзяруць. На Гродзеншчыне, Брэстчыне і Палессі кажуць не “драць бульбу”, а “церці бульбу”. На поўдні Гродзеншчыны бульбу шаруюць. У цэнтральнай Беларусі распаўсюджаны выраз “таркаваць бульбу”.
А як жа чысціць бульбу па-беларуску? На Гомельшчыне бульбу лупяць. На Магілёўшчыне і ў цэнтральнай Беларусі — чысцяць. У цэнтральнай Беларусі, на Гродзеншчыне і Брэстчыне — абіраюць. А таксама на Міншчыне можна пачуць, што бульбу стругаюць і абразаюць. На поўдні Міншчыны і Віцебшчыне бульбу скрабуць і скабляць.
Іна Заскевіч
