Абярэг ад жыццёвых нягод

Моцныя сямейныя традыцыі і сапраўдныя маральныя каштоўнасці — вось што аб’ядноўвае сям’ю і стварае надзейны падмурак для выхавання малодшага пакалення. Нездарма ў Дзень народнага адзінства ў мясцовым загсе віталі дзве сям’і, якія нядаўна атрымалі статус шматдзетных. Іх чакаў прыемны падарунак.
1 чэрвеня, у Дзень абароны дзяцей, у краіне стартаваў рэспубліканскі праект “Трэці — Бацькаў”, у ходзе якога сем’ям, у якіх нараджаецца трэцяе дзіця, уручаецца «Бацькава кашуля».
На Асіповіччыне першымі падарунак Прэзідэнта атрымалі асіпаўчане Вольга і Валерый Аляшкевіч, якія працуюць медсястрой і чыгуначнікам, а таксама жыхары рабочага пасёлка Ялізава Святлана і Рыгор Дз’ячковы, работнікі санаторыя «Свіслач» і філіяла «Ялізава» Гродзенскага шклозавода адпаведна.
Яны сталі ўдзельнікамі праекта «Трэці — Бацькаў», які рэалізуецца партыяй «Белая Русь» сумесна з Міністэрствам аховы здароўя, Міністэрствам юстыцыі і канцэрнам «Беллегпрам». Праект накіраваны на павышэнне прэстыжу шматдзетнай сям’і і ўмацаванне сямейных каштоўнасцей.
У сям’і Аляшкевіч падрастаюць сямігадовы Цімафей і чатырохгадовы Кірыл, а зараз у хлопчыкаў з’явілася сястрычка Адэліна. У сям’і Дз’ячковых цяпер выхоўваюцца 11-гадовы Арсеній, чатырохгадовая Вікторыя і маленькая Ангеліна.
Шчаслівых бацькоў віталі старшыня райвыканкама Геворг Мелканян, старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Рыжанкоў, намеснік старшыні райвыканкама Ганна Землянухіна, старшыня раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Юрый Данянкоў.
Новая рэспубліканская традыцыя вельмі цёплая і душэўная. Ільняная распашонка, пашытая на адным з тэкстыльных прадпрыемстваў краіны з улікам усіх патрабаванняў да адзення нованароджанага, можа стаць і хрысцільнай кашуляй, свайго роду абярэгам, які будзе забяспечваць духоўную абарону і перадавацца з пакалення ў пакаленне.
Незвычайны прадмет гардэробу сем’і атрымалі ў куфэрку разам з легендай, створанай спецыяльна для гэтага праекта доктарам філалагічных навук, прафесарам Ірынай Казаковай.
«Каб зберагчы дзіця ад бед і ад пакут, / Каб усе няшчасцi і хваробы абмінулi, / Спрадвеку продкі ведалi сакрэт: / Тут дапаможа бацькава кашуля”, — гаворыцца ў тэксце.
Дарэчы, у Дзень народнага адзінства ў раёне на адну сям’ю стала больш — шлюб зарэгістравалі асіпаўчане Ірына Варанкова і Ягор Шатохін.
Кацярына Іванова
